Да якіх наступстваў у беларуска-расейскіх дачыненьнях можа прывесьці адмена сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзьведзева? З-за якіх праблемаў, з-за якіх кропак сутыкненьня бакам давялося скандальна пераносіць паседжаньне Найвышэйшай Рады гэтак званай Саюзнай дзяржавы? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна.
Цыганкоў: “Ужо прагучала даволі шмат вэрсіяў з нагоды таго, што Лукашэнка і Мядзьведзеў так і не сустрэліся ў Маскве? Што б вы палічылі самым верагодным, у чым галоўныя спрэчныя пункты ў адносінах паміж Меснкам і Масквой?”
Калінкіна: “Я думаю, Крэмль не задавальняе пазыцыя, якую заняла Беларусь. Гэта пазыцыя “эканамічная дапамога ў абмен на абяцаньні”. Беларускі бок не хавае, што на першы плян сёньня выходзіць перагляд кошту газу і адмены экспартнай мыты на расейскую нафту. Як я бачу, гуляць у такім фармаце ў Крамлі больш не жадаюць – таму сустрэча не адбылася..”
Цыганкоў: “Але прэзыдэнты маглі сустрэцца, сказаць нейкія агульныя словы – каб не выносіць на публіку свае супярэчнасьці. Чаму Масква пайшла на гэта, ці акажа гэты эпізод нейкі ўплыў на беларуска-расейскія адносіны альбо застанецца незаўважаным?”
Калінкіна: “Тое, што стасункі на асабістым узроўні кіраўнікоў дзяржаваў пасьля гэтага не палепшацца – гэта відавочна. Я, аднак, мяркую, што ў найбліжэйшы час адбудзецца сустрэча Лукашэнкі і Мядзьведзева, але не ў фармаце Найвышэйшай дзяржаўнай Рады, а ў фармаце “сам-на-сам”, у фармаце папярэдніх перамоваў.
У Крамлі зараз добра разумеюць сытуацыю, у якой апынулася і беларуская эканоміка, і беларускі лідэр, разумеюць той голад на грошы, якія ёсьць у Беларусі. Таксама там ня могуць ня бачыць тыя крокі, якія прадпрымае беларускае кіраўніцтва. Напрыклад, абмежаваньне імпарту, якое таксама тычыцца і расейскіх тавараў – ніякіх выключэньняў для “саюзнай дзяржавы” тут ня робіцца. Я думаю, што ў расейскім урадзе, якім кіруе Пуцін, да гэтага не маглі паставіцца з паразуменьнем”.