“Калі казаць пра пацяпленьне нашых стасункаў, то, шчыра кажучы, ёсьць пазытыўныя моманты”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу “Euronews”.
Кіраўнік Беларусі зазначыў, што “ёсьць супольны інтарэс, і гэта штурхае нас да нармалёвых адносінаў”.
Ён падкрэсьліў, што без Беларусі Эўразьвяз не зможа вырашаць праблемы бясьпекі транзыту энэрганосьбітаў, барацьбы з наркатрафікам і нелегальнай міграцыяй, перадае Інтэрфакс.
Пра Праграму Ўсходняга партнэрства: “Мы вітаем гэты пазытыўны крок Эўропы ў адносінах сваіх суседзяў. Гэта прагматычны, разумны і своечасовы крок Эўразьвязу”.
Эўракамісія прапанавала шасьці постсавецкім краінам – Армэніі, Азэрбайджану, Беларусі, Грузіі, Малдове і Ўкраіне – удзел у палітыцы Ўсходняга партнэрства. Ім прапанаваныя пагадненьні пра стварэньне новай эўрапейскай эканамічнай зоны, якая павінна стаць падмуркам для разьвіцьця агульнага ўнутранага рынку.
Мэта палітыкі Ўсходняга партнэрства – пашырыць магчымасьці шасьці краінаў. У якасьці пэрспэктываў разглядаецца скасаваньне візавага рэжыму і стварэньне зоны свабоднага гандлю.
Удзел Беларусі застаецца пад пытаньнем. Канчатковае рашэньне будзе прымацца вясной 2009 году ў залежнасьці ад дэмакратычнага прагрэсу краіны, нагадвае БелаПАН.
Аляксандар Лукашэнка дае інтэрвію эўрапейскаму інфармацыйнаму каналу.
“Euronews” трансьлюецца ў 119 краінах сьвету. 24 гадзіны канал перадае відэахроніку і тэматычныя праграмы на васьмі мовах: ангельскай, арабскай, італьянскай, гішпанскай, нямецкай, партугальскай, расейскай і францускай, нагадвае БелТА.