Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР) прагназуе значнае падзеньне тэмпаў росту ВУП Беларусі ў 2009 годзе і рост інфляцыі.
Пра гэта паведаміў 5 лютага ў Менску падчас прэзэнтацыі Даклада аб працэсе пераходу за 2008 год вядучы эканаміст ЭБРР па Беларусі Аляксандар Пляханаў.
"Прагноз эканамічнага росту па Беларусі, які мы зрабілі, дастаткова аптымістычны ў параўнаньні з прагнозамі шэрагу аналітыкаў — 2%. Гэта значна ніжэй, чым 10% за 2008 год, але вышэй, чым мы чакаем у Расіі, Украіне, Казахстане і многіх іншых краінах", — падкрэсьліў ён.
Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця таксама папярэджвае аб рызыцы "раскручваньня сьпіралі інфляцыі ў Беларусі", паведамляе БелаПАН.
"Мы ацэньваем інфляцыю на 2009 год у раёне 15%", — сказаў Пляханаў.
У цэлым, зазначыў экспэрт, "крызіс, безумоўна, прыходзіць у многія краіны звонку, аднак рашэньне ўзьніклых праблем — гэта шмат у чым унутраныя праблемы кожнай краіны". Прадстаўнік ЭБРР сфармуляваў шэраг унутраных задач, што стаяць у сувязі з гэтым. Гэта забесьпячэньне ўстойлівасьці фінансавай сыстэмы, рэструктурызацыя фінансавага сэктара, захаваньне доступу малых і сярэдніх прадпрыемстваў да крэдытаў. У асобных выпадках размова таксама можа ісьці аб зьменах у бюджэтнай палітыцы.