Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня біце нагой у твар!..”


Рэпартажы з “Акцыі любові” ў жывым эфіры.




18:20 У гэты момант на плошчы Якуба Коласа прыкладна каля сотні актывістаў –пераважна “Маладога Фронту”, а таксама прадстаўнікі іншых моладзевых арганізацый, такіх як “Джынс за Свабоду“, таксама прадстаўнікі Руху “За Свабоду”, ёсьць палітыкі ­ Мікола Статкевіч, прыйшлі жанчыны з КХП БНФ. На плошчы прыблізна столькі ж супрацоўнікаў міліцыі – байцы спэцназу ў цывільным, пад'ехала машына з гукаўзмацняльнай тэхнікай, яны папярэджваюць натоўп аб тым, што маладафронтаўцы не атрымалі дазвол на правядзеньне акцыі. Яны спасылаюцца на тое, што нельга зьбірацца каля станцыі мэтрапалітэну.

Маладафронтаўцы разгарнулі расьцяжкі, на якіх напісана “Акцыя любові”, “Малады Фронт”. У гэты момант праводзіцца віктарына, яны раздаюць сьвяточную лятарэю, якая будзе разыграная ўжо на канцы шэсьця.

Маладафронтаўцы сказалі, што ў любым выпадку шэсьце адбудзецца, нягледзячы на тое, што ўжо сёньня адбыліся ператрусы на кватэрах моладзевых актывістаў – у іх забралі расьцяжкі, бэнгальскія агеньчыкі. Перад самым пачаткам акцыі ў Тацяны Шапуцькі забралі спачатку шмат балёнікаў – каля пяці дзясяткаў, але потым міліцыянты аддалі балёнікі, але яны пыталіся ў фірмы, якая прывезла – як тыя рашыліся прадаць сваю прадукцыю незарэгістраванай арганізацыі. У фірме казалі, што аб гэтым нічога ня ведалі і нават прапанавалі маладафронтаўцам узяць усю прадукцыю бясплатна.

Пакуль затрыманьняў не было, але вельмі шмат супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным з так званага “Аддзелу дакумэнтаваньня”. Яны маюць пры сабе камэры, і камэраў на плошчы – акрамя журналісцкіх – міліцэйскіх тут каля дзясятка. Здымаюць кожнага, здымаюць журналістаў, здымаюць усіх, хто падыходзіць да натоўпу.

Лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, усіх здымаюць на відэа, але нікога не затрымліваюць. Няма ланцугоў са спэцназам, як гэта звычайна бывае на Кастрычніцкай плошчы. І вось празь некалькі хвілінаў маладафронтаўцы сказалі, што яны пройдуць сьвяточным шэсьцем па праспэкце Незалежнасьці ў бок плошчы Свабоды...



19:03 Моладзевыя актывісты падыйшлі да ланцугу спэцназу міліцыі, які стаяў на праспэкце Незалежнасьці. Яны пачалі прасіць, каб іх прапусьцілі па праспэкце, і пачалі сьпяваць “Магутны Божа”.

У гэты момант адбылася каманда, і спэцназ пачаў зьбіваць маладзёнаў. Дзяўчат і хлопцаў кідалі на асфальт, у іх павырывалі сьцягі. Міліцыянты – у асноўным гэта былі афіцэры, кіраўнікі міліцыі – ламалі дрэўкі ад сьцягоў. Ёсьць шмат зьбітых, дзяўчаты зьбітыя, куртка ў Зьмітра Дашкевіча моцна парваная. У той момант, калі пачалася “зачыстка”, пад'ехала машына з гукаўзмацняльнай тэхнікай, а перад гэтым чуўся загад “Апаратуру сюды!” - загадаў намесьнік кіраўніка менскай міліцыі - і пад'ехала машына. Спачатку яны ўключылі нейкую музыку, каб людзі ня чулі...

І вось зараз новы этап “зачысткі”, яны кінуліся на маладзёнаў, пачалі зьбіваць. Людзі, якія вырваліся з ачапленьня, скандуюць “Жыве Беларусь”. Маладзёнаў разганяюць вельмі жорстка, зьбіваюць нават жанчын сталага ўзросту...

Загадалі людзям завесьці машыны, кіроўцы аўтамабіляў намагаюцца ад'ехаць з плошчы... Зьбіваюць, цягнуць па асфальце людзей... Пацягнулі Міколу Дземідзенку... Нагой па твары ня біце!!!... Ён ня можа ўстаць, яны яго зьбілі, магчыма дубінкамі... зараз яны яго зьбілі нагамі... Ён ужо ня можа ўстаць сам... Адбываецца вельмі жорсткая “зачыстка”, вы чуеце, як крычаць людзі... Зьбіваюць непаўналетнюю Алену Макарэвіч, амонавец вельмі моцна ўдарыў дзяўчынку па твары некалькі разоў.

Усё гэта адбываецца на вачах мінакоў, людзі абураюцца, крычаць “Фашысты!” Міліцыянты закрылі машынамі праход на вуліцу Якуба Коласа, дзе ходзяць трамваі. Людзі глядзяць, пад'ехала шмат аўтазакаў. Зьбіцьцё працягваецца...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG