12 сьнежня адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі сэрыі “Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе”. Яе склалі мэмуары першага амбасадара незалежнай Беларусі ў Нямеччыне, дэпутата Вярхоўнага Савету XII скліканьня, мовазнаўцы Пётры Садоўскага.
Ул.Някляеў: “Гэта кніга таленавітага чалавека, напісаная разумна”
А.Пашкевіч: “Садоўскі схаваў у акулярах відэакамэру”
Сваімі чытацкімі ўражаньнямі ад кнігі, якую аўтар назваў “Мой шыбалет”, дзеліцца ягоны тагачасны калега па дэпутацтве і грамадзкай дзейнасьці паэт Анатоль Вярцінскі.
“Я пазнаёміўся з кнігай Пётры Садоўскага “Мой шыбалет” — віншую яго з гэтай падзеяй, яго першай кнігай. Шлях да яе, я ведаю, быў няпросты і дужа працяглы ў часе.
Калі гаварыць пра свае ўражаньні ад кнігі, то я сказаў бы вось што. Па-першае, яна цікавая была мне як чалавеку, які параўнаўча даўно асабіста ведае аўтара. Тут я зыходжу з свайго крытэру ацэнкі твора. Калі кніга такая ж, як аўтар, тады, я лічу, гэты твор сапраўдны.
Другое. Яна цікавая мне як равесьніку аўтара. Шмат што агульнага ў нас нават у дэталях.
Яна цікавая мне як вяскоўцу, як сялянскаму сыну.
Яна цікавая мне як філёлягу — досьвед Пётры Садоўскага тут проста вельмі павучальны.
Яна цікавая мне як паэту. Шмат якія мясьціны кнігі, пачынаючы ўжо нават з самога вызначэньня назвы, — яны вельмі паэтычныя. Згадаем яго параўнаньне вады з калодзежа і вады з рэчкі, пасаж пра матылька і журбу або пра ток у правадах.
Яна цікавая мне як і калегу Пётры Садоўскага па Вярхоўным Савеце XII скліканьня, а потым і па грамадзка-палітычнай дзейнасьці таго часу.
Кніга цікавая мне як і прадстаўніку, прызнаюся, мужчынскай паловы чалавецтва. Згадаем тут яго прызнаньне наконт таго, што ён адчувае ў сабе нешта агульнае з героем вядомага твору “Парфумэр” Патрыка Зюскінда.
Кніга “Мой шыбалет” цікавая мне ў канчатковым выніку як беларусу, як прадстаўніку пэўнага этнасу зь яго псыхалёгіяй, мэнтальнасьцю, зь яго няпростымі пошукамі самаідэнтыфікацыі”.