Адно з галоўных уражаньняў ад першага знаёмства з Заходнім Бэрлінам-1988 – як рана прыходзіць да людзей адчуваньне галоўнага зімовага сьвята. У апошнюю нядзелю лістапада, за чатыры тыдні да Калядаў, у немцаў прынята адзначаць першы адвэнт.Усяго такіх адвэнтаў чатыры. На адвэнты нямецкія гаспадыні пякуць спэцыяльнае каляднае печыва, а дзеці кожны тыдзень запальваюць па сьвечцы.
Шмат калядных прысмакаў можна набыць і на калядных кірмашах, якія пры канцы лістапада ўсталёўваюцца на плошчах нямецкіх гарадоў. Офіс заходненямецкай “Акцыі збавеньня” (Aktion Suehnezeichen), якая запрасіла мяне ў Бэрлін, і чыім кіраўніком быў літаратар і сябра Васіля Быкава Хрыстаф Хойбнэр, знаходзіўся непадалёк ад Кудаму. Тут і цяпер працуе папулярны калядны кірмаш. Побач вядомая крама KaDeWe, ў якой найвялікшы выбар калядных падарункаў.
Памятаю пачуцьці 20-гадовай даўніны: як шкада, што гэтага калядна-казачнага гораду ня бачыць мой малы сын ды іншыя беларускія дзеці. Набывала яму і яго сябрам ў якасьці падарункаў адвэнт-- календары з цукеркамі. У кожным па 24 акенцы. Штодня дзіця адкрывае такое акенца і бачыць у ім маленькую калядку.
На наступны год, калі я ізноў еду ў Заходні Бэрлін, сын замаўляе прывесьці яму і сябрам менавіта такія падарункі. У 1989 разам з цукеркамі прыводжу дадому і бэрлінскія камяні...
Гэтыя кавалкі муру мы ў кампаніі зь невядомай мне амэрыканскай турысткай накалацілі малаткамі ля Брандэнбурскіх варотаў, праз некалькі тыдняў пасьля гістарычнага падзеньня сьцяны... Калаціць сьцяну было на то час любімым заняткам гасьцей і жыхароў абодвух Бэрлінаў.
Фрык: У 1989-м я танчыў на Бэрлінскім муры
З колішнім амбасадарам ФРГ у Беларусі Гельмутам Фрыкам сустракаюся у кавярні ля Брандэнбурскіх варотаў. Доктар Фрык узгадвае, як 9 лістапада 1989 ён разам са сваёй жонкай танчылі на бэрлінскім муры.
“У той час я быў заходненямецкім дыпляматам ва Ўсходнім Бэрліне, 9 лістапада, як толькі мы пачулі пра тое, што ГДР вымушаная адчыніць межы, а мы жылі ў раёне Панкаў, так хутчэй пабеглі да машыны і паехалі на месца падзеяў. Праехалі няшмат, апошнія некалькі кілямэтраў вымушаныя былі ісьці пешшу – усё было застаўлена машынамі. А потым мы палезьлі на сьцяну. Што там адбывалася! Людзі сьпявалі, танчылі, цалаваліся... Тады мы ўсе ўяўлялі сабе наша сумеснае жыцьцё на кантынэнце. Падавалася, што гэта для ўсёй Усходняй Эўропы нейкі казачны падарунак. Верылася ў перамены ў былым СССР. Тады ў нас, маладых, пяцідзесяцігадовых, было столькі надзеяў!”
Як, дарэчы, і ў беларусаў. Прыводжу нямецкаму дыплямату словы, якія і яму самому даводзілася чуць у час наведаньня нашай краіны -- “сваёй візавай палітыкай Захад будуе для беларусаў чарговы бэрлінскі мур”.
Фрык з гэтым ня згодны. Ён лічыць, што ўсё залежыць не ад візавай палітыкі, а ад разуменьня грамадзянаў, дзе яны хочуць жыць. “Можна быць задаволеным тым, што жывеш ва ўмовах дзяржаўнага ці аўтарытарнага парадку, аднак пры пэўнай стабільнасьці”, кажа дыплямат. Ён узгадвае сваю апошнюю паездку ў Беларусь сёлета ў кастрычніку, калі адзначалася 65-годзьдзе зьнішчэньня Менскага гета.
Можна быць задаволеным тым, што жывеш ва ўмовах дзяржаўнага ці аўтарытарнага парадку, аднак пры пэўнай стабільнасьці
Паводле дыплямата, заходнеэўрапейцам усё гэта вельмі нязвыкла ўсё гэта чуць.
“Мы зь дзяцінства маем іншую сацыялізацыю, гаворыць Фрык. Таго, што напісана ў адной газэце, недастаткова, каб скласьці больш-менш правільнае ўражаньне. Трэба 10 газэт. Кожны з нас ведае сваё права не пагаджацца з дзяржаўнымі чыноўнікамі, пратэставаць супраць дзеяньняў дзяржавы на вуліцах. Для мяне з маім мэнталітэтам гучыць неяк дзіўна, аднак я цалкам дапускаю і такое, калі многія людзі ў Беларусі лічаць, што выходзіць на вуліцы трэба дзеля таго, каб сказаць вялікі дзякуй свайму прэзыдэнту за тое, як чыста ў горадзе, за тое, што своечасова яны атрымліваюць пэнсіі і за тое, што ў Беларусі ня так дрэнна, як ва Ўкраіне ці ў Расеі...
Цяперашнія саступкі рэжыму з боку Захаду дыплямат тлумачыць тым, што “ Эўропа дае шанец Лукашэнку”.
“Ніхто ня лічыць яго сьвятым, удакладняе Фрык. 27 эўрапейскіх дзяржаваў далі яму час на выпрабаваньне. І калі гэты час скончыцца, яны на падставе кансэнсусу прымуць адпаведнае рашэньне”.
