Расея рыхтуецца аднавіць экспарт газу праз Украіну ў Эўропу ў аўторак а 10 гадзіне паводле менскага часу.
Прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімір Пуцін паабяцаў, што “Газпром” адновіць спыненыя 7 студзеня пастаўкі газу ў Эўропу газатранспартнай сыстэмай Украіны пасьля таго, калі за транзытам расейскага газу пачне сачыць місія назіральнікаў.
Маскве і Кіеву сёньня ўдалося падпісаць пагадненьне аб аднаўленьні газавага транзыту праз Украіну, і выглядае, што гэтае пагадненьне задавальняе абодва бакі. Паводле Пуціна, які закрануў газавую тэму на сёньняшнім пасяджэньні расейскага ўраду, слова цяпер за Брусэлем:
“Цяпер гэты дакумэнт знаходзіцца на шляху ў Брусэль, дзе яго павінны падпісаць чыноўнікі Эўракамісіі. Пасьля гэтага, на месцы, акрэсьленыя ў гэтым дакумэнце, павінны прыехаць незалежныя назіральнікі, і пасьля таго, як яны апынуцца на месцах кантролю, і мы пераканаемся ў тым, што яны здольныя кантраляваць транзыт нашага газу, “Газпром” падасьць газ у газатранспартную сыстэму Ўкраіны для яго транзыту эўрапейскім спажыўцам”.
Яшчэ ўчора прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў назваў дакумэнт аб аднаўленьні транзыту, падпісаны расейскім і ўкраінскім бакамі пры пасярэдніцтве Эўразьвязу, “нікчэмным” і аб’явіў яго нядзейным.
Масква заявіла, што Кіеў падпісаў папярэдне ўзгоднены дакумэнт з агаворкамі, і што адна з гэтых агаворак тычылася дэклярацыі, якую нібыта Кіеў дамагаўся далучыць да дакумэнту. Паводле расейскіх СМІ, Украіна між іншым хацела, каб у гэтай дэклярацыі было пацьверджаньне, што Кіеў не адбіраў расейскага газу з транзытнай трубы.
У заключэньні транзытнага пагадненьня паміж Масквой і Кіевам актыўную ролю адгулялі палітыкі Чэхіі, якая цяпер старшынюе ў Эўразьвязе. Сёньня чэскі міністар прамысловасьці Марцін Рыман заявіў журналістам, што найноўшае пагадненьне здымае праблему як расейскіх, так і ўкраінскіх засьцярогаў:
Расея ня мае прычыны, каб не аднавіць паставак газу неадкладна
Чацьвёртая частка газу, які спажываецца краінамі Эўразьвязу, імпартуецца з Расеі. Калі няма перабояў, 80 адсоткаў гэтага газу ідзе з Расеі праз Украіну, яшчэ 20 – праз Беларусь. У сувязі са спыненьнем падачы газу ва ўкраінскую газатранспартную сыстэму, “Газпром” павялічыў транзыт газу праз Беларусь — з 80 000 да 117 000 кубамэтраў у суткі.