Адзін з заснавальнікаў прадпрымальніцкага руху на Гарадзеншчыне, былы палітвязень Валеры Леванеўскі крытычна ставіцца да акцыяў, якія заплянаваныя прадпрымальнікамі на 10 і 15 сьнежня.
Валеры Леванеўскі лічыць, што падобныя акцыі павінны быць сыстэмнымі, добра падрыхтаванымі, а ўдзел у іх палітычных сілаў краіны ні ў якім разе не павінен абмяжоўвацца.
Леванеўскі: “Я думаю, што іх праводзяць так абмежавана, не дапускаючы ўдзелу палітычных партый, толькі з адной мэтай — прапіярыць сябе, выпусьціць трохі пары й падкрэсьліць сваю значнасьць. Проста людзі задавальняюць сваё ўнутранае ego, а ні ў якім разе не імкнуцца дасягнуць нечага рэальнага, бо ўсім даўно зразумела, што без вырашэньня палітычных пытаньняў гэтая праблема ніколі ня вырашыцца. Таму я думаю, што ў дадзеным выпадку акцыя праводзіцца дзеля акцыі”.
Валеры Леванеўскі дадае, што якраз цяпер патрабуюцца сапраўдныя акцыі, бо, на яго думку, большасьць прадпрымальнікаў да гэтага дасьпела.
Леванеўскі: “Думаю, што эфэкт ад гэтае акцыі будзе вельмі нізкі, я маю на ўвазе — з таго патэнцыялу, які мог бы быць. Таму што цяпер можна падрыхтаваць сур’ёзную буйную акцыю пратэсту, паколькі настроі ў прадпрымальнікаў вельмі пратэстныя”.