Вік: “Аб’яднаньня і дэмакратыі хацелі 75% жыхароў ГДР”
Сустрэча з другім выдатным нямецкім дыпляматам Гансам-Георгам Вікам адбываецца ў ягоным доме. Гэта зусім на захадзе Заходняга Бэрліну, непадалёк ад раёну Далем. Непадалёк месьціцца Вольны нямецкі ўнівэрсытэт, дзе доктар Вік апошнім часам выкладае будучым палітолягам.
З часу нашай апошняй сустрэчы ў Менску колішні кіраўнік місіі АБСЭ ў Менску амаль не зьмяніўся. Сёньня ў свае 80 гадоў ён зусім ня менш актыўны. Сьпіць па-ранейшаму ня больш за пяць гадзінаў. Засынае а першай ці другой гадзіне ночы толькі пасьля таго, як азнаёміцца з інтэрнэт-вэрсіяй ранішняга нумару “Frankfurter Allgemeine”. Кожны дзень і ў любое надвор’е робіць роварную прагулку ў бок Кудам. Штодня штосьці рамантуе ў сваім вялікім доме. Сам гатуе сабе ежу, нават пячэ. Сям’я дыплямата вялікая – тры сыны, адна дачка, дзесяцера ўнукаў. Адна зь нявестак дыплямата – таджычка.
“Пасьля таго, як 30 гадоў таму памерла мая жонка, – расказвае дыплямат, – я вырашыў стварыць такую атмасфэру ў доме, каб дзеці – ім на той момант было ад 10-ці да 20-ці гадоў – увесь час адчувалі яе прысутнасьць. Гэта ўдалося. Вось і сёньня ў гэтым доме ёсьць яе дух”.
Да 20-цігодзьзя падзеньня Бэрлінскага муру дыплямат мае напісаць кнігу мэмуараў. На момант пачатку дэмакратычных працэсаў у ГДР Вік быў кіраўніком нямецкай замежнай выведкі BND.
Вы ж разумееце, мы не спынялі людзей на вуліцах, у нас была свая мэтодыка атрыманьня гэтых зьвестак, – расказвае Вік. – Паводле тых вынікаў, аб’яднаньня хацелі 75% усходніх немцаў
“Вы ж разумееце, мы не спынялі людзей на вуліцах, у нас была свая мэтодыка атрыманьня гэтых зьвестак, – расказвае Вік. – Паводле тых вынікаў, аб’яднаньня хацелі 75% усходніх немцаў. Яны тлумачылі свой выбар тым, што гэта вызваліць іх ад савецкай прысутнасьці ў краіне і, як вынік, пазбавіць дэфіцытаў, у тым ліку й дэфіцыту свабоды. Сярод 25% тых, хто выступаў супраць, палова былі функцыянэры, а яшчэ палова былі ня супраць дэмакратызацыі, аднак ня ў складзе ФРГ, а ў асобнай дзяржаве”.
Усе гэтыя падзеі будуць апісаныя ў мэмуарах дыплямата і выведніка...
“Гэтая праца даецца мне вельмі цяжка, – скардзіцца Вік. – Пісаць пра BND я не хачу. Я ніколі ня быў кадравым выведнікам. У маёй кнізе шмат рэтраспэкцыяў. Памяць ніколі не бывае храналягічнай. Аднак выдавецтва дыктуе свае правілы. Шмат што даводзіцца перарабляць”.
Вік прыпамінае, што на той час ніхто не хацеў моцнай Нямеччыны. А ягоным жаданьнем, прыкладна ад 17 ягоных гадоў, калі Нямеччына зьведала вялікую паразу ў вайне і як краіна фактычна перастала існаваць, было адраджэньне дзяржавы. Эканамічнае, палітычнае, духоўнае.
“Чаму Нямеччына не зрабіла ніякіх урокаў зь першай усясьветнай вайны?” – гэтае пытаньне ў часе нашай размовы гучыць некалькі разоў. Тым, што аб’яднаньне Нямеччыны прывяло да пашырэньня Эўразьвязу на ўсход, дыплямат вельмі задаволены:
“Сёньня ніхто ня скажа: “Гэтага хочуць немцы, а таму да гэтага трэба адпаведна паставіцца”. Гэтага хочуць дзясяткі краінаў аб’яднанай Эўропы”.
Вік верыць, што Беларусь, дзе прайшлі тры гады ягонага жыцьця, усё ж набудзе сапраўднае эўрапейскае аблічча і што ўсе пераўтварэньні пачнуцца з эканамічных рэформаў.
“Я думаю, наколькі палепшыцца агульны настрой у грамадзтве, калі ў Беларусі зьявяцца заходнія інвэстары, фірмы, усе іхныя крамы. Усё гэта надасьць постсавецкаму Менску зусім іншае эўрапейскае аблічча. Дарэчы, зусім не чужое для Менску. Такі імідж адпавядае вашаму гораду”, – кажа вядомы нямецкі дыплямат.
***
... Калісьці 20 гадоў таму падзеньне Бэрлінскага муру і аб’яднаньне Нямеччыны былі для многіх настолькі нечаканымі, што хацелася па поўнай праграме і як мага хутчэй выкарыстаць факт адсутнасьці межаў паміж Усходняй і Заходняй Нямеччынай. Без усялякай візы, з дазваляльным штампам на выезд у ГДР многія літаральна панесьліся ў заходнія вандроўкі. Адна мая знаёмая гэткім чынам даехала да Ля Маншу.
“Што чакае наступныя пакаленьні беларусаў?” –думаю я, калі гляджу ў Менску на рэшткі ад бэрлінскага муру...
Бэрлін-2008. Згадваючы горад-выспу
Gоrbatschov, Belarus i Weissrussland