Без апазыцыі ў Раду Эўропы Беларусь ня пусьцяць

Сяргей Мартынаў і Ёран Ліндблад

У Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы знойдуць магчымасьць уключыць у беларускую дэлегацыю ў ПАРЭ прадстаўнікоў апазыцыі. Пра гэта старшыня палітычнага камітэту ПАРЭ Ёран Ліндблад заявіў сёньня пасьля перамоваў у Менску зь міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым.



Паводле міністра замежных спраў Беларусі Сяргея Мартынава, на перамовах былі абмеркаваныя праблемы, якія існавалі паміж ПАРЭ і Беларусьсю, а таксама будучыня стасункаў і магчымасьці супрацоўніцтва паміж абодвума бакамі, якое можа наблізіць гэту будучыню. Ён выказаў надзею на працяг дыялёгу, найперш паміж ПАРЭ і Палатай прадстаўнікоў.

Андрэа Рыгоні паказвае торбу, у якую зьбірае дакумэнты для дакладу па Беларусі, якія павінен прагучаць на сесіі ПАРЭ летам.
Старшыня палітычнага камітэту ПАРЭ Ёран Ліндблад адзначыў, што адбылося цікавае абмеркаваньне сытуацыі падчас сустрэчаў з кіраўніцтвам Нацыянальнага сходу і іншымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, а таксама прадстаўнікамі апазыцыі. Ён адзначыў, што бакі не ўва ўсім згодныя, але трэба ісьці да дыялёгу.

“Учора па тэлевізіі было сказана, што Беларусь выканала ўсе крытэры для адпаведнасьці стандартам ПАРЭ. Гэта не зусім так. Магчыма, спадар Рыгоні лепш раскажа пра сытуацыю, неабходную для аднаўленьня адмысловага статусу. Прынцыповае пытаньне — уключэньне апазыцыі ў склад дэлегацыі беларускага парлямэнту. І мы знойдзем спосабы ўключыць апазыцыю ў гэтую дэлегацыю. Вядома, гэта прадмет далейшай дыскусіі. Самае галоўнае, мы спадзяемся, што зможам працягваць працэс і што ў будучыні Беларусь стане паўнавартасным сябрам Рады Эўропы. І да гэтага трэба ісьці крок за крокам. Я выказваю аптымізм, давайце весьці дыялёг далей”.

Паводле Сяргея Мартынава, пакуль ніякіх дамоўленасьцяў у Менску не было дасягнута.

Сяргей Мартынаў і Ёран Ліндблад
“І наш пункт гледжаньня палягае ў тым, што парлямэнцкая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь можа быць толькі парлямэнцкай дэлегацыяй Рэспублікі Беларусь”.

Сяргей Мартынаў нагадаў, што заяўка Беларусі на аднаўленьне статусу “адмыслова запрошанага” была пададзена некалькі гадоў таму і дагэтуль не разгледжана. Маўляў, “мы нікога ні пра што ня ўпрошваем”. Паводле спадара Ліндблада, пытаньне аднаўленьня статусу будзе абмяркоўвацца ў ПАРЭ ў чэрвені, а 11 сакавіка — у Парыжы.

На пытаньне, ці можна аднавіць статус “адмыслова запрошанага”, калі ў склад дэлегацыі ня будзе ўключана беларуская апазыцыя, спадар Ліндблад адказаў:

“Такі варыянт ня пройдзе галасаваньня ў ПАРЭ, нават калі я і спадар Рыгоні паспрабуем гэта зрабіць. Мы ўсё ж павінны знайсьці практычны спосаб, каб уключыць апазыцыю ў дэлегацыю”.

Спадар Ліндблад нагадаў, што Беларусь — адзіная краіна ў Эўропе, якая не ўваходзіць у склад Рады Эўропы. ПАРЭ запрашае беларускую дэлегацыю і таму сама вызначае яе фармат.



Дэлегацыя ПАРЭ ў складзе дакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні (Італія), старшыні падкамісіі па Беларусі Сініка Хурскайнэн (Фінляндыя), старшыні палітычнага камітэту ПАРЭ Гёрана Ліндблада (Швэцыя)

Дэлегацыя ПАРЭ ў складзе старшыні палітычнага камітэту ПАРЭ Ёрана Ліндблада (Швэцыя), старшыні падкамісіі па Беларусі Сінікі Хурскайнэн (Фінляндыя) і дакладчыка па Беларусі Андрэа Рыгоні (Італія) знаходзіцца зь візытам у Беларусі ад 16 лютага. Мэта візыту — абмеркаваньне “пэрспэктываў разьвіцьця канструктыўнага дыялёгу з Радай Эўропы і яе Парлямэнцкай Асамблеяй у пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону”. Дэлегацыя сустракаецца з прадстаўнікамі як уладаў, так і дэмакратычнай апазыцыі. Парлямэнтары правялі перамовы зь першым намесьнікам кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальляй Пяткевіч, кіраўнікамі абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу Ўладзімерам Андрэйчанкам і Барысам Батурам, міністрамі юстыцыі, адукацыі і замежных спраў, старшынямі Вярхоўнага і Канстытуцыйнага судоў, Генэральным пракурорам і іншымі асобамі. Сёньня заплянавана сустрэча з прадстаўнікамі няўрадавых арганізацый, сярод якіх Малады фронт.