Крызіс: армія эканоміць на парашутах і камізэльках

Беларускія прадпрыемствы цярпяць і ад крызісу ў Расеі, і ад зьніжэньня попыту у сваёй краіне. Пра факты гэтага паведамляюць з рэгіёнаў карэспандэнты “Свабоды”.

МАГІЛЁЎ


Магілёўскае акцыянэрнае таварыства “Магатэкс” у студзені апынулася ў ліку тых прадпрыемстваў, якія зьнізілі вытворчасьць.

Пад пытаньнем застаецца выкананьне пляну і ў лютым. Прадпрыемства спадзяецца на заказы беларускіх і расейскіх вайскоўцаў. Магілёўскія тэкстыльшчыкі гатовыя вырабляць тканіну для парашутаў і бронекамізэлек.

Аднак беларускае й расейскія міністэрствы абароны адклалі адпаведныя тэндэры на няпэўны час.

Як удалося высьветліць, калектыў прадпрыемства, у тым ліку й пэрсанал завадзкой управы, працуюць цяпер няпоўны тыдзень. Кіраўніцтва запэўнівае, што скарачаць работнікаў не плянуе.

Тэндэры былі выйграныя, але заказаў не паступае

Цяжкасьці на прадпрыемстве яно зьвязвае зь неспрыяльнай сытуацыяй на замежных рынках тэкстылю. Зь ёю магілёўскія тэкстыльшчыкі сутыкнуліся яшчэ ў кастрычніку. Тады замежнікі не далі прадпрыемству выканаць сорак працэнтаў выйграных тэндэраў.

“Мы ўсё ж вялікае прадпрыемства й разьлічваем на выпуск вялікага аб’ёму кожнага асартымэнту, аднак цяпер нам даводзіцца брацца за невялікія нават замовы, якія прапануюць, каб папаўняць рынак”, — прызнае кіраўнік прадпрыемства Віктар Маціевіч.

У студзені прадпрыемства выканала толькі 43 працэнты плянаваных аб’ёмаў вытворчасьці. Пад пытаньнем і выкананьне пляну ў лютым.

Прадукцыя “Магатэксу” прадаецца на рынках Расеі, Украіны, Казахстану, Малдовы, Індыі, Манголіі, а таксама ў краінах Эўразьвязу. Прадпрыемства вырабляе 120 відаў тканіны й шэсьцьсот мадэляў вопраткі. На “Магатэксе” працуе больш як 3500 чалавек.

СМАРГОНЬ

Працаўнікам Смаргонскай камунальнай гаспадаркі даводзіцца ва ўсім уводзіць жорсткую эканомію, бо нестае сродкаў.

Намесьнік начальніка Смаргонскай жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Дзьмітры Аксенін распавядае мне, што крызіс закрануў і іх галіну.

Камунальная гаспадарка адмаўляецца ад кампутараў і аўтаматыкі

Маўляў, даводзіцца эканоміць на ўсім, толькі графік работы зьмяніць немагчыма, бо такая спэцыфіка іх працы — камунальшчыкі працуюць штодня.

“Зьмяншаем колькасьць аплатаў, эканомім. Зрэшты, і да гэтага эканомілі — электрычнасьць, газ, паліва. А цяпер яшчэ больш жорстка да гэтага ставімся — рэжым найпаўнейшай эканоміі. Як той казаў, пераходзім на ручны рэжым працы”, — паведаміў суразмоўца.

Я папрасіў патлумачыць, што азначае “ручны” рэжым працы.

Спадар Аксенін адказаў проста: калі ўсё разьвіваецца да лепшага, то паўсюль усталёўваецца аўтаматыка, кампутарызацыя, а ім у сёньняшніх умовах даводзіцца, вобразна кажучы, уручную зачыняць засаўку.

“На гэтую аўтаматыку трэба грошы патраціць, а іх няма, таму й пераходзім на ручное рэгуляваньне. Глядзім па тэрмомэтры, і калі трэба прыкрыць засаўку, то прыкрываем, а калі трэба адчыніць, думаем, адчыняць ці не”, — распавёў суразмоўца.