У пятніцу раптоўна спынілася сэрца ў паэта, празаіка, публіцыста і перакладчыка Валянціна Тараса.
9 лютага ён адсьвяткаваў свой 79 год нараджэньня. Нібы прадчуваючы свой хуткі адыход, ён сказаў тады ў інтэрвію нашаму радыё, што баіцца, што не пабачыць ужо вольнай, заможнай і вясёлай Беларусі.
“Я ўжо ў такім узросьце, калі не пра сябе думаю і не сваімі марамі і жаданьнямі заклапочаны, а сваіх дзяцей, свайго ўнука, каб іхнія мары зьдзейсьніліся. І перадусім, каб яны дажылі да той Беларусі, пра якую я заўсёды марыў і сёньня, вядома, мару, але баюся, што я ўжо па-сапраўднаму такімі здаровымі маладымі вачыма яе ня ўбачу. Той Беларусі, пра якую мы марым, Беларусі заможнай, вясёлай не пахмурнай краіны, Беларусі, дзе запануе нарэшце ва ўсіх куточках наша мова, расквітнее па-сапраўднаму наша культура”.
Валянцін Тарас нарадзіўся ў 1930 годзе ў Менску ў сям’і мастака. У гады вайны трынаццацігадовым хлопчыкам пайшоў у партызаны. Па вайне скончыў факультэт журналістыкі БДУ. З 1955 да 1962 працаваў у рэдакцыі газэты “Звязда”, з 1964 да 1967 – рэдактарам аддзелу прозы часопісу “Нёман”, з жніўні 1968 г. – на “вольным хлебе”.
Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру. Аўтар кніг паэзіі (“Две тетради”, “Пазыцыя”, “Колеры” і інш.), прозы (“Прощальные костры”, “Дань времени”), мэмуараў (“На высьпе ўспамінаў”), разам з Карласам Шэрманам пераклаў на расейскую мову раман “Восень патрыярха” Габрыэля Гарсія Маркеса. Менавіта Валянціну Тарасу Васіль Быкаў даверыў перакласьці на расейскую мову сваю апошнюю кнігу “Доўгая дарога дадому”.
Уладзімер Някляеў: “Сьмерць — такая рэч, што чакай ты яе, не чакай, яна прыходзіць раптоўна. Так сталася і з Валянцінам Тарасам. У панядзелак я віншаваў яго з чарговым, ужо не маленькім днём народзінаў. Дамаўляліся сустрэцца. Але вось ужо гэта сустрэча не адбудзецца, на жаль, ніколі…
Я любіў яго. Яго многія любілі. Яго было за што любіць. Гэта быў няўрымсьлівы, шчыры ў сваіх сумненьнях, у сваіх пошуках. Ён ня быў цьвердалобым, ён мог з маладымі раіцца, яго заўсёды можна было пераканаць, калі гэта нешта слушнае. Ну і ён быў вельмі таленавіты літаратар. За ім цэлая школа, асяродак быў своеасаблівы, куды ўваходзілі людзі інтэлектуальныя. Вельмі шкада, што яго ня стала, старэйшыны нашага літаратурнага цэху. Чалавека, які так шмат зрабіў. Чалавека, які ня так мала і пажыў, але здаецца, што мог яшчэ жыць і жыць”.
Сяргей Законьнікаў: “Я вельмі любіў гэтага чалавека. Ён умеў у сваёй асобе спалучыць выдатнага апавядальніка, вельмі харошага празаіка і паэта. Прычым спалучаюцца гэтыя таленты мастацкія з чалавечымі талентамі. Я Валянціна Яфімавіча памятаю, калі я быў яшчэ студэнтам. Я помню яго, калі мы стаялі ў садзе Рыгора Барадуліна, там падалі яблыкі ў траву, і мы гаварылі з Грышам пра нашу зямлю, што такое наша Беларусь, што мы робім на гэтай зямлі. І Валянцін Яфімавіч вельмі дасьціпна, прыгожа, можа быць, нават сарамліва ўстаўляе свае словы ў гэтую гаворку. Вельмі добра было слухаць яго, вельмі добра было быць у гэтым барадулінскім садзе разам з Валянцінам Яфімавічам.
Я дзякую лёсу, што ён зьвёў мяне з Валянцінам Яфімавічам, што я на працягу доўгіх гадоў сябраваў зь ім. Калі там, у лепшым сьвеце, нешта аддаецца камусьці, то трэба аддаць належнае гэтаму цудоўнаму чалавеку. Хай яму будзе там добра...”