Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ня хочуць губэрнскай Пагоні


Пагоня на будынку колішняга пазямельнага банку, а цяпер вэтэрынарнай акадэміі ў Віцебску
Пагоня на будынку колішняга пазямельнага банку, а цяпер вэтэрынарнай акадэміі ў Віцебску
Грамадзкасьць незадаволеная фармальным абмеркаваньнем праекту гербу Віцебскай вобласьці, прапанаванага ўладамі. Актывісты мяркуюць, што выява “Пагоні”, якая мае стацца новым геральдычным сымбалем Віцебшчыны, вымагае мастацка-гістарычнай дапрацоўкі з удзелам шырэйшага кола адмыслоўцаў.

Старшыня віцебскай арганізацыі Партыі БНФ Кастусь Смолікаў напісаў ліст у рэдакцыю абласной газэты “Народнае слова”, якая заклікала чытачоў да 5 лютага выказваць свае меркаваньні што да новага гербу Віцебшчыны.

На думку партыйнага актывіста, паўнавартаснае грамадзкае абмеркаваньне не павінна праходзіць усяго за некалькі дзён. Кастусь Смолікаў прапануе падоўжыць гэты тэрмін прынамсі на месяц.

Спадар Смолікаў зьвярнуўся таксама і ў віцебскі абласны Савет, які зьбіраецца ўжо на наступнай сэсіі зацьвердзіць новы геральдычны сымбаль вобласьці. Ён патрабуе адкласьці прыняцьце гэтага рашэньня да таго моманту, пакуль ня будуць дасканала вывучаныя ўсе гістарычныя, геральдычныя і правазнаўчыя аспэкты прапанаванага ўладамі праекту.

Так, паводле спадара Смолікава, ня ёсьць канцэптуальна слушным сьцьвярджаць, што выява “Пагоні”, прапанаваная рабочай групай на чале са старшынём аблсавету Аляксандрам Ацясавым, мае за прататып герб Віцебскай губэрні 1856 году. Бо гэткая канцэпцыя можа разглядацца як прызнаньне фармальнай дзяржаўнай залежнасьці Беларусі ад Расеі нават на сучасным гістарычным этапе. Ня варта забывацца, лічыць актывіст, што “Пагоня” была гербам яшчэ ў часы Вялікага Княства Літоўскага, і выява збройнага коньніка на чырвоным тле была на сьцягу тагачаснага Віцебскага ваяводзтва.

Па-другое, зазначае спадар Смолікаў, у прапанаваным эскізе “Пагоні” на шчыце вершніка няма традыцыйнага шасьцікутнага крыжа, што парушае гістарычную традыцыю. Па-трэцяе, жыхарам вобласьці так і не было патлумачана, якія функцыі будзе мець прыняты новы герб — да прыкладу, ці зьявіцца выява “Пагоні” на пячатках дзяржаўных устаноў, або яе будуць выкарыстоўваць толькі ў дэкаратыўных мэтах — на сувэнірнай прадукцыі для гасьцей рэгіёну ды ў рэклямных выданьнях.

За больш грунтоўнае абмеркаваньне гербу вобласьці, у тым ліку і ў дзяржаўных СМІ, выступілі і мясцовыя сябры БАЖ, і распаўсюднік незалежнай прэсы Барыс Хамайда. Ад сёньняшняга дня спадар Хамайда распаўсюджвае адмысловую ўлётку з заклікам да жыхароў вобласьці падтрымаць ідэю адраджэньня “Пагоні” ў якасьці сучаснага афіцыйнага сымбалю, але без наўмыснага скажэньня гістарычных рэаліяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG