Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьявяцца Правілы дарожнага руху на беларускай мове?


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных выданьняў за 12 сьнежня

Сёньня газэта “Наша слова” дасьледуе пытаньне: хто мусіць зрабіць пераклад і надрукаваць па-беларуску новыя Правілы дарожнага руху? Прапанова зыходзіць ад Таварыства беларускай мовы. Першым ад яе адмовілася міністэрства ўнутраных спраў, а затым -- міністэрства юстыцыі. “Чаму гэтыя ведамствы “пераводзіць стрэлкі на іншых?”, запытвае ТБМ і даводзіць, што зьвяртаецца цяпер ў акадэмію навук ды ў палату прадстаўнікоў.

Паведамляе “Наша Слова” і пра новую акцыю ТБМ: “Віншуем са сьвятамі па-беларуску!”. ТБМ заклікае жыхароў краіны набываць беларускія паштоўкі да Калядаў і Новага году, ды занатоўваць пажаданьні на матчынай мове.

У календары беларускіх падзеяў газэта “Наша слова” нагадвае пра 120-я ўгодкі Міколы Равенскага. Падрабязнасьці – ад рэдактара Станіслава Судніка:

(Суднік: ) “Мікола Равенскі – беларускі кампазытар, які скончыў Маскоўскую кансэрваторыю, працаваў у Наваградку і Менску. Асноўная яго заслуга перад беларускім адраджэньнем, за што яго ведаюць, -- музыка да гімна “Магутны Божа” на словы Натальлі Арсеньевай”.

У сёньняшнім нумары “Витебский курьер” паведамляе, што ад пачатку года штрафы за неаплачаны праезд у грамадзкім транспарце атрымалі больш як 4 тысячы жыхароў. Зь іх спагнана амаль 40 мільёнаў рублёў. Выданьне канстатуе пра дзесяткі боек так званых зайцоў з кантралёрамі.

Сёньня “Газета Слонимская” паведамляе падрабязнасьці да прыезду ў райцэнтар вядомай у Лёндане тэлевядучай праграмы навінаў Бі-Бі-Сі Наташы Каплінскі. У Слоніме, як паведамляе журналіст Сяргей Чыгрын, да 1939 году жылі дзед і бацька Каплінскай:

(Чыгрын: ) “У Слоніме госьці пабывалі ў мясцовым краязнаўчым музэі, дзе ім паказалі фотаздымкі і дакумэнты, якія расказвалі пра даваенны горад над Шчарай. Пасьля Каплінскія наведалі сынагогу ў цэнтры горада, якой ужо 364 гады, і іншыя помнікі і вуліцы нашага горада. Падчас візыту і знаёмства са Слонімам здымачная група Бі-Бі-Сі працавала над тэлеперадачай “Ці ведаеце Вы, хто Вы?”.

І таксама ў Слоніме, піша тыднёвік, затрымана больш як 5 тон сурагатнага сьпірту “Мазаіка” з Расеі. Журналісты даведаліся, што сродак супраць абледзяненьня шкла аўтамабіля махляры разьлівалі ў літровыя пляшкі і прадавалі на рынку. Цяпер, піша “Газета Слонимская”, мясцовая міліцыя апытвае ў лякарні атручаных, каб пакараць несумленных гандляроў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG