“Грамадзтва глухне, калі няма свабодных мэдыяў”

Алесь Анціпенка

Грамадзкі рэдактар тыдня філёзаф Алесь Анціпенка перакананы, што характар распачатых у краіне пераменаў у эканоміцы, палітыцы, культуры, стасунках з Расеяй і Эўропай шмат у чым будзе залежыць ад мэдыя-сытуацыі ў краіне. Вось якой яна бачыцца спадару Анціпенку.

– Неяк Максім Жбанкоў сказаў: мы жывем у глухім грамадзтве. І, сапраўды, гукнеш, а рэха свайго не пачуеш. Глухім грамадзтва бывае тады, калі ў ім няма свабодных мэдыяў. Калі няма сапраўднага дыялёгу. Калі грамадзкая апінія невыразная, а добра чутны толькі адзін голас, госас улады. І добра чутны ён таму, што менавіта яна, улада, кантралюе усе мэдыі. Вось і зусім нядаўні прыклад: рубель патаньнеў на 20 адсоткаў, а ў самай афіцыйнай і самай кантраляванай праграме “Панарама” Беларускага тэлебачаньня пра гэта – ні слова.

Ва ўсіх сваіх папярэдніх развагах я імкнуўся прадбачыць, як будуць разгортвацца падзеі ў стасунках нашай краіны з Расеяй, Эўропай, у якім кірунку будзе мяняцца беларуская ідэнтычнасьць ды эканамічная сытуацыя.

Але характар гэтых зьменаў будзе шмат у чым залежыць таксама і ад мэдыя-сытуацыі ў краіне. Бо СМІ гэта ня толькі дзейсны чыньнік у выяўленьні пазыцый і апініі самых розных сацыяльных груповак, але ж і надзвычай важны інструмэнт наладжваньня цывілізаванага дыялёгу паміж імі, паміж уладай і грамадзтвам. Улада, якая ігнаруе меркаваньні людзей, раней ці пазьней будзе праігнараваная і самім грамадзтвам. Цывілізаваны дыялёг – гэта яшчэ і антыдот, сродак ад ужываньня брутальнай сілы і гвалту.

На жаль, трэба канстатаваць, што ўлада дагэтуль дастаткова пасьпяхова ігнаравала меркаваньні некаторых груповак беларускага грамадства. Хай сабе гэтыя групоўкі і не былі вялікія. Але існуе агромністая колькасьць прыкладаў, калі альтэрнатыўная думка меншасьці рабілася дамінантнай у грамадзкай апініі.

Дыялёг у нашым грамадстве неабходны дзеля дасягненьня шмат якіх важных мэтаў. Беларускае грамадзтва мае патрэбу ў эканамічных рэформах, ва ўсеагульнай лібэралізацыі, дэсаветызацыі, нарэшце, у наладжваньні кантролю з боку грамадзкай апініі за дзеяньнямі ўлады. Гэта абсалютна нармальныя мэты. І без свабодных мэдыяў і свабоды слова яны недасягальныя.

Я не аптыміст і не ідэаліст. Пасьля пятнаццаці гадовага пэрыяду аўтарытарнага кіраваньня зьмены ў названых вышэй кірунках ня могуць быць хуткія. Але ў любым выпадку патрэбная воля, добрая воля. Нарэшце, варта ўсьвядоміць, што мы маем ня дзьве ці тры, а ўсяго толькі адну Беларусь.