Беларусь атрымала першы транш крэдыту Міжнароднага валютнага фонду ў памеры 787,9 млн. даляраў ЗША, паведамляе БелаПАН са спасылкай на ўпраўленьне інфармацыі Нацыянальнага банку.
Нагадаем, што 12 студзеня 2009 года Міжнародны валютны фонд ухваліў праграму "стэнд-бай" для Рэспублікі Беларусь. Памер дапамогі - $2,46 млрд. Тэрмін дзеяньня - 15 месяцаў.
“Гэтыя грошы паступяць непасрэдна ў Нацыянальны банк і будуць залічаныя ў склад золатавалютных рэзэрваў”, - паведаміў напярэдадні Інтэрфаксу прадстаўнік НБ. Сродкі можна будзе выкарыстоўваць толькі для падтрыманьня курсу беларускага рубля, зазначыў суразмоўца.
Узгодненая з урадам Беларусі праграма рэформаў прадугледжвае лібэралізацыю эканомікі, пераход на прывязку курсу нацыянальнай валюты да кошыку валютаў, стрымліваньне ўнутранага попыту, у тым ліку і з дапамогай абмежаваньня бюджэтных выдаткаў.
31 сьнежня 2008 году Міжнародны валютны фонд папярэдне пагадзіўся выдзеліць $2,5 мілрд стабілізацыйнага крэдыту. Місія Міжнароднага валютнага фонду й урад Беларусі дасягнулі пагадненьня пра эканамічную праграму тэрмінам на 15 месяцаў.
Выканаўчае бюро МВФ 12 студзеня вырашыла надаць Беларусі стабілізацыйны крэдыт памерам $2,46 млрд.
Беларусь вяла перамовы з МВФ пра вылучэньні стабілізацыйнага крэдыту на $2 млрд з 27 кастрычніка 2008 году.
Беларусь матывавала просьбу неабходнасьцю стварэньня “падушкі” бясьпекі для стрымліваньня пасьледкаў сусьветнага фінансавага крызісу на эканоміку й фінансавую сыстэму краіны.
Асноўнай праблемай Беларусі ў сувязі з гэтым ёсьць рост чыстага попыту на ўнутраным валютным рынку з-за ўзмацненьня дэфіцыту зьнешняга гандлю, што прыводзіць да скарачэньня золатавалютных рэзэрваў і пагрозы стабільнасьці нацыянальнай валюты. Гэтак, нягледзячы на залічэньне ў золатавалютны запас 18 лістапада мільярда даляраў расейскага стабкрэдыту, золатавалютныя запасы паводле стандартаў МВФ скараціліся за лістапад на $276,4 млн, ці на 6,8%, да $3775,4 млн у сувязі з праведзенымі Нацбанкам інтэрвэнцыямі на ўнутраным валютным рынку.
Беларусь ёсьць сябрам МФВ з 1992 году. За час супрацоўніцтва з фондам Беларусь атрымала ад МВФ у суме тры траншы крэдыту ў 1993—1995 гадах. Пасьля фонд спыніў вылучэньне крэдытаў Беларусі з-за неадпаведнасьці эканамічнай палітыкі ўраду рэкамэндацыям фонду.
Цяпер Беларусь ня мае абавязкаў па раней атрыманых крэдытах МВФ — апошні плацёж быў праведзены 1 лютага 2005 году.
Да канца лютага 2009 году Беларусь таксама чакае другі транш расейскага стабкрэдыту, яшчэ на мільярд даляраў.