Валюту ў вёску прывозяць з Расеі гастарбайтэры

Заявы Нацыянальнага банку Беларусі, што пік попыту на замежную валюту мінуўся, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Пра гэта сьведчаць рэгіянальныя карэспандэнты «Свабоды».

ГОРАДНЯ

У Горадні ажыятажная сытуацыя зьмянілася на спакайнейшую, але ў свабодным продажы валюта ёсьць не заўсёды.

“Валюту скупляюць адразу пасьля адкрыцьця абменьнікаў”

Як і раней, валюту пераважна скупляюць адразу пасьля адкрыцьця абменных пунктаў, а потым яе можна набыць толькі ў выпадку, калі нехта яе здасьць.

Загадчыца аддзелу розьнічных паслугаў Белаграпрамбанку ў Ваўкавыску Натальля Грыбач такім чынам пракамэнтавала сытуацыю:

“З раніцы даем валюту, але яе хутка раскупляюць”.

Карэспандэнт: “А як пасьля купіць на працягу дня?”

“Разумееце, у нас няма чым гэта падмацаваць. Попыт застаецца, і што я магу вам сказаць? Нягледзячы на тое, што валюта падаражэла, яна застаецца запатрабаванай”, — запэўнівае Натальля Грыбач.

У Наваградзкім аддзяленьні Белаграпрамбанку эканаміст Павал Крышыц зьвяртае ўвагу на новую тэндэнцыю:

“Цяпер чэргі, каб купляць валюту, трохі супакоіліся, людзі пачалі больш пераводзіць рублёвыя ўклады ў валютныя”.

Як далей будзе разьвівацца сытуацыя на грашовым рынку Гарадзеншчыны? Меркаваньне выказвае Юры Істомін — кіраўнік абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

“Акрамя як у валюту, няма іншай магчымасьці ўкладаць грошы”

“Па-першае, мінус у тым, што няма рынкаў — ні акцый, ні нармальных аблігацый. Таму, акрамя валюты, укладаць грошы іншай магчымасьці больш няма. Таксама ёсьць інфармацыя, што Нацбанк не прадае цяпер за беларускія рублі золата ў зьлітках. Таму попыт на валюту перавышае прапанову.

Мяркую, што ў бліжэйшы час, калі пачнецца разьлік насельніцтва за камунальныя паслугі, попыт зьнізіцца на валюту. Прапанова ж, наадварот, павялічыцца, бо людзі трымаюць грошы ў асноўным у валюце”.

МАГІЛЁЎ

У Магілёве новапрызначаны старшыня абласной вэртыкалі Пётар Руднік вінаваціць мясцовае насельніцтва ў стварэньні ажыятажнага попыту на валюту.

Чыноўнікаў абавязваюць знайсьці спосабы вярнуць назапашаную валюту ў абарот.

Пётар Руднік
“Гэты нездаровы ажыятаж, які падаграецца чуткамі, прывёў да таго, што пайшоў адток беларускіх рублёў з банкаў. Пасьля гэтага — на абмен на амэрыканскія даляры й іншую валюту. Калі гэтая валюта ідзе ў гандаль і набываюцца тавары, то гэта яшчэ паўбяды. Але яна, як правіла, захоўваецца дома, так скажам, на чорны дзень”, — наракае на людзей старшыня аблвыканкаму Пётар Руднік.

Дырэктарскаму корпусу аблвыканкам даручыў напрацаваць прапановы, каб назапашаныя людзьмі сродкі зноў вярнуліся ў абарот. Чыноўнікі прапаноўваюць часьцей праводзіць кірмашы і распродажы.

Аднак яшчэ і сёньня насельніцтва ў Магілёве і Бабруйску зьвяртаецца ў абменныя пункты, каб абмяняць беларускія рублі на замежную валюту. Попыт на яе пакуль перавышае прапанову.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

На Берасьцейшчыне журналіст адшукаў вёску Разьдзялавічы — ці не адзінае ў рэгіёне паселішча, дзе няма праблемы з замежнай валютай.

Валюту ў вёску прывозяць з Расеі гастарбайтэры.

Тлумачыцца гэта даволі проста. Мужчынскае насельніцтва вёскі Разьдзялавічы выяжджае на заробкі ў Расею. Адтуль і прывозяць грошы. Лік такіх вяскоўцаў ідзе на сотні. Тутэйшая цётка Ядзя гэтак бачыць сытуацыю:

“Дзе якія былі ў вёсцы даляры, то людзі скуплялі. Думалі, што ўвогуле зьменіцца беларускі рубель і будзе нешта іншае. Ці нулі адкінуць, альбо яшчэ што зробяць. Таму ганяліся за далярамі. І з рук мянялі. І ў крамы хадзілі мяняць. Усялякае тут здараецца”.

Такім чынам, з Разьдзялавіч больш валюты трапляе ў так званы цэнтар. Гэта значыць, што ў Ганцавічах людзі больш купляюць валюту, а тут больш яе здаюць”.