Хроніка крызісу: 1 — 7 лютага

Спыненьне вытворчасьці, вымушаныя адпачынкі, частковая занятасьць — найбольш характэрныя праявы сусьветнага фінансавага крызісу ў беларускіх умовах. Ці ёсьць выйсьце з крызісу, якому аналітыкі прадракаюць яшчэ большае паглыбленьне?

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на Магілёўшчыне — самыя нізкія заробкі ў Беларусі. У 2008 годзе іх сярэдні памер не перавышаў 800 тысяч рублёў; яшчэ на 22 прадпрыемствах людзі атрымлівалі па 400 тысяч. Тым часам як памер налічанага намінальнага заробку ў Беларусі летась складаў 885 тысяч рублёў за месяц, на Магілёўшчыне ён амаль на 100 тысяч меншы — 795 тысяч.

Паводле зьвестак, ніводнае прадпрыемства гораду не скарачала працоўных месцаў. Аднак усё часьцей кіраўнікі заяўляюць пра так званую аптымізацыю колькасьці работнікаў. Насамрэч гэта азначае, што людзям прапануюць новыя, значна горшыя ўмовы працы. Ускосна пра гэта кажа старшыня камітэту працы, занятасьці й сацыяльнай абароны аблвыканкаму Ганна Апет:

“Шэраг наймальнікаў прапануюць вакансіі з аплатай працы на ўзроўні мінімальнага заробку. Больш за 40% заяўленых вакансіяў — з аплатай працы да 400 тысяч рублёў”.

Ад 1 студзеня мінімальны памер заробку ў Беларусі — 229 тысяч рублёў.

***

Добрускі маслазавод пасьля абвешчанага двухмесячнага перапынку так і не аднавіў працу. Цяпер тут зьбіраюцца выпускаць мяккую ўпакоўку з гофракардону. Каля сотні масларобаў, па сутнасьці, выкінуты на вуліцу.

Прадпрыемства “Малочныя прадукты” з Гомелю запрасіла некалькі дзясяткаў чалавек езьдзіць на працу за 25 кілямэтраў у абласны цэнтар. Аднак шмат каму такі варыянт не пад сілу:

“Я іду пад скарачэньне. Мне працу прапанавалі ў Гомелі. Але справа ў тым, што асабіста мне нерэальна езьдзіць туды. Мне трэба ўставаць штодзённа ўранку а палове на пятую. Дадому я прыяжджаю каля 10-й гадзіны ўвечары. Фізычна я не вытрымліваю”.

Рабочыя маслазаводу зьвярнуліся ў аблвыканкам, каб не зачынялі прадпрыемства. Аднак чыноўнікі з камітэту сельскай гаспадаркі й харчаваньня аргумэнтавалі рашэньне нерэнтабэльнасьцю выпуску малочнай прадукцыі ў Добрушы. Былы працаўнік заводу й партыйны работнік Аляксандар Іванавіч з жалем кажа пра тое, як занядбалі прадпрыемства:

“У выніку завод дайшоў да такога стану, што надалей існаваць яму нельга было. Санслужба проста мусіла спыніць ягоную дзейнасьць”.

***

Дрэваапрацоўчая галіна на Гарадзеншчыне цярпіць ад дэвальвацыі беларускага рубля й падзеньня цэнаў на сваю прадукцыю ў заходніх краінах.

Намесьнік дырэктара Смаргонскага досьледнага лясгасу Аляксей Глускі кажа, што за апошнія месяцы давялося перажыць вельмі цяжкія моманты:

“Каго ён толькі не закрануў, гэты крызіс. У нас зьменшыўся экспарт у заходнія краіны. Наша прадукцыя не падаражэла, але з-за крызісу яны перасталі купляць”.

У Смаргонскім лясгасе працуе каля 500 чалавек. Каб не спыняць вытворчасьць, даводзіцца шукаць, як збываць прадукцыю на ўнутраным рынку. Пакуль аднавіць аб’ёмы паставак не атрымліваецца.

Кіраўнік дрэваапрацоўчага прадпрыемства ў Горадні спадар Мікалай кажа, што малым прадпрыемствам у гэтай сытуацыі выжываць лягчэй, але яны ўсё роўна цярпяць. Найгорш для дрэваапрацоўшчыкаў тое, што сыравіну даводзіцца купляць па коштах, прывязаных да даляра, а прадаваць прадукцыю — толькі за беларускія рублі:

“У сёньняшніх умовах даводзіцца зьмяншаць даходную частку альбо заробак. Дакладней, пакінуць заробак на тым самым узроўні, але ў даляравым эквіваленце ўсё роўна заробак зьмяншаецца. Калі б быў свабодны продаж лесу ці таго ж піламатэрыялу лясгасам, як гэта было раней, то было б зразумела, якая фармавалася б цана. А так я нават ня ведаю, колькі там “корміцца”, бо ўсё гэта праходзіць празь біржу, а там праслоек шмат і цана атрымліваецца высокая, вельмі “шакалядная”.

***

Затаваранасьць складоў застаецца асноўнай праблемай экспартных прадпрыемстваў. Паводле афіцыйнай інфармацыі, больш за палову вырабленай прадукцыі застаецца на складзе Магілёўскага мэталюргічнага заводу, дзе працуюць 1100 чалавек. У студзені аб’ёмы вытворчасьці на гэтым прадпрыемстве склалі толькі 40% ад заплянаваных.

