Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Зьміцер Кухлей з Мастоў. Ён – адзіны на Гарадзеншчыне дэпутат райсавету ад дэмакратычных сілаў. 29 гадоў, жанаты. Быў сябрам “Маладога Фронту”, стаў адным зь ініцыятараў утварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, актывіст руху “За свабоду”. Закончыў Баранавіцкі вышэйшы пэдагагічны каледж, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, магістар паліталёгіі. Нядаўна са Зьмітром не прадоўжылі працоўны кантракт. Дабіцца справядлівасьці не дапамог і суд, які адбыўся ў мінулую пятніцу. Сёньня спадар Кухлей разважае над тым, чаму ў рэгіёнах згасае дэмакратычная актыўнасьць.
Вось, напрыклад, Бераставіцкі раён. Ён уваходзіць у Мастоўскую выбарчую акругу, таму я там балятаваўся. Аднак з усяго раёну здолеў прыцягнуць у сваю каманду ўсяго толькі двох чалавек…
А падчас папярэдняй кампаніі дэмакратаў было досыць шмат – яны перакрывалі ўсе ўчасткі, ладзілі розныя акцыі, імпрэзы. У параўнаньні зь цяперашнім апазыцыйнае жыцьцё, лічы, віравала.
У Мастах пакуль што сытуацыя лепшая. Але й тут ўсё больш заўважаюцца нэгатыўныя тэндэнцыі.
Найперш стрымлівае магчымасьць пазбавіцца працы. На тое вельмі ўплывае кантрактная сыстэма – у яе проста цудоўныя магчымасьці кантраляваць людзей… У выніку слаба абаронены нават дэпутат райсавету – што ўжо казаць пра астатніх? Прыклад са мной вельмі яскравы: працу згубіў, нічога не дапамагло ў судзе…
Пагроза апынуцца ў такой сытуацыі прымушае шмат каго стаць згаворлівым. Хто не пагаджаецца – прыстасоўваецца. А хто стаіць на сваім – падпадае пад рэпрэсіі.
Вось Леў Георгіевіч Барташ, вельмі вядомы ня толькі ў Мастах – ва ўсёй Гарадзеншчыне чалавек. Звольнілі за некалькі гадоў да пэнсіі і практычна нідзе ня мог уладкавацца. І пры гэтым ніхто ніякай дапамогі яму не аказваў, выкручваўся, як мог, сам…
Або прыклад Аляксандра Пудаўкіна: ён таксама згубіў працу агранома падчас дэпутацтва ў райсавеце. Ці Ўладзімер Шчыкарэвіч, які меў свой неблагі бізнэс: толькі далучыўся да нашай палітычнай дзейнасьці, як адразу ж прыціснулі…
І гэтак – па ўсёй краіне. Асабліва шкада маладых: прэс на месцах за палітычную дзейнасьць вымушае іх пераяжджаць ці ў вялікія гарады, ці за мяжу…
Вось асноўнае, што дапамагае згасаньню грамадзкай актыўнасьці на месцах.
Таму варта было б зьвярнуць увагу на падтрымку рэгіянальнага актыву ў такіх вось сытуацыях. Яны мусяць адчуваць ня толькі ідэйную, маральную, аднак і рэальную жыцьцёвую дапамогу. Камітэт “Салідарнасьць” паклаў пасьля Плошчы добры пачатак у гэтым. І зараз, у прынцыпе, яны працягваюць – маю на ўвазе студэнцкія праграмы. Аднак што тычыцца момантаў з працаўладкаваньнем, дык тут руху, на жаль, няма.
…Тыя, хто адышлі ад нас, у прынцыпе маглі б у сёньняшніх умовах і далучыцца. Яны па-ранейшаму чакаюць увагі да сябе. Хочуць, каб імі ня толькі камандавалі, ня толькі ім загадвалі, а – каб іх і чулі, разумелі.