Знайсьці паштоўку па-беларуску — няпростая задача

У эру лічбавых тэхналёгіяў мы часьцей адсылаем лісты і паштоўкі праз інтэрнэт. Аднак напярэдадні Калядаў і Новага году набываем традыцыйныя паштоўкі, укладваем іх у капэрты і дасылаем сябрам, сваякам, родным… Ці лёгка знайсьці календары і паштоўкі на беларускай мове?

За беларускімі паштоўкамі — на Галоўпаштамт

Найбольшы выбар беларускамоўных навагодніх паштовак сёлета — у шапіках Галоўнага паштамту ў Менску, сьцьвярджае Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы:

+“Там проста шэдэўры мастацтва. Ідзіце на Галоўны паштамт — і там беларускамоўных паштовак — на любы густ. Я набыў адразу штук 50, буду амбасадараў віншаваць… Але ўпэўнены, што з тых, што набываў я, можа, і паловы не засталося. Бо народ купляе іх і па 50, і па сто адразу — я сам бачыў. Я часта туды прыходжу, хаджу сярод людзей — слухаю, што яны кажуць пра тыя паштоўкі. Ну, дык купляюць найперш беларускамоўныя. Хто на сувэніры, падарыць, прывезьці — на Галоўным паштамце ж многа замежнікаў, — цэнтар Менску, гатэлі побач”…

Крыху далей па праспэкце ад галоўнага паштамту — і багацьце выбару сярод паштовак на роднай мове мяняецца кардынальна. У кнігарні “Цэнтральнай” кажуць, што беларускіх паштовак пакупнікам бракуе:

“Мала ў нас беларускіх паштовак, вельмі мала. Большасьць — расейскія. Але беларускія запытваюцца, вельмі шмат… Іх проста мала. У нас вунь вяртушачка ёсьць — беларускія паштоўкі”…

На “вяртушачцы” было ня болей за дзесяць варыянтаў калядных ды навагодніх паштовак. Расейскіх у кнігарні — хіба ня з сотню. У кнігарні выдавецтва “Беларусь” сытуацыя падобная: беларускамоўныя
Нам хаця б разабрацца з тымі паштоўкамі, якія мы закупілі ў Расеі
паштоўкі запатрабаваныя, але ў наяўнасьці іх амаль няма. Хаця раней яны прадаваліся добра, распавялі ў краме:

— Бралі — і прадавалі. Але сёлета гэтага няма.

— А што адказваюць вам на запыты? Як быццам, зацікаўленасьць тут двухбаковая?

— Зацікаўленасьць у іх ёсьць, як быццам, але ўчора мне адказалі так: нам хаця б разабрацца з тымі паштоўкамі, якія мы закупілі ў Расеі…


Кніга прапаноў і скаргаў — працуе

На яднаньне зацікаўленасьці выдавецтваў і спажыўцоў працуе такі абавязковы ва ўсіх крамах прадмет як кніга скаргаў і прапаноў, лічыць Алег Трусаў.

“Ёсьць такая кнігарня недалёка ад ТБМ… Год назад я туды заходжу — пытаюся, ці ёсьць беларускія паштоўкі. Мне дзяўчына адказвае рашуча і нахабна літаральна гэткімі словамі:
Пытаюся, ці ёсьць беларускія паштоўкі. “Нет, не было і не будет!”
“Нет, не было і не будет”! Я кажу “„Стоп, сударыня, прыехалі. Зараз — будуць. Дайце, калі ласка, мне кнігу скаргаў і прапановаў“… Што тут пачалося… Каб кнігу мне ня даць… Але ж я яе зь іх выдраў, скаргу напісаў, начальства мне адказала неўзабаве — маўляў, ёсьць беларускія паштоўкі. І яны сапраўды зьявіліся і цудоўна прадаваліся паўгоду, пакуль не прадаліся ўсе. Я лічу, нам трэба не баяцца бараніць свае правы. І для гэтага прэзыдэнт нам зрабіў кнігу скаргаў і прапановаў”…

Дзякуючы скаргам і прапановам Таварыства беларускай мовы і яго сябраў сёлета ўдалося аднавіць выхад адзінага беларускамоўнага календара “Родны край”, які зьнялі з выпуску летась. Але на дадзены момант каляндар знайсьці на паліцах кнігарань амаль немагчыма. У шырокім асартымэнце — календары “Жаночыя”, “Мужчынскія”, “Для агароднікаў”, “Для дачнікаў”. Кошт — у раёне 7 тысячаў рублёў. Большасьць выдадзена ў Расеі. У “Цэнтральнай кнігарні” ля прылаўка з календарамі — мужчына сталага веку. Гартае каляндар “Полезные советы”.

Карэспандэнтка: “А Вы па што прыйшлі”?

Мужчына: “Беларускамоўны хацеў каляндар. Гэты хаця б двухмоўны, але я хацеў, каб на нашай толькі мове быў. Але дзе ж яго знойдзеш. Я ў Чыжоўцы жыву, тамака абышоў усе крамы і шапікі, — няма кажуць, і ня будзе. Дык я вырашыў ужо сюды ехаць — гэта ж ужо і Новы год хутка прыйдзе. Атрымліваецца, што хутчэй японскі ці кітайскі знойдзеш, чым свой родны”…


Каб беларускіх календароў было болей, іх варта выдаваць

Дэфіцыт календара “Родны край” зьвязаны з яго нізкай цаной, лічаць у маркетынгавым аддзеле выдавецтва “Беларусь”. Яго цана дзякуючы дзяржаўнай дапамозе складала меней за дзьве тысячы беларускіх рублёў:

“Арыентуемся мы на замову кнігагандлю, на іх патрэбы. Сёлета яны зрабілі нам адну замову, потым аказалася, што цана на каляндар была вельмі нізкай, і апэтыт пакупніка моцна вырас. Таму і атрымалася іншая карціна. Каб асартымэнт беларускага календара быў на паліцах, павінна не адно наша выдавецтва адзін каляндар выдаваць, але і іншыя”.



Адна з вэрсій узьнікненьня паштовак такая: англічанін Генры Коўл вырашыў павіншаваць сваіх сяброў з Новым 1843 годам з дапамогай пошты. А пазьней зьвярнуўся да свайго сябра Джона Герслі з просьбай намаляваць навагоднюю паштоўку. З гэтага эскізу ў Лёндане была надрукавана першая ў сьвеце тысяча навагодніх паштовак. Неўзабаве жыцьцё без паштовак ужо мала хто зможа ўявіць, а калекцыянаваньне іх станецца хобі для многіх.