Кіраўніцтва прадпрыемства зьвязвае цяжкасьці зь неспрыяльнай сытуацыяй на замежных рынках. Гаворыць намесьнік дырэктара Андрэй Варламаў:

“Нават старым нашым кліентам верыць цяжка. Асабліва цяжка працаваць з Украінай. Зь імі практычна толькі па перадаплаце працуем. Трэба ім наша прадукцыя — знаходзяць грошы й набываюць. Хаця й супраціўляюцца.

Сыравіну мы набываем толькі пад наяўныя замовы. Калі раней маглі сабе дазволіць узяць сыравіну, вырабіць прадукцыю й пакласьці яе на склад — са спадзевам, што скончыцца зіма й мы яе ўсё адно рэалізуем”.

Паводле Міністэрства статыстыкі, амаль 5,5 тысяч тон стальных труб, на вырабе якіх спэцыялізуецца магілёўскі мэталюргічны завод, застаюцца на складах. Гэта 74% сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці.

***

У Мазыры эканамічны крызіс спрычыніўся да стратнай працы 13 прамысловых прадпрыемстваў. У іх ліку — “Мазырдрэў”, мэблевая фабрыка, трыкатажная фабрыка “Славянка”, “Мазырскія малочныя прадукты”. У шэрагу прадпрыемстваў — “Беларускабель”, завод сельскагаспадарчага машынабудаваньня “Мазырсельмаш” — сярэднемесячныя запасы прадукцыі перавышаныя амаль удвая. Расказвае рабочы заводу “Мазырсельмаш”:

“Выпускаем цеплагенэратары, газавыя катлы. Іх звычайна прадавалі ў Расею. А там зараз ці то браць іх ня хочуць, ці то кошты зьнізілі. І цяпер наша прадукцыя стаіць на складзе, завод ня можа яе рэалізаваць. Заробкі зьнізіліся, скасавалі прэміяльныя даплаты. Людзі ў сярэднім атрымліваюць каля 400 тысяч рублёў — токары, зваршчыкі, сьлесары. Калі раней наладчыкі станкоў мелі заробак блізу 800 тысяч рублёў, то цяпер напалову меней. Прадукцыя ж не рэалізуецца”.

Праблемы са збытам гатовай прадукцыі цяпер у Мазыры мае нават найбольш пасьпяховае швейнае прадпрыемства “Надэкс”, дзе вырабляюцца мужчынскія й дзіцячыя кашулі, жаночыя блюзы:

“Нарасхват цяпер нічога ня йдзе — ні ў Расеі, ні ў Беларусі. Цяпер, пэўна ж, людзі хочуць больш паесьці, чым адзецца”.

Толькі ў адну зьмену працуе сёлета Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній. Прычыны тлумачыць супрацоўнік адміністрацыі прадпрыемства Іван Клімовіч:

“Загрузка нашага прадпрыемства істотна зьнізілася. Маем праблемы са спажыўцамі прадукцыі ня толькі ва Ўкраіне і Расеі, але і ў Беларусі таксама”.

Цяперашнія магутнасьці дазваляюць заводу вырабляць у год 9 камплектаў аўтаматычных ліній і 50 адзінак унівэрсальных станкоў. Для гэтага на працу нанятыя больш як 1000 спэцыялістаў. Аднак у тутэйшых рабочых няма пэўнасьці, ці будзе ў іх праца і заробак. Кажа токар Віктар Царук:

“Поўная невядомасьць і ў кіраўніцтва таксама. Самі разумееце: ніхто ня ведае, што будзе нават у лютым. У калектыўнай дамове запісана, што калі адміністрацыя ня здольная забясьпечыць працу, то адпускае працаўнікоў на дзьве траціны заробку. Але ці доўга змогуць гэта выконваць?”

Цяперашні крызіс — ня першы ў гісторыі “Баранавіцкага заводу аўтаматычных ліній”. Тры гады таму завод выратавала ад банкруцтва далучэньне да Беларускай чыгункі. Але летась ён зноў трапіў у фінансавую запазычанасьць — ня выплаціў па падатках больш як мільярд рублёў.

Сяргей Чалы
Фінансавы аналітык Сяргей Чалы цяжкасьці прамысловага сэктару тлумачыць відавочнымі, зь яго гледзішча, рэчамі — структура беларускай эканомікі папросту нежыцьцяздольная ў рынкавых умовах:

“То бок яна, груба кажучы, не стварае кошт, а зьнішчае яго. Іншымі словамі, кошт сыравіны на ўваходзе атрымліваецца большы, чым кошт вырабленай прадукцыі. Гэта проста маскіруецца рознай колькасьцю ўсялякіх бухгальтарскіх фокусаў і коштам нейкіх крос-субсыдый з тых галінаў, дзе ўсё ў парадку. Мяркуйце самі: да таго часу, пакуль з нафтахіміяй усё было добра, пакуль рос экспарт, пакуль былі шалёныя кошты на нашы калійныя ўгнаеньні — усяго гэтага не было заўважна. А зараз усё гэта робіцца відавочным. І, па сутнасьці, у нас цяпер мае месца нейкі сымбіёз шокавай тэрапіі гайдараўскай 1992 году, і зь іншага боку — дэвальвацыі 1998 году”.