Аздараўленьня для чарнобыльскіх дзяцей можа ня быць

Паводле папулярнага аўстрыйскага выданьня Die Presse, ад мінулага лета будучыня чарнобыльскіх праграмаў выглядае няпэўнай.

Напачатку гэтыя праграмы аздараўленьня былі ўвогуле закрытыя ў выніку прэзыдэнцкага дэкрэту № 555. Аднак напярэдадні Калядаў Аляксандар Лукашэнка падпісаў новы ўказ № 698, згодна зь якім выезд беларускіх дзяцей у замежныя краіны быў дазволены прыкладна да сярэдзіны студзеня 2009 г.

Каб арганізаваць замежны адпачынак вялікай колькасьці дзяцей, гэта быў вельмі кароткі час. У выніку толькі невялікая частка беларускіх падлеткаў змагла правесьці зімовыя канікулы ў Нямеччыне і Аўстрыі. Рабіць нейкія прагнозы на гэтае лета арганізатары не бяруцца.

“Лукашэнка патрабуе ад краін-партнэраў гарантый, што дзеці вернуцца дадому пасьля вакацыяў”, — піша Die Presse. — “Акрамя таго, дзеці ня могуць быць старэйшымі за 14 гадоў і ня могуць адпачываць у адной і той жа замежнай краіне часьцей за тры разы.

Кожная краіна, якая арганізуе падобны адпачынак для беларускіх дзяцей, мусіць падпісаць адпаведныя двухбаковыя пагадненьні. Для нямецкіх чарнобыльскіх ініцыятываў, якія штогод запрашаюць да сябе каля 8000 дзяцей, — гэта аплявуха. Яны выдаткоўваюць вельмі вялікія сродкі на гэтак званую небюракратычную дапамогу, а цяпер вось рызыкуюць трапіць у жорны палітыкі.

Усёнямецкае аб’яднаньне “Дзецям Чарнобыля” перасьцерагае ад пагрозы “абдзяржаўліваньня” дабрачынных праграмаў. Як паведамляюць з Бэрліну, тут дзеля беларускіх дзяцей хацелі б як мага хутчэй правесьці перамовы зь Менскам ды падпісаць адпаведныя паперы.

Пры гэтым фэдэральны ўрад, аднак, пераканаўча запэўніў, што гэтыя пагадненьні не павінны мець на мэце рэглямэнтацыі грамадзянскай актыўнасьці”.

Што да пагадненьня паміж беларускім і аўстрыйскім бакамі, дык тут нашмат больш няпэўнасьці, піша аўстрыйскае выданьне Die Presse.

У краіне няма нейкай галоўнай чарнобыльскай арганізацыі, а ёсьць невялікія аб’яднаньні, групы, прыватныя асобы, якія ладзяць адпачынак для беларускіх дзяцей. Дзякуючы іх намаганьням ад 1991 году ў Верхняй Аўстрыі штогод праводзяць трохтыднёвыя канікулы ад 500 да 800 юных беларусаў. Што будзе гэтым летам — ніхто ня ведае.

Актывістка зь Ніжняй Аўстрыі Марыя Хетцэр, якая цягам 15 гадоў рэгулярна запрашае на адпачынак да 200 беларускіх дзяцей, таксама ня ўпэўненая ў будучыні праграмаў. Тым ня менш яна ўжо пачала падрыхтоўку да новага сэзону, бо “шмат якія аўстрыйскія сем’і былі б рады ізноў бачыць “сваіх” беларускіх дзяцей”.

Пакуль адпаведныя пагадненьні зь Менскам заключыла толькі Італія. Прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятываў у іншых краінах занепакоеныя тым, што з-за бюракратычных бар’ераў вымушаныя будуць адмовіцца ад летніх чарнобыльскіх акцыяў.