Апрача ўлётак, супрацоўнікі Чыгуначнага РАУСу зьвярнулі ўвагу на друкаваныя выданьні, якія распаўсюджвае віцебскі актывіст — у прыватнасьці, на кнігі Ўладзімера Падгола з цытатамі з Аляксандра Лукашэнкі і бюлетэнь “Магістрат”, які выдае віцебская рада Партыі БНФ. Міліцыянты запатрабавалі таксама тлумачэньняў наконт таго, чаму распаўсюднік незалежнай прэсы стаіць у цэнтры гораду пад бел-чырвона-белым парасонам. І чаму ягонае “працоўнае месца” каля так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна — аздабляюць бел-чырвона-белая стужка і кветкі белага ды чырвонага колеру, падараваныя некалі апазыцыянэру кімсьці зь віцебскіх мінакоў.
Барыс Хамайда мусіў правесьці гадзіну ў пастарунку, бо міліцыянты вырашылі, што ён распаўсюджвае ўлёткі зь недазволенай сымболікай — гербам “Пагоня”.
Паводле спадара Хамайды, міліцыянты, верагодна, нават ня чулі, што на Віцебшчыне праводзіцца грамадзкае абмеркаваньне новага гербу вобласьці, якім, верагодна, станецца выява “Пагоні”. Таму ў Чыгуначным райаддзеле міліцыі ад яго запатрабавалі тлумачэньняў, што за ўлёткі ён распаўсюджвае.
Апазыцыянэр патлумачыў, што жыхарам вобласьці прапанавана да 5 лютага дасылаць свае меркаваньні наконт прапанаванага варыянта гербу ў рэдакцыі газэт “Народнае слова” і “Віцебскі рабочы”. Але мясцовыя актывісты лічаць, што грамадзкую думку трэба вывучаць больш грунтоўна, а грамадзкае абмеркаваньне павінна быць даўжэйшым, бо канцэпцыю гербу, распрацаваную рабочай групай абласнога савету, шмат хто лічыць недасканалай. Ва ўлётках, якія склалі мясцовыя сябры БАЖ, а распаўсюджваў Барыс Хамайда, у прыватнасьці, гаворыцца пра тое, што прэзэнтаваць “Пагоню” ў якасьці новага гербу Віцебшчыны, называючы ягоным прататыпам герб Віцебскай губэрні 1865 году, як гэта робяць чыноўнікі, прынамсі нелягічна. Бо гэты сымбаль быў вельмі пашыраны на тутэйшых землях яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага.
Спадар Хамайда кажа, што адразу пасьля згадак пра грамадзкае абмеркаваньне, ініцыяванае ўладамі, міліцыянты страцілі да яго ўсялякую цікавасьць. Гэтаксама іх перасталі цікавіць і друкаваныя выданьні, якія апазыцыянэр распаўсюджваў перад тым, як яго прывезьлі ў пастарунак. Супрацоўнікі міліцыі нават заявілі, што спадара Хамайду ніхто не затрымліваў, і таму ён вольны ісьці куды хоча.
Апазыцыянэр вярнуўся да так званага “сіняга дому” — № 28 па вуліцы Леніна, адкуль яго былі забралі на міліцэйскай машыне. Ён не выключае, што яго маглі затрымаць ня толькі празь недасьведчанасьць міліцыянтаў, але яшчэ й зь іншай прычыны — каб ён не даводзіў людзям, што зацьвярджэньне новага гербу — гэта дужа адказная справа і што да выкарыстаньня гістарычнай “Пагоні” трэба ставіцца з належнай павагай.