Пачынаючы зь верасьня, гарадзенскі камбінат будаўнічых матэрыялаў недалічваецца штомесяц у сваіх прыбытках да 80 тысяч даляраў.
Намесьнік дырэктара прадпрыемства, Аляксандар Шухно, кажа, што экспарт пачаў скарачацца ўжо з жніўня:
“Экспарт зьнізіўся. Нашы партнэры, Расея й Украіна, маюць праблемы з набыцьцём прадукцыі. У іх прыпынілася фінансаваньне будоўляў, і гэта адбіваецца на нашым прадпрыемстве. Пачынаючы зь верасьня, мы страчваем штомесяц прыкладна каля 80 тысяч даляраў”.
Спадар Шухно распавядае, што на экспарт іх прадпрыемства скіроўвала да 30 працэнтаў прадукцыі, таму яно працуе і далей. Хаця частку людзей даводзіцца адпраўляць у адпачынак:
“Да прыкладу, спыняецца зараз на рамонт цэх. І, адпаведна, тых, хто не задзейнічаны, просім выйсьці ў адпачынак. І людзі тады нічога ня страчваюць у грашах”.
Аляксандар Шухно таксама распавядае, што прадпрыемства адчула значны недахоп валютных сродкаў. Даводзіцца спыняць раней заплянаваныя праграмы:
“Плянавалі закупку пагрузчыкаў, але давялося адмовіцца. Думалі правесьці ў некаторых цэхах рэканструкцыю, але таксама адклалі. Апошні месяц даводзілася браць крэдыт на выплату заробкаў. Страта экспарту адбіваецца на сродках прадпрыемства”.
Нагадаю, што яшчэ ўвесну й на пачатку лета, каб набыць будаўнічыя блёкі, якія вырабляе гарадзенскае прадпрыемства будаўнічых матэрыялаў, гарадзенцы запісваліся ў чаргу. Чакаць даводзілася больш за год.
Тады можна было пачуць, што ў першую чаргу прадукцыя накіроўваецца пераважна ў Калінінградзкую вобласьць. З надыходам жа крызісу зьнікла й праблема чэргаў.