Сёньня старшыня грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” (афіцыйна зарэгістраванае ва Ўкраіне) Віктар Гарбачоў заявіў “Свабодзе”, што практычна ўсе рэгіянальныя арганізацыі ў Беларусі падтрымаюць Марш прадпрымальнікаў у Менску.
“Гэта праблема 200 тысяч прадпрымальнікаў, – кажа Віктар Гарбачоў. – Таму адпаведна вырашаць праблему трэба сумесна, а не паасобку. З рэгіёнаў ужо накіроўваюцца нашы прадстаўнікі. Мне раніцай тэлефанавалі са Слуцка, Гомельшчыны, Баранавічаў і іншых рэгіёнаў. Паведамленьні сьведчаць, што ў дарозе аўтамабілі і аўтобусы спыняюць міліцыянты. Але гэты транспарт не заварочваюць назад. Міліцыянты перапісваюць пашпартныя дадзеныя і толькі”.