Бел-чырвона-белы сьцяг зьявіўся 29 лістапада а 17-й вечара на ўезьдзе ў Слуцак з боку Менску. Ён быў вывешаны на электрычных дратах над шашой зь вельмі інтэнсіўным рухам.
Падрабязнасьці пра зьяўленьне сьцяга распавёў віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда, якому пра гэта стала вядома з вартых даверу крыніц.
Спадар Хамайда паведаміў таксама , што да сьцяга прымацавана цыдулка наступнага зьместу: “Вечная слава героям Слуцкага збройнага чыну! Мы павінны быць вартымі вашага мужнага подзьвігу! Жыве Беларусь! Жыве вечна! Мірон”.
Паводле Барыса Хамайды, сьцяг у гонар 88-й гадавіны слуцкага паўстаньня лунаў некалькі гадзінаў. На думку апазыцыянэра, зьняць яго было дастаткова цяжка, бо па дратах, на якіх ён вісіць, перадаецца электраток пад высокай напругай.