“Дунін-Марцінкевіч падае прыклад быць творцамі шматграннымі”

На адкрыцьці выставы выступае мастак Фёдар Ястраб

Сёньня ў менскім Палацы мастацтваў адкрыліся дзьве выставы. Першая прысьвечаная мастаку Язэпу Драздовічу (120 гадоў ад дня нараджэньня). Другая — літаратару Вінцэнту Якубу Дуніну-Марцінкевічу (200 гадоў ад дня нараджэньня).

Адкрыў прэзэнтацыю выступ трыо “Вытокі”, — у прасторнай залі Палаца Мастацтваў загучала музыка, якая была звыклай для гасьціных ды музычных заляў беларускай шляхты пачатку-сярэдзіны 19-га стагодзьдзя.

Мастак Рыгор Сітніца, выступаючы перад гасьцямі прэзэнтацыі, падкрэсьліў значнасьць асобы Дуніна-Марцінкевіча як аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры:

“І мы ўсе, беларускія творцы, мусім быць удзячнымі гэтаму чалавеку, бо не было б яго — дык невядома, кім бы мы былі, якімі б мы былі і дзе б мы былі наагул на сёньняшні дзень. Таму схіляйма галовы перад гэтай асобаю. Вялікая падзея ў культурным жыцьці нашае краіны — выхад кнігі прысьвечанай Дуніну-Марцінкевічу”…

Укладальнік альбому “Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч”, аўтар тэкстаў да яго — мастак Фёдар Ястраб. Ён кажа, што прыклад творчай шматграннасьці дапамог яму, мастаку, стварыць тэкст пра славутага беларуса:

“Мы чамусьці ў сваіх цэхах вельмі ізаляваныя. Літаратары меней ведаюць кампазытараў, кампазытары — мастакоў. Літаратары жывуць сваім цэхам. Насамрэч творца — асоба сынтэтычная І Дунін-Марцінкевіч дае падставу думаць менавіта так. Таму што ён быў добрым рэжысэрам, выдатным танцорам, чый нумар называлі „Менскія Губернскія ведамасьці“ лепшым у пастаноўцы, ён быў тэатралам-аматарам і тэатральным пастаноўшчыкам”…

Адна з наведніц прэзэнтацыі выставы падзялілася сваімі ўражаньнямі:

“Спадабаліся працы Аляксея Марачкіна, Ігара Алексіевіча, ён выкладае ў нас у Каледжы імя Ахрэмчка… Таксама прыемна было бачыць працы Дар’і Бунеевай, — цікавая тэхніка выкананьня. І была рада пабачыць творы Міколы Купавы, якія ведаю даўно — але прыемна было пабачыць іх цяпер, сёньня, тут”…

Яшчэ адна госьця Палаца мастацтваў кажа, што пацешыла спалучэньне: музыка, фарбы, выявы…

“Добрыя ўражаньні і ад спалучэньня музыкі з усім. Музыка цудоўная, і артысты выключныя, і Скарабагатаў выдатна сьпяваў”…