Суд за рынак, якога ўжо няма

Рынку «Крыніца» больш няма

Сёньня Ленінскі суд Магілёва пачаў разгляд пазову грамадзкага актывіста, былога кандыдата ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Ігара Каваленкі. У судзе ён прадстаўляе інтарэсы ініцыятыўнай групы, якая хацела правесьці мясцовы рэфэрэндум, каб высьветліць стаўленьне людзей да намеру ўлады зьнішчыць рынак. Гарвыканкам адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу, што й стала нагодай для суду.

У сваіх тлумачэньнях прадстаўнікі гарвыканкаму казалі пра эканамічную немэтазгоднасьць рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Паводле іх, наступным крокам пасьля яе рэгістрацыі стала б арганізацыя самога рэфэрэндуму, а гэта выдаткі з гарадзкога бюджэту.

Калі б гарвыканкам убачыў неабходнасьць у правядзеньні рэфэрэндуму, то яго арганізаваў бы.
“Калі б гарвыканкам убачыў неабходнасьць у правядзеньні рэфэрэндуму, то яго арганізаваў бы. Ён быў запозна ініцыяваны, бо ўжо былі прынятыя неабходныя пастановы па пытаньнях, якія прапаноўваліся на абмеркаваньне. Гэтыя рашэньні прымаліся гарвыканкамам у інтарэсах жыхароў мікрараёну Саломінка. Грамадзкасьць мікрараёну мела магчымасьць выказацца па праблеме ў газэце гарвыканкаму “Веснік Магілёва”, — даводзіла суду начальніца ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Ала Галушка.

На просьбу Ігара Каваленкі назваць прававыя падставы, якімі кіраваліся чыноўнікі, адмаўляючы людзям у іх канстытуцыйным праве ініцыяваць рэфэрэндум, прадстаўнікі гарвыканкаму не адказалі:

Гандляры рынку “Крыніца” чакаюць суду
“Паводле закону яны павінны былі нам адмовіць у правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму, калі мы парушылі выбарчы кодэкс, юрыдычныя аспэкты. Мы гэта не зрабілі. Яны папросту збаяліся, што грамадзтва, жыхары мікрараёну не падтрымаюць пастановаў гарвыканкаму”, — зазначае Ігар Каваленка.
Яны папросту збаяліся, што жыхары мікрараёну не падтрымаюць пастановаў гарвыканкаму.


Паводле ягоных словаў, дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы прайшлі прававую экспэртызу ў аблвыканкаме. Істотных заўвагаў да іх не было.

Нагодай для рэфэрэндуму стаўся намер улады перанесьці рынак “Крыніца” ў мікрараёне Саломінка. На месцы рынку гарвыканкам зьбіраецца збудаваць спарткомплекс. Праз рэфэрэндум прадпрымальнікі хацелі высьветліць, ці падтрымліваюць жыхары мікрараёну гэты намер улады.

На дадзены момант рынак “Крыніца” разбураны. Яго павільёны перанесеныя ў іншае месца, на ўскраіну мікрараёну. Калі рынак на новым месцы запрацуе, невядома. Паводле прадпрымальнікаў, ім давядзецца самім далучацца да камунікацыяў. Акрамя таго, невядома колькі часу зойме афармленьне зьменаў у ліцэнзійных дакумэнтах на права гандлю. Выдаткі гандлярам ніхто не абяцаў кампэнсаваць.Увесь гэты час яны будуць беспрацоўнымі.

Ад рынку «Крыніца» не засталося ні знаку


На старым рынку працавала каля трохсот гандляроў. На новым месца хопіць ня ўсім. Гандлёвых радоў там ня будзе. Ня будзе і палатак.

Сёньня на судовае паседжаньне прыйшла палова ініцыятыўнай групы — чатырнаццаць чалавек. 21 студзеня працэс адновіцца. На ім чыноўнікі павінны патлумачыць, чаму не зарэгістравалі ініцыятыўную групу.