Дэмакратызацыя як умова Ўсходняга партнэрства

У Менску праходзяць перамовы кіраўнікоў МЗС Літвы і Беларусі Вігаўдаса Ўшацкаса і Сяргея Мартынава.



Вігаўдас Ушацкас абмяркоўвае пытаньні двухбаковых стасункаў, энэргетычнай бясьпекі й эканамічнага супрацоўніцтва, а таксама супрацоўніцтва ў рамках ініцыятывы Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу, паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.

Вігаўдас Ушацкас
“Я прыехаў, каб мы гаварылі і стваралі агульную будучыню адзінай Эўропы”, - заявіў Ушацкас жуналістам.

Ён дадаў: Літва зацікаўленая ў разьвіцьці эканамічных і культурніцкіх адносінаў, гаворка будзе ісьці і пра Ўсходняе партнэрства.

Міністар замежных справаў Літвы заявіў, што ягоная краіна “вітае крокі беларускага ўраду, накіраваныя на тое, каб у будучыні быць сябрам ініцыятывы ЭЗ “Усходняе партнэрства”.

“Дэмакратызацыя – адзін з блёкаў “Усходняга партнэрства”, - заявіў Ушацкас.

Ён вітаў рэгістрацыю руху “За свабоду” і вяртаньне ў шапікі і падпіску “Нашай нівы” і “Народная Волі”.

“Беларускаму боку вядома, што Эўразьвяз чакае далейшых крокаў ад Беларусі ў справе пабудовы адкрытага грамадзтва”, - заявіў кіраўнік МЗС Літвы.

Сяргей Мартынаў
“Літва і Беларусь злучаныя повязямі добрасуседзтва, нягледзячы на тое, што арыентуюцца на розныя зьнешнепалітычныя маякі”, - заявіў Сяргей Мартынаў.

“Мы пачынаем не з чыстага аркушу, не з нуля, і мы павінныя працягваць рух к правільным накірунку”, - падкрэсьліў Мартынаў.

“У стаўленьні да праграмы “Ўсходняе партнэрства” Беларусь у прынцыпе займае станоўчую пазыцыю”, - зазначыў кіраўнік МЗС Беларусі Сяргей Мартынаў.

“Мы хацелі бы дачакацца, калі будзе канчаткова аформлены гэты праект”, - дадаў ён

“Мы пазытыўна ацэньваем свой удзел у гэтай праграме”.


***


26 сьнежня Ўшацкас выступіў з спэцыяльным зваротам да беларусаў. Ён адзначыў, што ў 2009 годзе сьвяткуецца тысячагодзьдзе імя Літвы. А Вільня на наступны год робіцца культурнай сталіцай Эўропы. Міністар запрасіў беларусаў наведаць сьвяточныя мерапрыемствы ў Літве, "бо гэта ёсьць гістарычная дата, што яднае нашыя народы".

Ушацкас афіцыйна заняў пасаду 10 сьнежня, пасьля зьмены ўраду Літвы. На пасадзе міністра замежных спраў ён зьмяніў Пятраса Вайтэкюнаса, які, у сваю чаргу, быў паслом Літвы ў Беларусі, нагадвае БелаПАН.

Ад 1997 года дзейнічала забарона Эўразьвязу на палітычныя кантакты зь беларускімі чыноўнікамі вышэй узроўню намесьніка міністра. Аднак сёлета адбыўся шэраг сустрэчаў беларускіх і эўрапейскіх чыноўнікаў на міністэрскім узроўні.

11 ліпеня прэм'ер-міністар Латвіі Іварс Годманіс правёў перамовы зь беларускім калегам Сяргеем Сідорскім на памежным пераходзе. Яны абмеркавалі супрацоўніцтва ў сфэры транзытных перавозак і энэргетыкі.

2 верасьня ў Літве Сідорскі сустрэўся зь літоўскім прэм'ерам Гедымінасам Кіркіласам. Яны абмеркавалі праекты ў галіне энэргетыкі, транспарту і транзыту.

11 верасьня ў Літве міністры замежных спраў Сяргей Мартынаў і Пятрас Вайтэкюнас на нефармальнай сустрэчы абмеркавалі разьвіцьцё двухбаковага супрацоўніцтва і сувязей па лініі Беларусь — ЭЗ.

11 верасьня міністар эканомікі, віцэ-прэм'ер Польшчы Вальдэмар Паўляк на канфэрэнцыі ў Польшчы сустрэўся з намесьнікам кіраўніка беларускага ўраду Андрэем Кабяковым, каб абмеркаваць разьвіцьцё гандлёва-эканамічных адносінаў.

12 верасьня ў беларускую частку Белавежскай пушчы для сустрэчы з беларускім калегам прыехаў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі. Абодва засталіся задаволены дыскусіяй, цытавалі польскія СМІ свайго міністра.