Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цана на газ для Беларусі ў 2009 годзе будзе “падаючай”.
Падчас знаходжаньня ў Берасьцейскай вобласьці ён паведаміў журналістам, што “цана на газ упадзе з 1 студзеня па 31 сьнежня 2009 года у 2,5-3 разы і па выніках году будзе для нас прымальнай”.
А.Лукашэнка адзначыў, што ён удзячны расейскаму боку і што Беларусь “гэта адпрацуе”. Кіраўнік Беларусі задаволены, што “пазыцыя беларускага боку знайшла разуменьне ў кіраўніцтва Расеі”.
Ён сказаў, што абмеркаваны на перамовах у Маскве 22 сьнежня комплекс пытаньняў пераважна знаходзіўся ў фінансава-эканамічнай сфэры: абмяркоўвалася магчымасьць пераходу на расейскі рубель у разьліках.
“У кіраўніцтва Расеі гэта знайшло разуменьне, цэнтральнымі банкамі падрыхтаваны адмысловы праэкт дакумэнта, і мы яго падпішам, калі на гэта будзе воля расейскага боку. Расейская валюта можа стаць рэзэрвовай разам з далярам, эўра і юанем”.
Паводле А.Лукашэнкі, у Маскве шырока абмяркоўвалася тэма крызысу.
"Ніхто ня ведае, колькі будзе цягнуцца гэты крызыс, нешта тут незразумелае. Нехта з моцных гэтага сьвету зацікаўлены ў гэтым крызысе".
Пад час перамоваў Расея пацьвердзіла, што ў лютым выдзеліць Беларусі другі транш крэдыту ў памеры 1 мільярд даляраў.
"Мы таксама абмеркавалі ўвесь комплекс вайскова-палітычных пытаньняў. Гаворка ішла пра ўмацаваньне сумеснай рэгіянальнай групоўкі войскаў, яе пераўзбраеньні і мадэрнізацыі. Напрыканцы студзеня мы выйдзем на падпісаньне пагадненьня аб стварэньні адзінай сыстэмы супрацьпаветранай абароны".
Кіраўнік Беларусі заявіў, што “гэта былі вельмі цяжкія перамовы. Але сытуацыя складвалася ня горшым чынам для нас”.