“Вэртыкаль маўчыць, бо ня ведае, што далей рабіць”

Галоўнай падзеяй першых дзён новага 2009 году для большасьці беларускіх грамадзянаў стала раптоўнае абясцэньваньне нацыянальнай валюты.

Прачнуўшыся 2 студзеня, людзі з жахам даведаліся, што ўсе іхныя зьберажэньні, заробкі і пэнсіі сталі меншымі на 20 працэнтаў. Чэргі ў банках і крамах, разгубленасьць і пакупніцкі ажыятаж, панічныя чуткі, імкненьне ўкласьці абясцэненыя рублі, давер да ўстойлівасьці якіх зьнік, хоць у што-небудзь надзейнае і стабільнае — вось галоўныя адметнасьці пачатку году ў Беларусі.

Пра гэта паведамляюць у сваіх лістах на “Свабоду” і нашы слухачы. Пачну сёньняшнюю размову з допіса, дасланага на мінулым тыдні Мікалаем Рыбаковым з пасёлку Копысь Аршанскага раёну. Ён піша:

“Многія набралі валютных крэдытаў — на машыны, мэблю, лецішчы... За ўсё гэта цяпер давядзецца плаціць як мінімум на 20 працэнтаў больш, чым разьлічвалі крэдытаатрымальнікі. Безумоўна, падвысяцца кошты на харчаваньне, камунальныя паслугі. Потым варта чакаць і падаражэньня бэнзіну. У выніку ўзровень жыцьця зьнізіцца, людзі вымушаны будуць скараціць спажываньне. Вось калі ня будзе чаго пакласьці на стол — тады, напэўна, і адбудзецца ў Беларусі зьмена ўлады.

Найбольш уражвае тое, што ўлада падчас гэтых падзеяў, якія агаломшылі грамадзтва, маўчыць, як вады ў рот набрала. І такое становішча — ва ўсёй уладнай “вэртыкалі”. Ніхто ня ведае, што далей рабіць”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Рыбакоў з пасёлку Копысь Аршанскага раёну.

На гэтую ж тэму — кароткі допіс Мікалая Бельчыкава з Барысава. Слухач піша:

“Цяпер ужо ўсім бачна, наколькі стабільная валюта — наш беларускі рубель. Думаю, што да канца году за адзін даляр будуць даваць 3500 альбо нават 4000 рублёў.

Зразумела, што ва ўраду не хапае грошай, каб фінансаваць усе сацыяльныя праграмы. Якое выйсьце ў такой сытуацыі? Звыклае: надрукаваць замест сапраўдных грошай пустых паперак і разагнаць інфляцыю працэнтаў да дваццаці. У 90-я гады мы назіралі і не такое. Чым усё гэта скончыцца? Натуральна, адстаўкай ураду на чале зь Сяргеем Сідорскім. Тым больш што на рэкордны ўраджай пасьля мінулага ўраджайнага году сёлета разьлічваць не выпадае”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Мікалай Бельчыкаў з Барысава.

Удакладню, спадар Бельчыкаў, што ўлада вуснамі прэзыдэнта Лукашэнкі і прадстаўнікоў Нацыянальнага банку супакойвае грамадзянаў: маўляў, такой жа маштабнай дэвальвацыі сёлета больш ня будзе, а зьберажэньні варта і далей захоўваць у беларускіх банках і не паддавацца паніцы. Іншая справа, ці вераць гэтым супакойваньням і запэўніваньням людзі? Усе памятаюць: усяго два месяцы таму гэтыя ж асобы публічна абяцалі, што цалкам гарантуюць захаванасьць банкаўскіх укладаў і стабільнасьць беларускага рубля.

Аўтар наступнага ліста — Анатоль Музычэнка з Мазыра — разважае пра тое, ці здольная цяперашняя ўлада пад ціскам абставінаў пайсьці на дэмакратычныя рэформы. Слухач піша:

“Некаторыя думаюць: калі рэжым пад уплывам эканамічнага крызісу і пад ціскам заходняй супольнасьці пайшоў на некаторыя саступкі, дык ён зьмяніў сваё стаўленьне да дэмакратычных каштоўнасьцяў. Так могуць меркаваць толькі наіўныя людзі, якія ня ўмеюць мысьліць самастойна. Дастаткова пільна азірнуцца наўкол і зразумець, што адбываецца ў сапраўднасьці. Уся прапаганда рэжыму накіравана на тое, каб затуманіць людзям галовы. Разьлічана ўсё гэта на ўціск свабоды і самастойнасьці чалавека. Замбаваныя грамадзяне лёгка ператвараюцца ў статак, якім лёгка кіраваць.

А сапраўдная мэта рэжыму — любой цаной утрымаць уладу, чаго б гэта яму ні каштавала.

За пятнаццаць год яны паказалі ўсё, на што здольныя. Ісьці дэмакратычным шляхам гэтая ўлада ніколі не зьбіралася і не зьбярэцца.

Нам абавязкова патрэбны перамены. Чым хутчэй яны адбудуцца, тым лепш для грамадзянаў Беларусі.

Выбары не за гарамі. І ўжо цяпер трэба рыхтавацца да таго, каб аддаць свой голас за дэмакратычны шлях разьвіцьця, які для Беларусі магчымы толькі з Эўропай.

А яшчэ папрасіў бы Радыё Свабода больш увагі аддаваць тэме псыхіятрычных шпіталяў, інтэрнатаў. Не сакрэт, што ў нас любы чалавек можа трапіць у сеткі карнай псыхіятрыі. І ня столькі небясьпечныя хворыя людзі, колькі гэтая сыстэма, у якой даводзіцца жыць”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” наш слухач Анатоль Музычэнка з Мазыра.

Так, спадар Музычэнка, наступныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць праходзіць, хутчэй за ўсё, у прынцыпова новай грамадзкай атмасфэры, непараўнальнай з той, што была ў 2006-м ці 2001-м гадах. Пытаньне ў тым, ці ўдасца да выбараў дамагчыся ад улады такіх зьменаў выбарчага заканадаўства, якія б зрабілі падлік галасоў празрыстым і сумленным. Бо калі праводзіць выбарчую кампанію паводле той завядзёнкі, што дзейнічала ў Беларусі на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя, то вынікі такой кампаніі можна прадбачыць ужо сёньня. Яны не залежаць ні ад крызісу, ні ад грамадзкіх настрояў.

У наступных лістах, якія мы атрымалі ў першыя дні новага 2009-га году — водгукі нашых слухачоў на перадачы Свабоды: заўвагі, пажаданьні, папрокі, прэтэнзіі, падзякі. Вось што піша наш даўні сябар Лявон Гуменьнікаў зь Менску:

“Спакойна і радасна на душы, калі ў роднай хаце на роднай мове гаворыць радыё, а ты ў гэты час займаесься нейкімі сваімі хатнімі справамі. А перадачы ўсе вострыя, публіцыстычныя, цікавыя... Не разумею некаторых слухачоў, што тэлефануюць і са злосьцю ў голасе пытаюцца: калі вы ўжо перастанеце паклёпнічаць на беларускі народ? Гэта пустыя словы-штампы. Хай бы сказалі дакладна: дзе, калі, у якой перадачы чулі гэты паклёп. Натуральна, гучыць інфармацыя, мажліва, і ня вельмі прыемная для кагосьці. Але яна праўдзівая, адпавядае рэчаіснасьці. А паклёпам для некаторых яна ўяўляецца толькі таму, што ў прынцыпе ня можа прагучаць на афіцыйным беларускім радыё. Такія людзі прызвычаіліся верыць, што ў нас усё добра. Ёсьць асобныя недахопы, але іх, схаваўшы галаву ў пясок, можна і не заўважаць”.

Далей у сваім лісьце Лявон Гуменьнікаў ацэньвае асобныя праграмы Радыё Свабода. Вось што ён піша, у прыватнасьці, пра падарожжы нашых карэспандэнтаў і праграму “Беларускае замежжа”:

“У некаторых мясьцінах, пра якія распавядае “Свабода”, даводзілася бываць і самому. На вёсцы шмат таленавітых, самабытных людзей, хаця, безумоўна, значная частка іх не асабліва разьбіраецца і арыентуецца ў падзеях. Але тыя шчырасьць і непасрэднасьць, зь якімі людзі гавораць пра набалелае, падкупляюць і сьведчаць пра яшчэ не раскрытыя магутныя ўнутраныя сілы беларускага народу.

А вось перадача “Беларускае замежжа” выклікае дваістае ўражаньне. Яна дае шмат карыснай інфармацыі — як уладкавацца, што рабіць, з чаго пачынаць тым, хто стаў эмігрантам. Ёсьць сярод іх сапраўды выбітныя асобы, што пацярпелі тут у Беларусі і выехалі па палітычных матывах. Але колькі такіх, што абсалютна добраахвотна пры першай жа магчымасьці пакінулі Беларусь. Некаторыя з такіх (і я іх асабіста ведаю) былі героямі вашых перадач. Цяпер яны выдаюць сябе за палітэмігрантаў і кажуць, што ня вернуцца назад, пакуль тут будзе Лукашэнка. Дзіўна чуць гэта зь іх вуснаў. Канечне, вельмі добра прыехаць на ўсё гатовае і карыстацца тым дабрабытам, які ствараўся на Захадзе вякамі. Але хто тады будзе будаваць у нас такое ж самае жыцьцё, калі самыя лепшыя, якімі яны сябе лічаць, выехалі адсюль? Ну ўжо прыжыліся там, дык і жывіце. Але пры чым тут рэжым і пры чым Лукашэнка? Кожны сам выбірае свой лёс”
, — гэтак лічыць Лявон Гуменьнікаў зь Менску.

Адчуваю, спадар Гуменьнікаў, што вашы папрокі выклічуць шмат пярэчаньняў сярод тых нашых шматлікіх слухачоў зь ліку колішніх грамадзкіх актывістаў, якія на працягу мінулага дзесяцігодзьдзя папрасілі палітычнага прытулку на Захадзе і цяпер жывуць там. Напэўна, сапраўды, ня ўсім ім на радзіме пагражала рэальная небясьпека і ня ўсе ратаваліся ад палітычнага перасьледу. Больш за тое, многія ні пры Лукашэнку, ні пасьля яго на радзіму, відавочна, вяртацца не зьбіраюцца. Але і ваша ўяўленьне пра тое, што на Захад яны прыехалі на ўсё гатовае і цяпер свабодна і бесклапотна карыстаюцца з чужога дабрабыту — памылковае. Эмігранцкі лёс — няпросты і нялёгкі. Якраз пра гэта — наша перадача “Беларускае замежжа”.

На заканчэньне кароткі ліст ад Людмілы Краснасельскай з Калінкавічаў. Яна піша:

“Калі слухаю вашы перадачы, на душы становіцца цяплей і весялей. Адразу хочацца размаўляць з усімі на роднай мове. Успамінаюцца дзяцінства і бабуліна вёсачка. Зьяўляецца гонар за тое, што жыву ў такой цудоўнай краіне, як Беларусь”.

Дзякуй, спадарыня Людміла, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by