Эканамічная сытуацыя на многіх прадпрыемствах Беларусі пагаршаецца. Новыя адрасы крызісу называюць карэспандэнты “Свабоды”.
МАГІЛЁЎ
Магілёўскі вагонабудаўнічы завод ня можа прадаць сваёй прадукцыі, вырабленай у лістападзе і студзені. Прычыны высьвятляў журналіст Андрэй Белагубаў.
Увосень прадпрыемства мела праблемы з камплектуючымі да сваёй прадукцыі. Іх пастаўляюць з Расеі і Ўкраіны.
Магілёўскі вагонабудаўнічы не прадаў прадукцыі на 24 мільярды рублёў
“Камплектуючыя пачалі нам прапаноўваць. Затое спажыўцы адмаўляюцца набываць, бо пагоршыліся, да прыкладу, праблемы ў Салігорску на Белкаліі. Закупы яны зьнізілі дужа моцна. І Беларуская чыгунка таксама”, — зазначыла прадстаўніца адміністрацыі.
Паводле суразмоўцы, на складзе назапашана прадукцыі на 24 мільярды рублёў.
Рабочы заводу Мікалай выказаў уласнае меркаваньне наконт праблемаў прадпрыемства:
“Завод працуе, у асноўным. Аднак, можна сказаць, нерытмічна. Камплектуючыя ў нас — колавая пара, спружыны. Зь імі ёсьць праблемы. Але кажуць, што цяпер Украіна аддае колавую пару за бесцань. Ім жа таксама неяк трэба выжываць”, — паведаміў адзін з работнікаў заводу.
Вагонабудаўнічы завод у Магілёве пачаў працаваць тры гады таму. Сярод заснавальнікаў быў расейскі “Уралвагонзавод”, але цяпер расейцы збылі ўсе акцыі беларускім вытворцам.
ГОРАДНЯ
З-за крызісу церпяць прадпрымальнікі ў Горадні. Падрабязнасьці пра канфліктную сытуацыю ад Міхаіла Карневіча.
Групу прыватных прадпрымальнікаў пазбаўляюць працоўных месцаў у гандлёвым доме “Дзявятка”, на які прыходзіць расейскі капітал. Але раней кожны з тамтэйшых гандляроў набыў за свае грошы паліцы зь лядоўнямі і камэры захоўваньня. Уласьнікі не абяцаюць кампэнсаваць гэтыя выдаткі. Вось што заяўляе адзін зь іх, Уладзімер Тронда:
“Мы максымальна далі людзям папрацаваць, і думаю, што яны сваё абсталяваньне ўжо даўно акупілі. Мы, вядома, чужых грошай ня лічым, але такая сытуацыя...”
“Нас проста выкідаюць на вуліцу”
Прадпрымальнікі не жадаюць быць падманутымі і скардзяцца на гаспадароў “Дзявяткі”.
Спадар: “Яны ня хочуць купляць наша абсталяваньне, а толькі робяць выгляд, бо прапануюць нам палову яго кошту і разьлічвацца абяцаюць праз паўгода. Вось такія ўмовы”.
Спадарыня: “Цяпер і не знайсьці працы, бо заводы стаяць, нідзе не ўладкавацца. Цэны растуць, а нас на вуліцу выкідаюць”.
Іншая спадарыня: “Чаму мы свайго прадпрымальніка беларускага заўсёды ў бруд утоптваем? Нейкі дзядзька прыходзіць аднекуль, і ўсё — яму. Чаму вы заўсёды супраць свайго беларуса? Бі свайго, каб чужыя баяліся?”
БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА
У жывёлагадоўлі на Берасьцейшчыне крызіс выяўляецца горшымі вытворчымі паказчыкамі і зьніжэньнем заробкаў. Пра тыповы прыклад гэтага паведамляе Анатоль Кругавец:
Заробак на фэрме “Ясянёва” ў Ганцавіцкім раёне зьменшыўся ў два разы. У лістападзе налічвалі каля пяцісот тысяч рублёў, а за апошні месяц мінулага году большасьць і двухсот не атрымае.
“Цяжка зараз. Практычна немагчыма пражыць”
Людзі даведзены да адчаю. Вось што кажа майстар працаёмкіх працэсаў Аляксей Кішко:
“Цяжка зараз. Практычна немагчыма пражыць. Асабліва калі і муж, і жонка працуюць у гэтай гаспадарцы. Нельга нічога добрага купіць ні сабе, ні дзецям. Вось у маёй сям'і сем чалавек. У нас чатырохпакаёвая кватэра. Аплата за сьнежань — 120 тысяч рублёў”.
Са словаў Аляксея Кішко, цяпер яго аднавяскоўцы ўцякаюць з саўгаса, ратуючыся ад крызісу:
“Стараюцца, асабліва маладыя, вырвацца ў Расею, на Маскву. Дый сямейныя людзі змушаныя выяжджаць. Вось у доме, дзе я жыву (лічыць: адзін, два тры...), — усіх сем сем'яў, і ніводзін чалавек не працуе ў гэтай гаспадарцы. Я сам на сябе сваруся, што ня зьехаў гадоў 6—7 таму шабашыць”.