Шумчанка: “Просім, каб ад нас адчапіліся”

Акцыя пратэсту прадпрымальнікаў 15 сьнежня 2008 г.

Беларускі ўрад зацьвердзіў дзяржаўную праграму падтрымкі малога бізнэсу. Сёлета на гэта зь бюджэту пойдзе больш за 6,5 мільяра рублёў.
Паводле пастановы Савету міністраў № 65, сродкі выдзяляюцца на інвэстыцыйныя праекты, накіраваныя на разьвіцьцё вытворчасьці, стварэньне працоўных месцаў, у тым ліку ў малых і сярэдніх гарадах. Летась з дапамогаю дзяржавы прафінансаваныя 102 праекты суб’ектаў малога бізнэсу і заснавана 518 працоўных месцаў.

Эканаміст Сяргей Балыкін адзначыў, што гэта няшмат для такой краіны, як Беларусь, дзе колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў дасягае 216 тысяч:

“Гэтую падтрымку трэба пашыраць. Але яшчэ больш істотнай падтрымкай малому бізнэсу была б не грашовая дапамога, а скасаваньне шматлікіх абмежаваньняў – на цэнаўтварэньне, на памеры заробкаў і гэтак далей. Калі б малы бізнэс змог атрымаць гарантыі недатыкальнасьці ўласнасьці. Калі б у Менску і іншых гарадах быў створаны бізнэс-інкубатар, дзе прадпрымальнік-пачатковец мог бы атрымаць бясплатна ці амаль бясплатна нейкі офіс, памяшканьне пад вытворчасьць. Ёсьць яшчэ адно пытаньне. Пра гэтыя праграмы падтрымкі няшмат хто ведае. І гэтыя грошы атрымаць дастаткова цяжка. Таму й атрымліваюць іх тыя бізнэсоўцы, якія маюць нейкую лапу. Так што лепш бы яны адміністрацыйныя бар’еры здымалі”.

Сябра Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Кацярына Чыжык займаецца дробным гандлем. Яна так ставіцца да аб’яўленай фінансавай падтрымкі:

“Калі знойдуцца сьмелыя прадпрымальнікі, калі дзяржава створыць такія законы, то я толькі вітаю. Чаму мы вязем тавары з Польшчы, з Турцыі, Італіі? Што, там не такія прадпрымальнікі, што, яны больш разумныя? Але яны чамусьці вырабляюць. А мы, на жаль, у бальшыні сваёй можам толькі гандляваць. Але тут не віна прадпрымальніка, а віна дзяржавы, бо былі такія жорсткія законы і назапасіць адпаведны рэсурс не атрымалася”.

Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў заявіў, што грошай, якія выдзяляе дзяржава на падтрымку малога бізнэсу, ён ніколі ня бачыў. Але бізнэсовец адзначыў, што нарэшце ўлады прыйшлі да высновы, што трэба адмяніць ліцэнзаваньне гандлю ўраздроб:

“Мы й раней казалі, што розьніца не павінна ліцэнзавацца. Празь пяць гадоў улады зрабілі нам вялікі падарунак. Паводле свайго эфэкту ён дробны, але гэта вялікая несправядлівасьць была”.

Днямі на некаторых рынках у Менску адбыліся сходы дробных бізнэсоўцаў, занепакоеных ростам арэнднай платы. Хаця Менгарвыканкам пастанавіў зьнізіць з 1-га студзеня на 20% павышальныя каэфіцыенты да базавых ставак арэнднай платы на рынках і ў прыватных гандлёвых цэнтрах, аднак улады ўсё ж спрабуюць захаваць павышаныя стаўкі. Дробныя гандляры адмаўляюцца плаціць арэнду і патрабуюць устанавіць стаўкі не ў эўра, а ў рублях. Лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка адзначыў:

“У зьвязку з тым, што ўлады пакуль не прымаюць рашэньня, адміністрацыя гандлёвага комплексу не паніжае кошту арэнды для прадпрымальнікаў. А яна павысілася амаль на 20-30%. Па новым даручэньні нашага ўраду мясцовыя ўлады павінны прыняць рашэньні аб зьмяншэньні гэтай арэнды. І на сёньняшні дзень частка прадпрымальнікаў ня плаціць. Мы ў гэтага ўраду грошай ня просім. Мы просім, каб яны ад нас адчапіліся і каб былі нейкія агульныя, зразумелыя правілы гульні. Настрой вельмі цяжкі, бо няма гандлю, няма веры ў будучыню”.

Паводле афіцыйных зьвестак, на 1-га студзеня 2009 году ў Беларусі налічвалася амаль 66 з паловай тысяч малых прадпрыемстваў. За 2008 год колькасьць такіх прадпрыемстваў павялічылася на 18%.