“Ars incognitа” раскрывае таямніцы

Тэрыторыя невядомасьці заходнебеларускага мастацтва сёньня скарацілася прынамсі на аднаго аўтара. Гэта адбылося дзякуючы выставе “Ars incognita”, якая адкрылася ў акадэмічным Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру. У яе экспазыцыі, прысьвечанай 70-годзьдзю ўзьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі, прадстаўленыя творы сямі мастакоў Віленскай мастацкай школы.

Імя Паўлы Южыка, як, зрэшты, і ягоныя творы, было невядомае да гэтай выставы нават мастацтвазнаўцам. Арганізатарам “Ars incognita” яго падказаў літаратуразнаўца Арсень Ліс і назваў людзей, у чыіх прыватных зборах захоўваюцца карціны гэтага заходнебеларускага жывапісца. Гаворыць адзін з арганізатараў выставы мастак Уладзімер Крукоўскі:

“Адкрыцьцё гэтага году — гэта Павал Южык. Не мастакі яго адкрылі, а адкрыў яго ў свой час Арсень Ліс. Але мы сёлета езьдзілі на яго радзіму, езьдзілі ў Смаргонь, паглядзелі ягоныя творы ў прыватных руках, у людзей, што называецца. І чатыры яго творы выставілі тут”.

Сярод гэтых чатырох ёсьць рэч абсалютна ўнікальная. Гэта партрэт ягонага бацькі Тамаша, які быў апошнім садоўнікам у Агінскіх у Залесьсі. Гэта прыжыцьцёвы партрэт, ён датуецца 1898 годам.

Сын садоўніка Агінскіх скончыў у Вільні славутую “рысавальную школу Трутнева”. Непасрэднае дачыненьне да Вільні маюць і астатнія аўтары экспазыцыі — вядомыя мастакі Пётра Сергіевіч, Язэп Драздовіч, Міхась Сеўрук ды іхныя менш ці амаль зусім невядомыя сучасьнікі і суайчыньнікі Зьміцер Крачкоўскі, Сяргей Вішнеўскі і Васіль Сідаровіч. Спадар Крукоўскі працягвае:

“Сідаровіча тут адзін твор толькі. Ён адзіны, які мы змаглі знайсьці. Дарэчы, у Мастацкім музэі наагул ніводнага твору Васіля Сідаровіча няма. Калі Крачкоўскага тое-сёе ёсьць там, калі Драздовіча імя настолькі ўжо шырока вядомае, што, відаць, ужо многія музэі маюць адну-дзьве, а то і больш ягоных карцін, то тут мы паказалі тое, што ніхто ня бачыў. Нездарма ж мы назвалі выставу „Ars incognita“ — „Невядомае мастацтва“. Невядомае ня толькі па творах, але і ў некаторых выпадках, як у выпадку зь Южыкам, і па прозьвішчах невядомае”.

Але дзяржаўныя ўстановы не выяўляюць цікавасьці да гэтых твораў, — кажа адзін з арганізатараў “Ars incognita” Ўладзімер Крукоўскі.

“Два гады таму мы прадставілі нашаму Мастацкаму музэю салідную калекцыю графікі Сергіевіча і Сеўрука. Яна там праляжала з паўгода бяз руху, пасьля чаго я па ўмоўленасьці з маімі калегамі забраў яе, таму што не адчувалася, што будзе нейкі рух у напрамку набыцьця”.

Выстава будзе доўжыцца да 26 сьнежня. А пасьля 142 экспанаваныя творы заходнебеларускіх мастакоў віленскае школы зноў разьедуцца па прыватных калекцыях. Ніхто зь іх уладальнікаў ня мае ўмоваў для публічнага паказу невядомага мастацтва.