Пракуратура Менскага раёну прызнала незаконным спыненьне крымінальнага перасьледу маладзёнаў, якіх падазраюць у зьнішчэньні крыжоў у Курапатах.
Рашэньне бараўлянскай міліцыі спыніць справу намесьнік пракурора Менскага раёну Эрнэст Кайро ў сваімі лісьце назваў “незаконным і неабгрунтаваным”.
29 студзеня справу накіравалі дадаткова на папярэдняе расьсьледаваньне, паведамляе БелаПАН.
Глядзець Курапаты на мапе
Фатаздымкі падазраваных
Нагадаем: позна ўвечары 1 лістапада актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Макаў і Алег Сьвірыдаў затрымалі двух падлеткаў, якія павалілі некалькі крыжоў на алеі ў Курапатах.
Макаў і Сьвірыдаў выклікалі міліцыю і потым далі паказаньні супраць падлеткаў.
11 лістапада Бараўлянская міліцыя распачала справу паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу “Апаганьваньне гістарычна-культурных каштоўнасьцяў”. Артыкул прадугледжвае пакараньне да трох гадоў пазбаўленьня волі.
12 студзеня стала вядома, што міліцыя Бараўлянскага сельскага савету спыніла крымінальны перасьлед двух маладзёнаў, якіх падазравалі ў разбурэньні крыжоў.
Доказаў, якія атрыманыя ў часе сьледзтва, недастаткова, для таго, каб перадаць справу ў суд і прыцягнуць да адказнасьці двух непаўналетніх навучэнцаў школы і ПТВ, заявіў БелаПАН начальнік сьледзтва Бараўлянскага аддзелу міліцыі Ігар Барадач.
***
Гэта ня першыя выпадкі вандалізму ва ўрочышчы Курапаты, дзе ў 1937—1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
Пры канцы 1990-х гадоў паламалі таблічку на Крыжы Пакуты.
Што да мэмарыяльнага знаку “Ад народу ЗША народу Беларусі дзеля памяці”, то было дванаццаць выпадкаў вандалізму. У 2002 годзе адрамантаваную каторы ўжо раз лаву Клінтана ўсталёўваў у Курапатах амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак.
У сьнежні 2005 году невядомыя вандалы двойчы апаганілі свастыкай і сатанінскімі надпісамі курапацкія крыжы, помнік загінулым ва ўрочышчы габрэям і выяву Маці Божай Курапацкай мастака Аляксея Марачкіна. Ня раз ламалі і крыжы. З фактаў вандалізму ў Курапатах заводзілі крымінальныя справы, аднак злачынцаў ніколі не знаходзілі. Летась напярэдадні Дзядоў быў паламаны Крыж Пакуты, актывісты КХП БНФ аднавілі яго.
Грамадзкасьць зьвярнулася да ўладаў з заклікам забясьпечыць ахову ўрочышча Курапаты, якое зьяўляецца гістарычна-культурнай каштоўнасьцю першай катэгорыі. Аднак у адказ упраўленьне ўнутраных справаў Менскай вобласьці прапанавала аргкамітэту для ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў плаціць за ахову ўрочышча Курапаты.