Ленінскі суд Магілёва прыняў да разгляду пазоў жыхара мікрараёну Саломінка, былога кандыдата на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Ігара Каваленкі супраць гарвыканкаму. Гарвыканкам адмовіўся рэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму, што й стала прычынай для суду. Сёньня судзьдзя Галіна Тарасава паведаміла пазоўніку, што працэс пачнецца 16 студзеня і ён абавязаны забясьпечыць яўку на яго ўсіх 27 сяброў ініцыятыўнай групы.
Мясцовы рэфэрэндум ініцыявалі гандляры рынку “Крыніца”, што месьціцца ў мікрараёне Саломінка. Гарвыканкам пастанавіў на месцы рынку ўзьвесьці спарткомплекс, а рынак перанесьці. Праз рэфэрэндум прадпрымальнікі хацелі высьветліць, ці падтрымліваюць жыхары мікрараёну гэты намер улады.
Ініцыятыўную групу па правядзеньні рэфэрэндуму гарвыканкам не зарэгістраваў. Тады гандляры й вырашылі шукаць праўды праз суд. Ад імя 27 прадпрымальнікаў пазоў падаў жыхар мікрараёну Саломінка, былы кандыдат на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў Ігар Каваленка.
“Мяне запрасілі ў Ленінскі суд да судзьдзі Галіны Тарасавай. Яна мне паведаміла, што я як старшыня ініцыятыўнай групы мушу 16 студзеня забясьпечыць яўку ўсіх сяброў ініцыятыўнай групы”, — паведаміў Ігар Каваленка.
Гандляры спадзяюцца, што суд абавяжа гарадзкую выканаўчую ўладу зарэгістраваць ініцыятыўную групу й прыпыніць на час судовага працэсу дзейнасьць пастановы пра перанос рынка. Аднак, паводле Ігара Каваленкі, судзьдзя адмовілася прыпыняць гэтую пастанову:
“Тады я сказаў, што калі зьнясуць рынак, то ня будзе прадмету спрэчкі. Што я тут магу сказаць? Мы ўсе будзем змагацца за свае правы на правядзеньне рэфэрэндуму”, — зазначае Ігар Каваленка.
Прадпрымальнікі павінны да 2 студзеня перавесьці свае павільёны на іншую пляцоўку, але ў выпадку, калі яна будзе падрыхтаваная. Сёньня на новай пляцоўцы яшчэ працавалі будаўнікі.
Тым часам некаторыя гандляры рынку ўжо сплацілі падаткі за наступны месяц і кажуць, што цягам студзеня не зьбіраюцца пераяжджаць. Гаворыць адзін з такіх гандляроў:
“Ёсьць верагоднасьць, што рынак зьнясуць, нават вялікая. Аднак ёсьць і верагоднасьць, што не зьнясуць. Крызіс жа закрануў і нашу ўладу, і нашае жыцьцё. Грошай жа, па вялікім рахунку, няма, каб будаваць такія аб’екты, якія давядзецца ўтрымліваць. Яны ж гэта разумеюць. Грошы ж гарадзкія ўкладзеныя. А за іх некаму давядзецца адказваць.”
Пра прававыя навацыі ў дзейнасьці прадпрымальнікаў гандляры “Крыніцы” чулі, але дэталёва яшчэ не знаёміліся зь імі. Яны перакананыя, што лепшых умоваў новы ўказ з сабой не прынясе:
“Калі гэты ўказ уступіць у сілу й нам давядзецца плаціць дзесяць працэнтаў, то прадпрымальнікі ня выжывуць. Яны нам падвысілі й надбаўку па імпарце — ужо два працэнты мы будзем плаціць. Да таго ж падаткі пастаянна растуць. Таму сьвятаў абсалютна не адчуваецца”, — мяркуе адна з гандлярак “Крыніцы”.
Прадпрымальнікі перакананыя, што калі б яны не назьбіралі ў сваю падтрымку шасьці тысяч подпісаў жыхароў мікрараёну Саломінка, то рынку даўно б не было, а дзеяньні ўлады былі нашмат больш жорсткімі. На рынку працуюць паўтары сотні гандляроў.