Улада дзеліць апазыцыю на “бітых” і “нябітых”?

Віталь Цыганкоў
Ці адрэагуе Захад на разгон “акцыі любові” 14 лютага, ці могуць жорсткія дзеяньні міліцыі нэгатыўна паўплываць на дыялёг паміж Эўропай і афіцыйным Менскам? Ці можна сказаць, што ўлады праводзяць выразную розьніцу паміж статуснай, партыйнай апазыцыяй і моладзевымі структурамі, стаўленьне да якіх застаецца далёка не лібэральным? Гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы Экспэртыза Свабоды абмяркоўваюць палітоляг Юры Чавусаў і публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў
: “Жорсткі разгон «Акцыі любові», якую праводзіў 14 лютага «Малады Фронт», адбыўся якраз на наступны дзень пасьля заканчэньня візыту міністра замежных спраў Сяргея Мартынава. Звычайна заходнія палітыкі і праваабарончыя структуры даволі рэзка рэагуюць на падобныя падзеі. Але, прынамсі на момант запісу нашай перадачы, пакуль не было чуваць пра нейкія заявы з нагоды 14 лютага, У чым тут справа? У тым, што зьмянілася стаўленьне да дзеяньняў афіцыйнага Менску? Ці што проста маштабы акцыі 14 лютага не вымагаюць якой-небудзь рэакцыі?”

Падзеі 14-га лютага не пашкодзяць дыялёгу Менску і Эўропы

Юры Чавусаў
Чавусаў: “Абедзьве вашы тэзы будуць справядлівымі. З аднаго боку, і акцыя была ня самая маштабная, шматлюдная, каб істотна паўплываць на камунікацыі Менску з Захадам.

Зь іншага боку, мы назіраем тое, што прадказвалі аналітыкі. У сытуацыі, калі вядзецца дыялёг па некаторых пытаньнях, у тым ліку свабоды сходаў — узьнікаюць выпадкі, калі сам «дыялёг» робіцца больш каштоўным, чым магчымыя дасягненьні падчас гэтага дыялёгу.
Сам «дыялёг» робіцца больш каштоўным, чым магчымыя дасягненьні падчас гэтага дыялёгу.
Раней падобнага маштабу акцыі выклікалі абурэньне з боку некаторых эўрапейскіх палітыкаў. Цяпер мы такога ня бачым, і, найхутчэй, падзеі 14 лютага не паўплываюць істотна на дачыненьні Менску з Захадам“.

Цыганкоў: “Давайце паспрабуем змадэляваць сытуацыю. Якое разьвіцьцё падзеяў 14 лютага магло б усё-такі выклікаць пратэст Эўропы? Калі б, напрыклад, 20 удзельнікаў акцыі былі арыштаваныя, была б нейкая рэакцыя?”

Чавусаў: “Мяркую, што так. Калі людзі знаходзіцца за кратамі, то гэта вымагае ад эўрапейскіх палітыкаў нейкай рэакцыі. Бо побач з палітычнай мэтазгоднасьцю і імкненьнем наладжваць адносіны з Беларусьсю існуе ціск з боку грамадзянскай супольнасьці і з боку апазыцыйных палітыкаў унутры Эўропы. Апазыцыя скажа — «глядзіце, з кім вы вядзёце дыялёг, там ёсьць палітзьняволеныя». У такой сытуацыі эўрапейцы вымушаныя былі б устрымацца ад найбольш значных праяваў публічных кантактаў зь беларускім рэжымам. Напэўна, гэта не паўплывала б на рэальную камунікацыю, але зрабілі б яе больш прыцішанай, кулюарнай. Разгон мірнай моладзевай акцыі з затрыманьнямі, з ужываньнем спэцсродкаў мог бы пашкодзіць дыялёгу. Падзеі 14-га лютага — думаю, не, не пашкодзяць”.

Цыганкоў: “Міліцыянты маглі зусім не кранаць удзельнікаў «Акцыі любові». 100 чалавек прайшлі б спакойна сваім маршрутам, ніякай пагрозы грамадзкаму спакою яны не ўяўлялі..Чым можна патлумачыць разгон акцыі, якое пасланьне ўлада тым самым дае грамадзтву?”

Пасланьне — дазаваная брутальнасьць

Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: “Меркаваць, што нейкія грубыя сілавікі дзейнічалі паводле сваёй ініцыятывы — не выпадае. Бо мы памятаем, калі была ўстаноўка «не чапаць», то апазыцыя разгульвала нават па Кастрычніцкай плошчы — і «касманаўтаў» у шлемах не было відаць. Так што тут наўмысна была ўжыта дазаваная брутальнасьць. Ва ўсякім разе, акцыя была несанкцыянаваная, і ўлады могуць сказаць эўрапейцам: «у вас таксама разганяюць, калі натоўп пачынае надта вольна сябе паводзіць».

