Пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў заявіў сёньня журналістам, што Расея ня будзе прыпыняць пастаўкі газу, нават калі да пачатку года ня будзе ўзгодненая цана.
Паводле яго слоў, кантракт замацоўвае пастаўкі газу ў Беларусь да 2011 году, таму Расея "не пастаўляць газ не можа", паведамляе БелаПАН. Пры гэтым А.Сурыкаў ня змог адказаць, якой будзе цана на газ для Беларусі ў 2009 годзе. "Гэта рабочыя пытаньні, і яны будуць абмяркоўвацца. Шмат залежыць і ад цаны, што складзецца на 1 студзеня на сусьветным рынку", — дадаў А.Сурыкаў.
Аляксандр Лукашэнка бліжэйшым часам мае намер абмеркаваць зь кіраўніцтвам Расеі газавае пытаньне. Пра гэта, паводле зьвестак дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелТА, ён заявіў 16 сьнежня на ўрачыстай цырымоніі пуску прыроднага газу ў Беразіне (Менская вобласьць).
"Перамовы кожны год ідуць цяжка", — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы. І ён не выключыў, што "сёлета сытуацыя будзе аналягічнай". "Бліжэйшым часам мы сустрэнемся з кіраўніцтвам Расеі, каб абмеркаваць гэтае пытаньне, — сказаў прэзыдэнт. — Пэрспэктывы, зыходзячы з сусьветных цэн, пакуль нядрэнныя".
Як паведаміў журналістам першы намеснік прэм`ер-міністра Уладзімер Сямашка, Беларусь разьлічвае заключыць кантракт з Расеяй на пастаўку газу ў 2009 годзе да канца гэтага года; 12 сьнежня згаданая тэма абмяркоўвалася на пасяджэньні Савета кіраўнікоў урадаў ЭўрАзЭС. "Думаю, да канца года гэтае пытаньне будзе вырашана", — сказаў У.Сямашка і зазначыў, што "сусьветная цана на нафту за апошні час упала ў 3,5 разы, і ў гэтай сытуацыі мець больш чым двухразовае павелічэньне цаны на газ было б парадаксальным".
Нагадаем, 15 сьнежня ў расейскай газэце "Коммерсантъ" была апублікаваная прапанова са спасылкай на неназванага мэнэджэра "Газпрома", што цана на газ для Беларусі ў 2009 годзе можа скласьці 240 долараў за тысячу кубічных мэтраў. Зь іншага боку, як паведаміў 11 сьнежня намесьнік міністра эканомікі Уладзімер Адашкевіч, Беларусь разьлічвае ў 2009 годзе купляць расійскі газ па цане не вышэйшай за 160 даляраў за тысячу кубамэтраў.