Старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Жаньне Літвіной, галоўнаму рэдактару “Народнай волі”Ёсіфу Сярэдзічу і галоўнаму рэдактару “Комсомольской правды в Белоруссіі” Алене Міронавай было афіцыйна прапанавана ўвайсьці ў склад грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры масавай інфармацыі, утворанай Саветам міністраў. Усе трое далі згоду.
Яшчэ 29 кастрычніка 2008 году віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка падпісаў пастанову Саўміну “Аб стварэньні грамадзкай каардынацыйнай рады ў сфэры СМІ”. Спачатку туды ўвайшлі прадстаўнікі толькі дзяржаўных структур. Цяпер у складзе Рады адбыліся зьмены. Распавядае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна:
“Наша рэакцыя на стварэньне гэтай рады была крыху іранічная, бо ў першапачатковым складзе туды не ўвайшоў ніводзін журналіст недзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. А зараз — такія зьмяненьні. Відаць, гэта добры знак. Мы адказалі на гэтую прапанову станоўча, і сёньня пацьвердзілі ўдзел у Каардынацыйнай радзе”.
Галоўны рэдактар “Народнай волі” Ёсіф Сярэдзіч запрашэньне прыняў без асаблівых ваганьняў, але лічыць, што паколькі рада грамадзкая, то, да прыкладу, законапраекты яна прымаць ня будзе. Дый наагул выказаўся так:
“Гэта ня тое пытаньне, якое я павінен нават камэнтаваць. Звычайнае пытаньне, працоўнае пытаньне, якое нікога нават не павінна ні хваляваць, ні турбаваць, ні выклікаць нейкія эмоцыі. Мільён грамадзкіх саветаў створана пры розных структурах, мільён. І будзе стварацца яшчэ, і што тут такога?”
Асноўныя задачы Рады, паводле пастановы Саўміну, — гэта каардынацыя ўзаемадзеяньня органаў дзяржаўнага кіраваньня і грамадзкіх аб’яднаньняў; забесьпячэньне правільнага прымяненьня нормаў Закону аб СМІ; разгляд спрэчных пытаньняў. Рашэньні рады маюць рэкамэндацыйны характар. Таму старшыня БАЖ Жанна Літвіна кажа:
“Ілюзіяў няма ніякіх і быць ня можа. На сёньняшні дзень мы толькі ведаем, што гэтая рада будзе займацца каардынацыяй узаемадзеяньня органаў дзяржаўнага кіраваньня з грамадзкімі арганізацыямі. Вядома, эфэктыўнасьць працы гэтай рады будзе залежаць ад узроўню тых пытаньняў, якія яна будзе разглядаць”.
Ну, а што тычыцца пытаньняў, якія варта разглядаць, на рашэньне якіх варта ўплываць — Жанна Літвіна пералічыла наступныя:
“Мы вельмі зацікаўленыя, каб гэта сталі пытаньні роўных эканамічных умоваў дзейнасьці СМІ з рознай формай уласнасьці. Мы вельмі зацікаўленыя, каб гэтая Рада ўзялася за разгляд пытаньняў, зьвязаных са стварэньнем цывілізаванага мэдыярынку. Каб яна рабіла свой уплыў на дзейнасьць інтэрнэту. І каб уплыў гэты ня быў скіраваны на ўзмацненьне кантролю, на рэгістрацыю, на рэгуляваньне, а каб сапраўды было садзейнічаньне прынцыпам свабоды слова, прышчэпліваньня журналісцкай этыкі”.
Старшынём каардынацыйнай рады прызначаны галоўны рэдактар “Советской Белоруссіі” Павал Якубовіч, у яе складзе — старшыня афіцыйнага Саюзу журналістаў Анатоль Лемяшонак, дырэктар Інстытуту журналістыкі БДУ Сяргей Дубовік, прадстаўнікі тэлеканалаў, журналісты.
Нядаўна ў міжведамасную камісію па “краінавым маркетынгу”, створаную пры Савеце Міністраў, былі запрошаныя эканаміст Яраслаў Раманчук і сацыёляг Андрэй Вардамацкі.