Эўропа гатовая трошкі прыплюшчыць вочы на такую тактыку «дробнага фолу».
Уладамі таксама ўлічваецца тое, што сёньня Эўропа, калі казаць коратка, гатовая трошкі прыплюшчыць вочы на такую тактыку «дробнага фолу», бо вельмі важна ўсё ж працягваць дыялёг і нармалізацыю дачыненьняў.

Так што ў гэтых падзеях два мэсіджы. Першы — апазыцыі. Маўляў, ня думайце, што вам цяпер усе дазволена — усе тут па-ранейшаму. Гэта мы для Захаду ствараем дэкаратыўную карцінку, а вас па-ранейшаму будзем трымаць у руках.

Другі мэсідж — вэртыкалі. Афіцыйны лідэр пра гэта даволі выразна сказаў, калі наведваў Ліду. Ён жорстка ахарактарызаваў грамадзка-кансультацыйную раду, якая яшчэ не пачала нават сваю працу. Але ўжо было сказана, што гэтыя людзі нічога новага ня скажуць, і «брудныя ідэі» ім праштурхоўваць ня ўдасца. Я думаю, гэта наперш накіравана вэртыкалі, якая можа разгубіцца, ня ведаючы, што рабіць — ці ганяць, як заўсёды, ці круглыя сталы арганізоўваць. Ды вось, сказана — нічога па-сутнасьці не мяняецца. Так, ёсьць гульня з Эўропай, але «мы па ранейшаму павінны не дапускаць ніякай гнілой дэмакратыі»”

Цыганкоў: “Улады праводзяць выразную розьніцу паміж статуснай, партыйнай апазыцыяй і моладзевымі структурамі, стаўленьне да якіх застаецца далёка не лібэральным. Да чаго гэта можа прывесьці?”

На што павялася тытульная апазыцыя?

Чавусаў: “Такое рознае стаўленьне да вулічных байцоў і кабінэтнай апазыцыі было заўжды. Але цяпер гэта стала больш яскрава відаць — калі ствараюцца органы грамадзкага дыялёгу, у які дапускаецца кабінэтная апазыцыя, а адначасова праводзіцца гвалтоўны разгон акцыяў моладзі. Можа, яны самі па сабе ня вельмі значныя, але
Пасьпяховае правядзеньне акцыі 14-га лютага магло б справакаваць больш масавыя акцыі, напрыклад, на 25 сакавіка.
пасьпяховае правядзеньне акцыі 14-га лютага магло б прадэманстраваць патэнцыял да вулічнай актыўнасьці моладзевых груповак і, магчыма, справакаваць больш масавыя акцыі, напрыклад, на 25 сакавіка.

Але калі раней і вулічная актыўнасьць і кабінэтная аднолькава не прыводзіла ні да якіх вынікаў, то цяпер мы бачым, што ўлады ствараюць магчымасьці, каб апазыцыйныя актыўнасьць скіроўвалася ў бок дыялёгу, грамадзкіх кансультацыяў. Мы цяпер бачым, што нават тая частка статуснай апазыцыі, якая скептычна ставілася да дыялёгу, — пачала ў гэтыя гульні гуляць. А моладзевыя групоўкі, якія ставяць на вулічную актыўнасьць — іх будуць адсякаць, каб яны не набылі папулярнасьць“

Класкоўскі: “Напачатку я паставіў бы такое пытаньне: а каго з тытульнай апазыцыі ўключылі ў гэтую Раду? Фактычна нікога. Тут шмат шуму зь нічога. Акрамя Станіслава Багданкевіча, які зьяўляецца ганаровым старшынём АГП, там нікога няма. Гэта даволі сымбалічная пасада, да таго ж яго ўключылі найперш як прафэсара, фінансіста, а не палітыка. Там ёсьць экспэрты, прадстаўнікі трэцяга сэктару. І мне здаецца, тытульныя апазыцыянэры троху павяліся на гэтую вуду.

І так апазыцыя была ня надта зьяднаная, а зараз вакол гэтай Рады адбываецца бойка за «пусты мех». Яна адцягвае сілы, эмоцыі, не спрыяе асэнсаваньню сутнасьці сытуацыі. Натуральна, трэба спакойна і рацыянальна выкарыстоўваць кожны шанец на перамены, але разам ў тым не ўпадаць у ілюзіі. Тут больш спадзяваньне на нейкія зьнешнія і форс-мажорныя чыньнікі, якія прымусяць уладу ісьці далей, чым ёй хацелася б”.