Сустрэча ў правінцыі на вышэйшым узроўні

Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка і Віктар Юшчанка правялі ў Чарнігаве перамовы сам-насам і ў пашыраным складзе. Абодва лідэры заявілі пра адсутнасьць праблемаў ва ўзаемадачыненьнях Беларусі і Ўкраіны.

Раней Аляксандар Лукашэнка сустракаўся зь Віктарам Юшчанкам толькі падчас самітаў СНД. Мінулы раз кіраўнік Беларусі прыяжджаў у Чарнігаў зь візытам у 2002 годзе, калі прэзыдэнтам Украіны быў яшчэ Леанід Кучма. Цяпер сустрэча сам-насам працягвалася больш за тры з паловай гадзіны.

Аляксандар Лукашэнка падзякаваў Віктару Юшчанку за падтрымку ў наладжваньні дыялёгу паміж Беларусьсю і Захадам, які сёньня “разьвіваецца ў пазытыўным пляне”. Ён мяркуе, што абедзьве краіны могуць прапанаваць шэраг праектаў, якія цікавяць Эўропу.

Паводле Лукашэнкі, стасункі паміж Беларусьсю і Ўкраінай нармальныя, а таваразварот мае большую дынаміку, чым з Расеяй.

“Так, гэта наша рабочая сустрэча, хоць мы даўно дамаўляліся і ўсё не маглі прыехаць адзін да аднаго.
Мы зь вялікай павагай ставімся да таго, што адбываецца ва Ўкраіне.
Але гэта не таму, што былі нейкія вялікія перашкоды для гэтага. Але набраўся шэраг пытаньняў, якія мы не маглі вырашыць раней. І я думаю, што сёньня мы ў стане вырашыць гэтыя пытаньні. Я хачу, каб вы ведалі, у Беларусі ніякай алергіі ні да дзяржавы, ні да кіраўніцтва. Мы зь вялікай павагай ставімся да таго, што адбываецца ва Ўкраіне. Мы вас чакаем у Менску зь любым — рабочым, афіцыйным — візытам”.

Аляксандар Лукашэнка назваў добрай прапанову Віктара Юшчанкі наконт стварэньня калідору Чорнае мора — Балтыйскае мора і выказаў гатоўнасьць працаваць з Украінай і з краінамі Балтыі ў гэтым напрамку. Таксама ён заявіў пра аднаўленьне закупаў украінскай электраэнэргіі.

Прэзыдэнт Віктар Юшчанка заявіў пра наяўнасьць палітычнай волі для разьвіцьця стасункаў зь Беларусьсю.

Аляксандар Сушко
Украінскі палітоляг Аляксандар Сушко зьвяртае ўвагу, што сустрэча адбываецца ў Чарнігаве.

“Гэта незвычайна. Надзвычай рэдка прэзыдэнт Украіны прымае свайго калегу ня ў Кіеве. Відавочна ёсьць пэўныя нюансы ў зносінах з прэзыдэнтам Беларусі. Я ведаю, што візыт шмат разоў плянаваўся і адмяняўся. Кантактаў на вышэйшым узроўні не было доўгі час. Я разглядаю гэта ў тым жа кантэксьце, як і Эўразьвяз — падтрыманьне пэўнага дыялёгу. Спэцыфіка стасункаў дыктуецца вялікай рознасьцю палітычных рэжымаў”.

Аляксандар Класкоўскі
Беларускі палітоляг Аляксандар Класокўскі мяркуе, што Віктар Юшчанка перад гэтай сустрэчай “меў інструктаж ад Брусэлю”:

“І магчыма, што менавіта празь Юшчанку ЭЗ стараецца неяк далікатна празандаваць глебу, вырашыць нейкія пытаньні. Я гэта мог бы разглядаць і як пэўны этап падрыхтоўкі да Прагі, да саміту, на які, верагодна, будзе запрошаны і беларускі афіцыйны лідэр.

Усё ж зараз пачалі прабівацца парасткі сапраўды шматвэктарнай палітыкі. Беларусь пачынае больш прагматычна, дыстанцыявана ад Масквы праводзіць сваю замежную палітыку“.

Кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны таксама выказаліся за пашырэньне супрацоўніцтва ў сфэры транзыту.

Паводле Віктара Юшчанкі, “мы павінны стаць значным гульцом на транзытным накірунку” і мець сваю ролю ў эўразійскім нафтатранспартным калідоры. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праект нафтаправоду Адэса—Броды не губляе актуальнасьці для Беларусі і ў выпадку яго рэалізацыі, беларускім нафтаперапрацоўчым заводам будзе выгодна перапрацоўваць касьпійскую нафту.

Прэзыдэнт Укріаны таксама адзначыў, што ў найбліжэйшы час пройдзе трохбаковая сустрэча ў Літве, на якой будзе абмеркавана пытаньне транзыту ўкраінскай электраэнэргіі ў краіны Балтыі.

Таксама ён адзначыў пэрспэктыву праекту транспартнага калідору “Вікінг”, да якога можа далучыцца Турэччына.