Хадыка пра патрыярха: адукаваны чалавек — лепш за неадукаванага фанатыка

Юры Хадыка

Абраньне на патрыяршы пасад Расейскай праваслаўнай царквы мітрапаліта Смаленскага і Калінінградзкага Кірыла камэнтуе вядомы палітык, уніят паводле веравызнаньня Юры Хадыка.

Юры Хадыка: “Патрыярх Кірыл, можна сказаць, найбольш адукаваны чалавек з тых, хто ў розныя часы ўзначальваў Рускую праваслаўную царкву. І гэта, канечне, дае пэўныя спадзяваньні на зьмякчэньне пазыцыі гэтай царквы адносна хрысьціянскага адзінства. Разам з тым ён у сваіх выказваньнях неаднаразова выглядаў непрыкрытым шавіністам. І гэта не абяцае нічога добрага тым, хто ў Беларусі спрабуе дамагчыся аўтакефаліі праваслаўнай царквы. Але ў любым выпадку адукаваны чалавек — лепш за неадукаванага фанатыка”.

Карэспандэнт: “ У Беларусі таксама ня могуць зарэгістравацца і атрымаць будынкі некаторыя пратэстанцкія цэрквы. Як можа паўплываць абраньне Кірыла на сытуацыю зь веравызнаньнем у краіне?”

Юры Хадыка: “Спадзявацца на расейскага патрыярха ў гэтай справе не выпадае. Ня думаю, што патрыярх Кірыл будзе лібэралам. Паўтаруся, што ён больш адукаваны чалавек, і як адукаваны чалавек будзе знаходзіць больш гнуткія рашэньні. А якія — паглядзім”.