Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Банкруты перастаюць выпісваць “СовБел”


Што чытаюць гарадзенцы? Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся апошнімі вынікамі падпіскі.

У аддзеле падпіскі Гарадзенскай абласной пошты ніякіх лічбаў мне не далі: сказалі, што яшчэ не гатовыя цалкам. І тады ў мяне ўзьнікла думка даведацца пра вынікі падпіскі ў 5-м аддзяленьні сувязі ў спальным мікрараёне Дзевятоўка. Аказалася, што яно абслугоўвае вялікую тэрыторыю, дзе ёсьць і заводы, і навучальныя установы. Пытаньне я задаў такое: якія масава-палітычныя газэты захавалі сваіх падпісчыкаў у Дзевятоўцы, а якім гэта не ўдалося?

Спадарыня: “Што датычыць даведзеных плянаў, па асноўнаму тыражу мы выканалі. Што датычыць “Советской Белоруссии”, у нас недавыкананьне напэўна 27 асобнікаў праз тое, што ў нас адно прадпрыемства не выпісвала – яны там збанкрутавалі. Прадпрыемства проста стала, яны й так працавалі чатыры разы на тыдзень, гэта “Гронітэкс”. У мяне плян на “Советскую Белоруссию” быў 312 асобнікаў”.

Падпіска на афіцыйныя выданьні, аказваецца, па-ранейшаму кантралюецца зьверху. Абласная “Гродзенская праўда” — таксама са сьпісу такіх кантраляваных газэт.

Спадарыня: “Па “Гродзенскай праўдзе” у нас таксама невыкананьне, таму што вельмі вялікі тыраж даведзены. У нас 298 асобнікаў плян, але вельмі з напругай ён ідзе, экзэмпляраў напэўна 80 ня выканана. “Рэспубліка” таксама ня выканана. Па астатніх усіх перавыкананьне ішло: па «Знамя Юности» у два разы, “Белорусская Нива”, “Звязда”, іх таксама больш падпісалі”.

Вельмі папулярная сярод падпісчыкаў рэгіянальная газэта “Вечерний Гродно”, але плян на яе не даводзіцца, бо яна недзяржаўная. А як патлумачыць значны рост падпіскі на «Знамя Юности»?

Спадарыня: “Таму што ў нас навучальныя ўстановы ёсьць, прадпрыемствы таксама выпісваюць сабе, БРСМ выпісвае актыўна. У нас электратэхнічны каледж ёсьць, Аграрны унівэрсытэт мы абслугоўваем, вось яны павыпісвалі”.

І яшчэ адна асаблівасьць падпісной кампаніі ў 5-м аддзяленьні сувязі ў Горадні:

Спадарыня: “Мы вельмі шмат “Милицейского вестника” выпісваем, таму што ў нас у зоне абслугі знаходзіцца “ахова” — два аддзелы — Ленінскага раёну і абласны, плюс аддзел міліцыі “Дзевятоўка”.

Апроч гэтага, паштавікі з 5-га аддзяленьня сувязі абслугоўваюць таксама яшчэ два аддзелы Міністэрства надзвычайных сытуацый.

А ці ўдалося палепшыць свае вынікі незалежным газэтам “Наша і Ніва” і “Народная Воля”, якім нечакана пры канцы падпісной кампаніі дазволілі правесьці падпіску і прадаваць іх у шапіках “Белсаюздруку”? Галоўны рэдактар “Нашай Нівы” Андрэй Скурко сказаў:

“Па Гарадзеншчыне пэўных лічбаў продажу ў нас няма. Аднак гарадзенскі “Аблсаюздрук” у гэтым годзе бярэ ня меней асобнікаў, чым у мінулым – гэта значыць, што попыт ёсьць”.

Галоўны рэдактар “Народнай Волі” Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што за няпоўныя тры тыдні на газэту падпісаліся каля трох тысяч чалавек, але гэта лічба агульная па Беларусі. Дзякуючы гэтаму наклад павялічаны амаль да 19 тысяч асобнікаў, паведаміў ён.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG