Эфір 7 сьнежня.
Якія магчымасьці адкрывае перад Беларусьсю новая праграма Ўсходняга партнэрства, прапанаваная Эўразьвязам шасьці постсавецкім краінам? Чаму такім розным краінам, як Беларусь і Украіна, Эўразьвяз прапаноўвае адну праграму супрацоўніцтва? Наколькі вялікая імавернасьць, што Менск прыме прапанову Эўропы?
Гэтыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць: рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике» Фёдар Лук’янаў, экспэрт Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў і кіраўнік аддзелу СНД Нямецкай рады зьнешняй палітыкі Аляксандар Рар. Вядзе перадачу Юры Дракахруст
Юры Дракахруст: 3 сьнежня Эўрапейская камісія агучыла праект Усходняга партнэрства – новай праграмы супрацоўніцтва, якая тычыцца шасьці краінаў СНД – Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Ўкраіны. У чым сутнасьць гэтай прапановы, чым яна адрозьніваецца ад ранейшай, больш шырокай Праграмы добрасуседзтва, якая тычыцца ўсіх дзяржаваў, якія мяжуюць з Эўразьвязам. Гаворыць нямецкі экспэрт Аляксандар Рар.
Аляксандар Рар: Эўразьвяз ужо некалькі гадоў як праклямуе новую ўсходнюю палітыку, якая зводзіцца да таго, каб з аднаго боку працягваць стратэгічнае партнэрства з Расеяй (за гэтую лінію выступаюць такія краіны, як Нямеччына, Францыя і Італія), а з другога – спрыяць збліжэньню паміж эўрапейскімі краінамі і краінамі СНД, якія імкнуцца да такога збліжэньня. Да іх належаць і тыя 6 дзяржаваў, якія зараз упісаныя ў новую стратэгічную праграму Эўразьвязу Ўсходняе партнэрства. Гэтая праграма рыхтавалася чэскім старшынёўствам. З 1 студзеня Чэхія будзе старшыняваць у ЭЗ, пасьля іх Зьвяз будуць узначальваць швэды, якія таксама зацікаўленыя ў тым, каб Усходняе партнэрства праводзілася ў жыцьцё.
Эўразьвяз усур’ёз бярэцца за перабудову заходняй і паўднёвай частак постсавецкай прасторы
А. Рар
А. Рар
Дракахруст: Варта адзначыць , што сярод 6 краінаў, якім прапанаваная партнэрства, можна вылучыць дзьве групы : гэта Армэнія, Грузія, Малдова і Ўкраіна – краіны з дастаткова разьвітымі дэмакратычнымі інстытутамі, і Азэрбайджан і Беларусь . Многія міжнародныя арганізацыі, напрыклад, Freedom House , ацэньваюць гэтыя краіны , як несвабодныя, апошнія выбары – парлямэнцкія ў Беларусі і прэзыдэнцкія ў Азэрбайджане – выклікалі рэзкую крытыку з боку АБСЭ, як неадпаведныя дэмакратычным стандартам. Чаму ж такім розным краінам прапаноўваецца адно і тое ж? Гаворыць рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі
Класкоўскі: Ёсьць эўрапейскі мэта-прект – гэта эўрапейская палітыка добрасуседзтва. Яго звышзадача – стварыць вакол Эўразьвязу, гэтай супольнасьці сытых краінаў (хаця зараз крызыс трошкі і шкуматае, але на фоне іншых месцаў, скажам, Афрыкі, гэта такая сытая выспа), пояс непраблемных краінаў, якія б не пагражалі тэрарызмам і рознымі іншымі бедамі, а былі б адносна стабільнымі і здольнымі гуляць паводле правілаў.
Ужо ў межах гэтага мэта-праекта добрасуседзтва распрацоўваюцца рэгіянальныя праграмы. Францыя цягне коўдру ў свой бок, яна больш хоча працаваць з краінамі Міжземнамор’я. І Ўсходняе партнэрства – у пэўным сэнсе адказ Польшчы і Швэцыі на гэты францускі “дзікі крэн”. Натуральна, што тут і швэды, і асабліва палякі маюць і свой ўласны інтарэс. Бо калі Беларусь адгукнецца і пойдзе заўважны рух насустрач Эўразьвязу, то натуральна, што і польскі бізнэс і польская палітыка змогуць атрымаць добры плён.
Трэба, акрамя ўсяго іншага, стварыць у пэўным сэнсе “санітарны кардон” ад Расеі, хаця эўрапейскія палітыкі вельмі ня любяць такую тэрміналёгію
А. Класкоўскі
А. Класкоўскі
Расея ў вачох эўрапейцаў – краіна непрадказальная, нестабільная, асабліва зараз, калі крызыс, калі як мыльная бурбалка можа лопнуць уся гэтая веліч і ўся рыторыка пра “ўставаньне з кален”. Ды і вайна на Каўказе -- імпэрскія зубы Расеі.
Так што як бы гэта дыпляматычнай мовай ні называлі, адна з мэтаў новай эўрапейскай ініцыятывы – стварэньне своеасаблівага буфэру супраць непрадказальнай Расеі. І я думаю, што тут Эўропа, хаця і не будзе асабліва гэта афішаваць, гатовая часова заплюшчыць вочы на тое, што беларускі рэжым ня надта хоча перавыхоўвацца. Маўляў, варта пагадзіцца на некаторыя дробныя саступкі, крот гісторыі рые. Мяркую, што такі разьлік у Эўропы ёсьць.
Дракахруст: Расейскі палітоляг Фёдар Лук’янаў бачыць сэнс новай ініцыятывы Эўразьвязу ў наступным.
Лук’янаў: Эўразьвязу неабходна прадэманстраваць увагу і прыхільнасьць інтарэсам новых ўсходнеэўрапейскіх краінаў – былых савецкіх рэспублік, каб паказаць, што пра іх не забылі, што Эўразьвяз пра іх памятае, іх любіць і будзе працягваць зь імі ўзаемадзейнічаць. Пры гэтым ніякіх канкрэтных абавязкаў Эўразьвяз на сябе браць ня хоча, ды і ня можа з прычыны шэрагу ўласных унутраных абставінаў. Але пры гэтым трэба паказаць гэтым краінам, што іх ня кінулі. Бо пасьля падзеяў лета гэтага году, ды і ў сувязі з фінансавым крызысам узьнікла новая сытуацыя, калі Расея нібы то замацавала за сабой права прэтэндаваць на сфэру прывілеяваных інтарэсаў. У той жа самы час фінансавыя магчымасьці Расеі, як і ўсіх астатніх, рэзка скараціліся.
Усходняе партнэрства – гэта добрая форма прадэманстраваць падтрымку, не беручы на сябе ніякіх канкрэтных абавязацельстваў
Ф.Лук’янаў
Ф.Лук’янаў
Усходняе партнэрства – гэта добрая форма прадэманстраваць падтрымку, не беручы на сябе ніякіх канкрэтных абавязацельстваў.
Дракахруст: Шмат хто зьвярнуў увагу на тое, што Беларусі ўдзел у партнэрстве прапанаваны як бы ў дужках, умоўна. Заяўляецца, што Беларусь зможа далучыцца да партнэрства, калі выканае пэўныя ўмовы. У прыватнасьці, паводле эўракамісара Бэніты Фэрэра-Вальднэр нават на абмеркаваньне шляхоў рэалізацыі гэтага самага партнэрства беларускі лідэр Лукашэнка будзе запрошаны, калі Эўразьвяз скасуе ці працягне прыпыненьне візавых санкцый, уведзеных адносна беларускіх урадоўцаў. Беларускі палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што Усходняе партнэрства па сутнасьці Беларусі наагул ня тычыцца і ня ў санкцыях нават тут справа.
Зараз Беларусь ня можа разьлічваць на падключэньне да гэтай ініцыятывы ні ў якім сэнсе, паколькі мы наагул ня маем адносінаў з Эўразьвязам
Д. Мельянцоў
Д. Мельянцоў
Калі казаць мэтафарычна, я б параўнаў гэтую ініцыятыву ЭЗ з далёкім маяком – ён для Беларусі сьвеціць, але вельмі здалёк. Для нас зараз галоўнае – нармалізаваць адносіны, і пасьля гэтага мы ўжо можам падключацца да пэўных частак партнэрства.
Працэдурна Эўразьвяз падыходзіць ня з пункту гледжаньня каштоўнасьцяў. Скажам, у таго ж Азэрбайджана з Эўразьвязам ёсьць дамова аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Што да Беларусі, то з Эўразьвязам мы толькі ўсталявалі дыпляматычныя адносіны праз адкрыцьцё прадстаўніцтва Эўракамісіі. Фактычна ніякай легальнай, заканадаўчай рамкі супрацоўніцтва ў нас няма. Спачатку патрэбная дамова аб партнэрстве і супрацоўніцтве, і толькі пасьля гэтага мы зможам падключацца да такіх больш прасунутых формаў, як дамова пра асацыяцыю, агульны рынак, скасаваньне візавага рэжыму. Справа тут у такіх працэдурных рэчах, а не ў каштоўнасьцях.
Дракахруст: Аляксандар Рар нязгодны з беларускім калегам.
Беларусь атрымлівае гістарычны шанец, якога яна ня мела з 1994 году
А.Рар
А.Рар
Такія агаворкі там ёсьць, але я інтэрпрэтую гэта, як палітыку вельмі шырока адчыненых дзьвярэй. Беларусь атрымлівае гістарычны шанец, якога яна ня мела з 1994 году – з прыходу да ўлады Лукашэнкі. І ўсім здавалася, што пры Лукашэнку Беларусі такой магчымасьці не дадуць. Але, відаць, пасьля перамоваў, якія мелі месца, у тым ліку і з дэлегацыяй Сяргея Мартынава ў Брусэлі, Беларусь пагадзілася ісьці ў бок Эўразьвязу і абодва бакі зьмякчылі ўзаемныя прэтэнзіі, якія ў апошнія гады перашкаджалі гэтаму дыялёгу.
Дракахруст: На думку Фёдара Лук’янава адрозьненьні паміж узроўнямі дэмакратычнасьці , скажам, Беларусі і Ўкраіны – зараз для Эўразьвязу чыньнік менш істотны, чым быў раней.
Пасьля таго, што здарылася на Каўказе летам гэтага году, вельмі выразнай стала наяўнасьць на постсавецкай прасторы клясычнай гэапалітычнай канкурэнцыі за ўплыў
Ф.Лук’янаў
Ф.Лук’янаў
У меншай ступені гэта пакуль тычыцца Беларусі, у большай – Азэрбайджана, які настолькі важны, што Захад і быў гатовы заплюшчыць вочы на тое, што там адбываецца ва ўнутранай палітыцы, а зараз і тым болей.
Эўразьвяз – арганізацыя яшчэ больш ідэалягізаваная, чым ЗША, і ў іх ёсьць пэўны набор крытэрыяў, якія трэба калі не выконваць, то хаця б рытуальна дэманстраваць прыхільнасьць да іх, але і там моц набірае лёгіка, што трэба прывабіць дзяржавы да сябе. З гэтага пункту гледжаньня ўключэньне Беларусі і Азэрбайджана ў тую ж самую праграму, што і Ўкраіны і Грузіі, цалкам лягічна. Тым больш што аб тым, якая дэмакратыя ўзьнікла ў шэрагу краін, якія лічацца дэмакратычнымі – гэта таксама асобнае пытаньне.
Дракахруст: Але ж для Беларусі ўмовы ўдзелу ва Ўсходнім партнэрстве усё ж адрозныя ад тых, што прапануюцца 5-ці іншым партнэрам. Ці так ужо Эўропе абыякавы ўнутраны стан яе патэнцыйных партнэраў?
Лук’янаў: Адмова ад агрэсіўнай палітыкі прасоўваньня дэмакратыі не азначае, што заходнія краіны і асабліва Эўразьвяз проста забудуць пра ўсе свае прынцыпы. Зразумела, пэўны набор абавязацельстваў ад краін, якім прапануецца падтрымка, Эўразьвяз чакае. Тут заўсёды пытаньне ў прапорцыях: можна жорстка паставіць масу ўмоваў і заявіць :”Пакуль ўсе яны ня будуць выкананыя – пра ўсё забудзьце”, а можна паставіць менш умоваў і больш гнутка падыходзіць да ацэнкі іх выкананьня. У выпадку з Беларусьсю мне здаецца адбываецца менавіта гэта.
Новы падыход Эўразьвязу, як мне здаецца, можна сфармуляваць наступным чынам: ня трэба прад’яўляць Беларусі большыя патрабаваньні, чым наагул да постсавецкай прасторы
Ф. Лук’янаў
Ф. Лук’янаў
Калі такім чынам зьмяніць пункт гледжаньня, тады высьвятляецца, што то, што здавалася шляхам у тупік, насамрэч ёсьць невялічкі, але рух у правільным накірунку, тым больш што Лукашэнка, ўлічваючы новую сытуацыю на постсавецкай прасторы і вельмі шматузроўневыя адносіны з Расеяй, зараз час ад часу падае эўрапейцам сыгналы, што ён нешта мяняе.
Дракахруст: Адрозьненьні краін , якім прапаноўваецца партнэрства, палягае ня толькі ў іх унутраным стане, ва ўзроўнях дэмакратычнасьці і рэфармаванасьці, але і ў ступені іх зацікаўленасьці ў інтэграцыі з аб’яднанай Эўропай. Скажам, Украіна ставіць сваёй стратэгічнай мэтай далучэньне да Эўразьвязу. І там, дарэчы, агучаны праект Усходняга партнэрства выклікаў пэўную незадаволенасьць – многія ўбачылі ў ім спробу падмяніць нейкім незразумелым супрацоўніцтвам пэрспэктыву сапраўднага сяброўства. А вось, напрыклад, Беларусь на дзяржаўным узроўні ніяк не праяўляла жаданьня стаць сябрам Эўразьвязу. Тое, што такога жаданьня ў афіцыйнага Менску няма, Аляксандар Лукашэнка нагадаў у нядаўнім інтэрвію France press. Дык што ж такое Усходняе партнэрства , калі партнэры такія розныя? Ці яно – кшталту мэню ў рэстарацыі : можна замовіць поўны абед і адпаведна заплаціць нямала, а можна і кампоцікам абмежавацца?
Ну а з Беларусьсю і Азэрбайджанам Эўразьвяз гатовы супрацоўнічаць па больш мяккай праграме, так бы мовіць, Эўзразьвяз-light
А.Рар
А.Рар
Ну а з Беларусьсю і Азэрбайджанам Эўразьвяз гатовы супрацоўнічаць па больш мяккай праграме, так бы мовіць, Эўразьвяз-light. Іх будуць запрашаць да супрацоўніцтва ў спадзяваньні на тое, што там раней ці пазьней таксама могуць памяняцца абставіны і гэтыя краіны гэтак жа будуць імкнуцца да сяброўства ў Эўразьвязе, як імкнуцца зараз Украіна і Грузія.
Ну і ёсьць яшчэ адзін вельмі важны аспэкт ва ўсім гэтым. Гэта імкненьне асабліва новых сябраў Эўразьвязу, такіх як Чэхія, Польшча, балтыйскія краіны, і такіх старых сябраў ЭЗ, як Швэцыя, пэўным чынам ціснуць на Расею, каб яна не праводзіла нэаімпэрскую палітыку, як гэта ўспрымаецца ў Эўразьвязе.
Дракахруст: Дзяніс Мельянцоў падкрэсьлівае, што ў сэнсе нежаданьня інтэгравацца з Эўразьвязам Беларусь – выключэньне ў параўнаньне нават з Азэрбайджанам
Мельянцоў: Азэрбайджан – ня выключэньне. Там няма яўна сфармуляванага жаданьня ўступіць у Эўразьвяз, якое было дэкляраванае Грузіяй і Ўкраінай, але там таксама ёсьць курс на далучэньне да ЭЗ у далёкай будучыні. Пра гэта гаворыцца, наконт гэтага ёсьць кансэнсус на ўзроўні палітычнай эліты – што Азэрбайджан мусіць далучацца да эўраатлянтычных структур. Натуральна, што гэта не павінна быць хутка, але Азэрбайджан гэта дэкляраваў.
Дракахруст: Спадар Мельянцоў бачыць гэтую гнуткасьць Усходняга партнэрства ў наступным.
Мельянцов: Тут ёсьць некалькі аспэктаў. Першы – тэарэтычны. Паколькі ўсе краіны, акрамя Беларусі, якім прапанаванае Ўсходняе партнэрства, ў той ці іншай форме прадэкляравалі сваё імкненьне ўступіць у ЭЗ, адносна іх працуе так званая палітыка conditionality. Гэтая палітыка апрабаваная на ўсіх усходнеэўрапейскіх краінах, якія ўжо ўступілі ў ЭЗ ці толькі зьбіраюцца ўступаць: Эўразьвяз прапануе ім адаптаваць усё сваё заканадаўства, так званае acquis communitaire і прызнаць вяршэнства Эўрапейскага суда. Потым, калі яны яго адаптуюць, гэта можа заняць і 10 і 15 гадоў, Эўракамісія аналізуе вынікі, а Рада Эўразьвязу прымае рашэньне – ці прымаць гэтыя краіны ў Зьвяз.
Унікальны выпадак Беларусі, калі яе трэба дэмакратызаваць, трэба прывесьці яе заканадаўства да агульнаэўрапейскага ўзроўню, але прапанаваць няма чаго, груба кажучы
Д.Мельянцоў
Д.Мельянцоў
Натуральна, што пры цяперашняй беларускай уладзе ніхто не зьбіраецца прызнаваць юрысдыкцыю Эўрапейскага суда і адаптаваць усе гэтыя 100 тысяч старонак эўрапейскага заканадаўства.
Гэта абсалютна гнуткая палітыка і ніхто не патрабуе ад краінаў, нават ад тых, якія дэкляруюць жаданьне ўступіць у Эўразьвяз, аднамомантна адаптаваць усё гэта заканадаўства. Гэта гады і дзесяцігодзьдзі працы.
І хаця Ўкраіна вельмі прасунулася ў пляне эўрапейскага заканадаўства, ёй яшчэ вельмі далёка да ўзроўню, які ёсьць у Эўразьвязе.
Дракахруст: А на думку расейскага экспэрта Фёдара Лук’янава ніякіх розных падыходаў, розных мадэляў супрацоўніцтва ва Ўсходнім партнэрстве няма.
Як паказала нядаўняя гісторыя, ёсьць толькі адзін інструмэнт, які здольны рабіць цуды ўнутраных трансфармацый – гэта абяцаньне сяброўства ў ЭЗ. Ф.Лук’янаў
Беларусь вынесеная з дужкі, бо яе такім чынам хочуць падштурхнуць да большых рэвэрансаў у бок Захаду. Можа , гэта і атрымаецца, бо інтарэсы Лукашэнкі сталі зараз значна больш разнастайнымі. Але ў прынцыпе ўсе гэтыя рамкавыя мадэлі закліканыя нешта абазначаць, чым чагосьці канкрэтна дамагацца.
Дракахруст: Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што партнэрства-мэню , дзе формы супрацоўніцтва можна выбіраць – гэта як раз тое, ў чым зацікаўлены афіцыйны Менск
Беларускае кіраўніцтва палічыла б за лепшае, калі б яму далі магчымасьць “выкалупваць разынкі з булкі”
А.Класкоўскі
А.Класкоўскі
Спадар Хольцапфэль, кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі, мэтафарычна сказаў: “Мы запусьцілі новы цягнік”. Дык вось у гэты цягнік на хаду нельга ўскочыць. Трэба рэанімаваць тое пагадненьне зь Эўразьвязам аб супрацоўніцтве і партнэрстве, якое было падпісана Лукашэнкам у Брусэлі ў 1995 годзе, але пасьля скандальнага рэфэрэндуму 1996 году ўсё было замарожана.
Варта прыгадаць, што працягваецца тэставы паўгадавы пэрыяд, на які прыпыненыя санкцыі супраць найвышэйшых чыноўнікаў. І шмат будзе залежыць, ад таго, як афіцыйны Менск здасьць гэты іспыт.
Дракахруст: У афіцыйным абгрунтаваньні Ўсходняга партнэрства прыгадваецца вайна на Каўказе, якая і стала адным з чыньнікаў новай эўрапейскай ініцыятывы. Некаторыя экспэрты фармулююць мэту Ўсходняга партнэрства наагул надзвычай груба – гэта спроба перакупіць краіны СНД у Расеі. А якія там грошы прадугледжаныя ў партнэрстве, ці атрымаецца перакупіць?
Мы ўсё ж не на базары
А.Рар
А.Рар
Дракахруст: Паводле Дзяніса Мельянцова ў параўнаньні з першапачатковым праектам у канчатковым варыянце партнэрства сумы фігуруюць больш сьціплыя.
Мельянцоў: У першым варыянце Ўсходняга партнэрства было прапісана, што да 2013 году прадугледжваецца бюджэт крыху больш за 600 мільёнаў эўра, і ад 2013 да 2020 году – 1 мільярд 300 мільёнаў эўра. У канчатковым варыянце гэтыя лічбы былі крыху зьмененыя – зараз ідзе размова толькі пра 300 мільёнаў да 2013 году, а пазьнейшы бюджэт застаецца нявызначаным. Тым ня менш Беларусь мае магчымасьць далучыцца да праектаў Усходняга партнэрства, калі ўсталюе з ЭЗ паўнавартасныя палітычныя адносіны.
Дракахруст: Ну а які прагноз рэакцыі Масквы на эўразьвязаўскі праект?
Лук’янаў: Я ня думаю, што Масква будзе неяк рэзка рэагаваць на Ўсходняе партнэрства, бо амаль ніхто ня верыць, што гэта нешта больш сур’ёзнае, чым раней. Гэта ня першая спроба неяк кансалідаваць заходнюю і паўднёва-заходнюю частку СНД, дагэтуль нічога эфэктыўнага з гэтага не атрымлівалася. Але менавіта ў выпадку з Беларусьсю ёсьць асобны кантэкст.
Калі сапраўды Лукашэнка можа быць запрошаны на саміт падчас чэскага старшыняваньня ў ЭЗ, то гэта будзе вельмі сур’ёзным крокам і Масква не пакіне гэта па-за ўвагай
Ф.Лук’янаў
Ф.Лук’янаў
Дракахруст: Усходняе партнэрства – ўсё ж ня надта зручная прапанова для афіцыйнага Менску. І ўсё ж на думку Аляксандра Класкоўскага далучыцца да яе Менск будзе імкнуцца. І нават не таму, што ў беларускіх чыноўнікаў раптам прачнецца адчуваньне цывілізацыйнай еднасьці з Эўропай.
Ёсьць два вонкавыя імпэратывы: гэта Расея і ўсясьветны фінансавы крызыс
А.Класкоўскі
А.Класкоўскі
З аднаго боку, наіўна спадзявацца, што беларуская ўлада перакуецца, тыя кадры, якія гадамі казалі, што “мы не павядзем свой народ за цывілізаваным сьветам”. Але ёсьць два вонкавыя імпэратывы: гэта Расеі і ўсясьветны фінансавы крызыс. Яны зараз могуць падагнаць лепей, чым тыя 12 умоваў Эўразьвязу. Расея бярэ за горла, ды так, што скандальна сарваўся саміт 1 сьнежня. Мы можам толькі здагадвацца, што там робіцца за кулісамі, але відаць невыпадкова беларуская ўлада ўперлася рогам, і гэта, дарэчы, ужо плён нармалізацыі адносінаў з Эўропай. Калі за сьпіной Эўропа, то неяк ямчэй супраціўляцца націску Крамля.
Ну і фінансавы крызыс. Тут могуць пачацца такія працэсы, што невядома як будзе выглядаць краіна праз год-паўтара. Мы ўжо бачым, што афіцыйны лідэр стаў такім прамоўтэрам лібэральнай эканомікі, што вядомы беларускі лібэрал-эканаміст Яраслаў Раманчук проста адпачывае.
Гэтыя рэчы могуць падштурхнуць беларускую ўладу да значна больш хуткага збліжэньня зь Эўропай, чым гэта падаецца скептыкам.