Аб’ём беларускіх калійных угнаеньняў, якія транспартуюцца праз порт Клайпеды, у кастрычніку скараціўся аж у 5 разоў — з 250 тысяч тон да 50 тысяч тон.
Пра гэта паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва порту ў Беларусі Артурас Гайдаўскас. Ён мяркуе, што асноўнай прычынай такога значнага скарачэньня стаў усясьветны фінансавы крызіс.
Кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка тлумачыць, што азначаюць калійныя ўгнаеньні для беларускага бюджэту:
“За першую палову году, калі ўсё яшчэ было добра, продаж угнаеньняў за мяжу склаў паўтара мільярда даляраў. Калі параўноўваць, дык за гэты ж час мы прадалі нафтапрадуктаў на 6 мільярдаў. Уласна кажучы, угнаеньні — гэта другая пазыцыя. Далей ужо ідуць чорныя мэталы”.
Кіраўніцтва Беларускай калійнай кампаніі афіцыйна абвясьціла, што да канца году зьбіраецца зьменшыць пастаўкі на экспарт на 200 тысяч тон. Спадара Заіку гэта ня дзівіць:
“Усё ж нармальна адбываецца, уласна кажучы. Ідзе сьцісканьне ўсясьветнай эканомікі. І два такія канкурэнтныя сэктары — нафтаздабыўны і аграрны — цяпер зьніжаюць свае паказчыкі”.
Эканаміст лічыць, што гэта толькі пачатак складанасьцяў для беларускіх калійшчыкаў. Ён прагназуе, што ў 2009 годзе і аб’ёмы, і кошты калійных угнаеньняў значна зьменшацца:
“Справа ў тым, што яны зьменшацца і ў фізычным аб’ёме, што абсалютна натуральна. Але самае сур’ёзнае, што ўжо пачалося зьніжэньне цэнаў — дзесьці абвальна, дзесьці эвалюцыйна. Але калі зьмяншэньня цэнаў на аўтамабілі можна чакаць у памеры 15—25%, то на калійныя ўгнаеньні ды іншую сыравіну яно можа дасягнуць і 40%, і нават паловы. Гэта —
Яны гатовыя на тое, каб зьнізіць аб’ёмы вытворчасьці, але каб толькі не зьмяншаць коштаў.
Эканамічная аглядальніца газэты “Белорусы і рынок” Тацяна Манёнак кажа, што да самага нядаўняга часу патрэба ў калійных угнаеньнях на ўсясьветным рынку беспрэцэдэнтна расьла. А цяпер асноўныя кампаніі, якія працуюць на гэтым рынку, у прыватнасьці — і Беларуская калійная, будуць старацца не дапусьціць рэзкага зьмяншэньня коштаў:
“Яны гатовыя на тое, каб зьнізіць аб’ёмы вытворчасьці, але каб толькі не зьмяншаць коштаў. Паглядзім, як будзе разгортвацца гэтая сытуацыя. Перад Беларускай калійнай кампаніяй стаіць надзвычай складаная задача. Усё ж мы заканадаўцы цэнавай моды на індыйскім і кітайскім рынках. Некалькі раўндаў перамоваў ужо праведзеныя. І каб цэны не зваліліся, трэба працаваць тут вельмі тонка і прафэсійна. І складана сказаць, ці ўдасца гэта зрабіць. Вельмі складана”.