Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – мастак Алесь Пушкін. Яму 43 гады. Праходзіў службу ў Аўганістане. Працаваў у Віцебску, Магілёве. А пасьля 1994 году зьехаў у мястэчка Бобр Крупскага раёну. Расьпісаў там царкву, дзе і павянчаўся, мае двух дзяцей. Піша і рэстаўруе абразы, карціны, робіць росьпісы, вітражы, займаецца мастацтвам пэрформансу. Ягоныя працы ёсьць ня толькі ў беларускіх, але і замежных музэях, галерэях. Неаднаразова затрымліваўся і асуджаўся за арганізацыю «няправільных» акцыяў.
А на мінулым тыдні быў жорстка зьбіты ў Бабры падпітымі мясцовымі хлопцамі. За тое, што размаўляў па-беларуску. Міліцыянты хацелі распачаць крымінальную справу, аднак зьнявечаны мастак вырашыў лёс хлопцаў іншым чынам: прымусіў іх пакаяцца ў царкве. Слова – Алесю Пушкіну:
– Сьвежая мэдыйная навіна: вось дараваў… Дык хто ён – слабак альбо юродывы? Гэта слабасьць ці сапраўды вышыня? Таму тэма, якую я прапаную – «Дараваньне: калі, каму і ці заўсёды трэба ў сваім жыцьці дараваць?» Каб трошачкі патлумачыць сваю пазыцю і паслухаць аўдыторыю – можа яна навучыць мяне чамусьці? Можа варта было не рабіць нейкіх дараваньняў? Тым больш, наперадзе нас чакае вельмі складанае – хіба ці не да грамадзянскай вайны жыцьцё. Усе нібыта схаваныя на сёньня грамдазкія праблемы неўзабаве вылезуць. І гэта тэма будзе вельмі актуальнай.
Павал Севярынец: «Я ня веру ў дараваньне паводле закону і ў дараваньне, зробленае дзяржавай”
Каб абвастрыць яе, цягам тыдня Алесь Пушкін разважаў над рэальнымі сытуацыямі са свайго жыцьця. Завостраныя да мяжы эпатажу, яны вымушалі слухачоў Радыё і наведнікаў сайту Свабоды разважаць, дыскутаваць. І сёньня – заключная перадача, якая падсумоўвае гэтыя водгукі, спрэчкі на зададзеную нашым грамадзкім рэдактарам тэму – «Дараваньне: калі, каму і ці заўсёды?»
Адразу ж слухачы Радыё, наведнікі сайту пачалі ацэньваць факт незвычайнага дараваньня Алесем Пушкіным сваіх крыўдзіцеляў.
Стась, Менск: «Пушкін – сьвяты чалавек, але цяпер кожны падонак будзе ведаць: Алесю можна што хочаш зрабіць, а потым прыйсьці ў царкве патаптацца, і жыць далей спакойна».
А вось меркаваньне пісьменьніка Юр'я Станкевіча: “Ёсьць такое слова “данатар” – гэта той, хто даруе. Вось Алесь Пушкін выступіў у гэтай ролі, абапіраючыся на хрысьціянскія дагматы. Сам факт зьбіцьця Алеся Пушкіна – гэта вельмі трывожны факт, ён не адзіны. Архімандрыт праваслаўнай царквы Аляксей Шынкевіч саве казаньні ў якасьці праваслаўнага сьвятара таксама прамаўляў на роднай мове. І ён выратаваўся выпадкова, а яго ўжо забівалі. Канечне, ён таксама ўсім дараваў. Чамусьці я вось ніколі ня чуў, каб пабілі азэрбайджанца за яго мову, армяніна, паляка ці расейца. Іх жа дастаткова ў нас жыве. Але здарылася адваротнае. Я лічу, што гэта пачатак нават нацыянальнай праблемы вялікай”.
Кастусь Бандарук зь Беластоку: «Высакародны ўчынак. Гэтак трэба. Няма дараваньня без пакаяньня. Дарэчы, мяне таксама ў жыцьці за беларускую мову двойчы жорстка зьбілі».
А вось допіс рэжысэра Валера Мазынскага: «Некалі, гадоў 30 таму ў Віцебску, каля тэатра нас (з н.арт. Уладзімерам Куляшовым ) дубасілі, зноў жа – 5 чалавек. Нас замучыла працэдура іх пасадкі (толькі двох, а хацелася ўсіх). Застаўся горкі ўспамін і ніякага "задавальненьня".Была помста. Як я цяпер зайздрошчу ўчынку Алеся!!!»
Лідэр стваранай партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Павал Севярынец неаднойчы быў за кратамі, на хіміі. Вось ягонае меркаваньне наконт таго, якое дараваньне можа зьняць грэх з душы чалавека:
“Першаснае ў справе дараваньня – гэта стаўленьне Бога да чалавека. Калі чалавек папрасіў прабачэньня перад Богам, пакаяўся перад ім, то з Боскага гледзішча гэта вырашае праблему. Чалавек збаўляецца, чалавек ня страчвае сваё жыцьцё, сваю душу ў вечнай нянавісьці. Што тычыцца часовага, зямнога дараваньня, такога, як амністыя, то гэта, як ні парадаксальна будзе гучаць – умоўнае дараваньне. І таму, што пакідае за чалавекам сьлед, і ўмоўнае яшчэ таму, што яно звычайна не дае грамадзтву чалавека выхаванага, а дае чалавека, які нешта атрымаў на халяву. У тым ліку і амністыю. Я ня веру ў дараваньне паводле закону і ў дараваньне, зробленае дзяржавай. Гэта рэчы ўмоўныя. Адзінае сур’ёзнае і сапраўднае дараваньне можа быць з боку Бога, можа быць з боку братоў і сёстраў. І ў гэтым сэньсе ўчынак Алеся Пушкіна ў царкве мне падаецца проста ўзорным.
Карэспандэнт: “Чалавек зрабіў нейкі крымінальны ўчынак, чалавек некага пакрыўдзіў, падняў на некага руку... Ці можна яму дараваць гэтыя злачынствы, гэты грэх той, каго ён пакрыўдзіў?”
“Можа. Калі шчырае дараваньне адбываецца, то дараваньне гэтага граху можа быць. Гэты грэх ня будзе залічаны злачынцу пасьля сьмерці. Якое пакараньне павінен ён за гэта несьці – вызначае, канечне, закон. Тут дараваньне можа быць, але яно не вызваляе чалавека ад пэўнага пакараньня, ад пэўнага напаміну пра тое, што ён зьдзейсьніў гэта зло, каб ён памятаў, і больш гэтага не рабіў”.
Анатоль Фёдараў зь Менску піша : «Алесь, я спадзяюся, што ваш учынак ацэняць раней за 20 гадоў. Вы для мяне ўвасабленьне беларуса, вялікі ўзор служэньня сваім людзям і Госпаду Богу. Пакою Вашай Хаце!
Аднак Алесь Пушкін скіраваў грамадзкую дыскусію ў зусім іншае рэчышча. Фактычна ён «выклікаў агонь на сябе», калі прыгадаў фрагмэнт гісторыі далёкага каханьня…
Камэнтуе Алесь Пушкін
…Я скончыў Акадэмію мастацтваў і прыехаў атрымліваць білет сябра Саюзу мастакоў. І вось у саюзе знаёмлюся з прыгожай жанчынай, якая значна старэй за мяне, але вельмі абаяльная, толькі прыехала з поўдню…
Завязваецца раман.
Гэта – Маргарыта. Каханьне – было.
Праз год нараджаецца дзіцёначак. Аня… Зараз ёй сямнаццаты год.
Я адназначна тады казаў каханцы: “Не вазьму цябе замуж, бо ты – расіянка. Але ў сорак год нарадзіць васьмімесячную дзяўчынку – гэта Бог паслаў. Гэта тваё выратаваньне”.
Мінулі гады. Зьняўся фільм выбітнага польскага рэжысэра Анджэя Фідыка “Беларускі вальс”. Там ёсьць гэты сюжэт…
Але ці даруе дачка свайму тату, што расла безь яго?
Ці даруе жанчына, каторая кахала ўсур’ёз? А гэта аказалася банальнейшая мадэль: “Я тебя любила, а ты такой подлец…»
Maga: «Вы самі сябе пакаралі, спадар аматар чыстай крыві…»
Аднак насуперак меркаваньню мастака тая “банальнейшая мадэль” выклікала літаральна шквал водгукаў. Вось некалькі з паўсотні.
Язафат: “Я тебя любила, а ты такой подлец...” Сапраўды, самая што ні ёсьць подласьць. Ніколі не мог падумаць, што спадар Пушкін можа быць так глыбока ў яе занураным, каб не разумець, дзе чорнае, а дзе белае. Нічога супольнага ані з патрыятызмам, ані з хрысьціянствам, ані з элементарнай шляхетнасьцю. Ганьба».
Dana: “М-мм, кожнаму сваё – насамрэч. У прынцыпе, яна была дарослай жанчынай, так што... Чаму б не нарадзіць дачку ад каханага чалавека?! Гэта ж здорава:) З іншага боку, спадар Алесь не скарыстаў шанец навучыць каханую роднай мове. Майстар страціў Маргарыту?»
Maga: «Не магу зразумець толькі чаго тут больш: дурасьці, ці подласьці? Ва ўсялякім выпадку вы самі сябе пакаралі, спадар аматар чыстай крыві. Хоць упэўнена, што калі б вы сапраўды кахалі гэтую жанчыну, дык такі брэд у галаву вам ніколі не прыйшоў бы. Упэўнена, што іх жыццё без вас склалася значна лепш, чым з вамі».
Сяржук: «Я тое самае б – не ажанiўся. Дзiўныя яны нейкiя гэтыя рускiя кабеты. Беларусы павiнны жанiцца на сваiх дзяўчатах i дзетак сваiх расьцiць».
Дык ці даруе жанчына мужчыну прадуманыя дзеяньні, якія былі не каханьнем, а – дзеяньнямі дзеля яе ўратаваньня з глыбока дэпрэсіўнага стану? Вось як адказвалі на пытаньне Алеся Пушкіна магілёўцы.
Магілёўская журналістка Аляксандра Пронькіна лічыць, што ўчынак мужчыны ў такой сытуацыі варты дараваньня. Мужчына хлусіў дзеля ратаваньня жанчыны:
“Ён такім чынам яе выцягнуў. І ў яе ў рэшце ўсё склалася. Такі беларускі хэпіэнд. Яна яму павінна быць ўдзячная, і я думаю – будзе ўдзячная за тое, што ён дапамог ёй паверыць у сябе. За тое, што ён яе паставіў на пэўны п’едэстал, як жанчыну, а гэта дарагі кошт мае”.
Такая пазыцыя – гэта пазыцыя моцнай жанчыны, у якой склалася жыцьцё, цьвердзіць журналістка. Іншую рэакцыі, мяркуе яна, варта чакаць ад кабеты, лёс якой ня быў бы такім спрыяльным:
“Яна магла б патрапіць у жорсткую дэпрэсію і ўсё магло б скончыцца суіцыдам. Моцная жанчына канечне ж прайшла праз гэта й вытрымала. Застаўся б відаць асадак ад таго, што побач няма каханага чалавека, што ён сышоў. Уменьне адпускаць – гэта дужа важнае ўменьне. Яму трэба вучыцца і жанчынам, і мужчынам”
Магілёўская паэтка Тацяна Барысік кажа: дараваць такі ўчынак мужчыну можна, аднак забыць нельга:
“Калі будуць сустракацца, у яе будзе заўсёды думка: гэта няшчыры чалавек. Ніколі сябе ня трэба прапаноўваць у якасьці гуманітарнай дапамогі камусьці. А ён ня думаў, што яна наагул магла скончыць жыцьцё самагубствам?”
Спадарыня Барысік лічыць: у такой сытуацыі маладому чалавеку папросту не было чым заняцца, і ён вырашыў пабыць крыху анёлам-выратавальнікам. Добра, што добра закончылася, падсумоўвае паэтка.
Старшыня магілёўскай няўрадавай арганізацыі “Жаночы цэнтар падтрымкі й самаадукацыі” Валянціна Гвазьдзева зазначае, што жанчына дараваць можа ўсё.
“Ён відавочна сам быў захоплены ёй. Ён яе выцягнуў з такой жахлівай сытуацыі, зь якой ня кожная жанчына здольная ў адзіноце справіцца. Яна можа быць яму удзячнай”.
Спадарыня Гвазьдзева аднак лічыць, што малады чалавек гуляў з агнём:
“Таму, што калі ты бачыш надзею, калі ты чапляесься за гэтую надзею, а потым яе губляеш, то паверыць зноўку дужа цяжка”.
Выкладчык унівэрсытэту, філёзаф Аляксей Бацюкоў ня бачыць ва ўчынку хлопца высакароднасьці. І ставіць пытаньне інакш:
“Трэба запытацца, ці можа яна дараваць, што ягонае пачуцьцё да яе было шкадаваньнем. Непрыемна прызнаваць, аднак шкадуючы мы наносім больш шкоды, чым кажучы праўду. Чалавека, які кахае, гэта забівае больш, чым калі ў яго няма сілаў да жыцьця, чым дэпрэсія”.
Грамадзкі актывіст жа Валадар Цурпанаў кажа: трэба запытацца, ці кахала насамрэч хлопца гэтая жанчына:
“Ці скарысталася яна з таго, што ён прапанаваў дапамогу, як варыянт паратунку. Значыць яна павінна быць удзячная. Вось пытаньне: удзячная яна яму, ці не? Можа гэтаму маладому чалавеку ня варта было казаць, што ён хлусіў і рабіў выгляд, што ён яе кахае? За падман жа яна мае поўнае права на яго крыўдаваць. За падман”.
Перад тым, як даць слова Алесю Пушкіну – яшчэ адно выказваньне наведніка сайту Свабоды.
Тодар: «Расейскія кабеты – гэта расейцы жаночага полу, аспрэчыць тое нікому ня ўдасца. І гэта ніякі не расізм – абяраць сабе каханка ці спадарожніка(цу) жыцьця паводле колеру валасоў, вачэй, скуры, расы ці нацыянальнасьці. Але ў дадзеным выпадку такі выбар ужо быў зроблены, калі "завязаўся раман" і асабліва калі было зачатае дзіця. Вось пазьнейшая зьмена гэтага выбару, ды з такой "фармулёўкай" – у гэтым цяжкі маральны праступак. Упэўнены, што сп. Пушкін распавёў усяму сьвету гэткую непрыгожую гісторую пра сябе ў відавочна пакаянным ключы, прызнаючы сябе віноўным і жадаючы дараваньня калі магчыма, дзеля гэтага абразы тут не да месца».
Камэнтуе Алесь Пушкін:
– У нас зь Яначкай, маёй жонкай, доўга не было дзяцей. Толькі з-за таго, што я пакінуў у гаротным стане жанчыну-расеянку. І Маргарыта сама малілася, каб нарадзіўся дзіцёнак. І ў яе прашу прабачэньня: я зрабіў грэх. Гэты грэх я спавядаў, доўга над ім думаў і часта разважаў на споведзях з айцом Віктарам.
Раю ўсім, у каго здараецца раман з жанчынамі іншай нацыянальнасьці, іншай мэнтальнасьці, усё ж такі заставацца больш талерантнымі, пастарацца гэтак любоўю зрабіць, каб жанчына пакахала як цябе, так і твае беларускія звычаі, паэтаў, тваю краіну.
Калі не атрымліваецца, то з чалавекам адназначна трэба разьвітвацца, не заводзячы дзяцей. А як здарыцца непрадбачанае – маю на ўвазе цяжарнасьць, то ўсё ж такі ўзяць на сябе мужчынскую адказнасьць ажаніцца. І – тут жа разьвесьціся, юрыдычна зацьвердзіўшы сваю адказнасьць за нараджэньне дзіцяці.
Я ня ведаю, як цяпер мая дачушка Аня будзе глядзець на ўсе мае ўчынкі. Можа, яна будзе люта ненавідзець беларускую мову, таму што тата яе кінуў і ён беларускі нацыяналіст. Я хачу зараз проста запрашаць яе на Купальле, на Каляды. Гэтым летам запрашаў, але яна паехала ў Расею да сваіх родным. І ўсё ж не губляю надзеі, таму трэба нейкім чынам кантактаваць.
Валерыя: “Бяспамяцтва і адмаўленьне ад сваіх каранёў, ад сваёй Богам дадзенай мовы і культуры – наш нацыянальны грэх”
Грамадзкі рэдактар тыдня Алесь Пушкін згадаў ня толькі любых людзей, якіх тым ня менш ён пакрыўдзіў і таму каіцца, але і сваіх ворагаў. Якім шмат чаго ня хоча і ня можа дараваць. Гэта, паводле мастака, у прыватнасьці былая дырэктарка школы ў ягоным Бабры.
– Я сказаў: “Евгения Алексеевна, вы ня мусіце ўзначальваць нашу школу, бо ненавідзіце беларускую мову і культуру – вы прыехалі з Усурыйску…Пакіньце гэтую пасаду, застаньцеся проста настаўніцай біялёгіі – і я дам вам хрысьціянскае цалаваньне!”
Аднак яна падгаварыла мужа, разам прыехалі да майго дому з пагрозамі і лаянкай. Думалі прыпужаць баязьлівага (як звычайна) беларуса…
Я прыбіраў сад, быў з граблямі і сказаў: “Заходзь, падпалкоўнік, толькі ведай – вось гэтыя граблі паламаю на тваю галаву! Я – абараняю сваю зямлю. І ты зрабіў вялікую, недаравальную памылку: ты прыехаў як гаспадар да таго, хто тут аўтахтон – у мяне пяць пакаленьняў на гэтай зямлі пражылі!”
І зноў – водгукі, спрэчка сярод слухачоў і наведнікаў сайту Свабоды. Піша Зьміцер зь Менску: “Але ж сёньня нават большасьць беларусаў не гавораць па-беларуску. Пушкін, будзеш і ім грабелькамі па галоўцы? А калі мы ў сваю чаргу іх возьмем – што атрымаецца? Мінімум грамадзянская вайна. Максымум – беларускіх Пушкіных ня стане на гэтай зямлі”.
Валерыя зь Менску адказвае: "Дзьмітры, ні грабелькі, ні аўтамат для Вас і Вашай сям'і непатрэбныя. Вы, як і большасьць расейскамоўных беларусаў ўжо пакараныя: у вас адабраныя мова і памяць. Вы самі прызналіся, што ёсьць ахвярамі шматвяковай акупацыі. Ці вінаватыя Вы ў гэтым асабіста? Можа і не – але гэтае бяспамяцтва і адмаўленьне ад сваіх каранёў, ад сваёй Богам дадзенай мовы і культуры – наш нацыянальны грэх, калі хочаце: парушэньне пятага запавету пра шанаваньне бацькоў. Я кажу – наш грэх, таму што гадоў да 15 таксама размаўляла па-расейску. Але Гасподзь даў мне магчымасьць асабіста пакаяцца ў гэтым граху. Спадзяюся, і Вам дасьць калісьці гэтую магчымасьць, "каб працягнуліся дні твае на зямлі, якую Гасподзь, Бог твой, дае табе."
Недарэмна ж Гасподзь дасылае нам дзеля пакаяньня беларускамоўных этнічных расейцаў, амерыканцаў, шведаў і нават японцаў".
А вось меркаваньне рэдактаркі інтэрнэт-парталу Царква Наталькі Васілевіч: “Кожны чалавек часта сутыкаецца з тым, як цяжка яму дараваць. Дараваньне заўсёды індывідуальнае, і не заўсёды яно можа прывесьці да прымірэньня. Царква таксама кажа хутчэй не пра дараваньне, а пра прымірэньне. І тое таінства, якое яна ўводзіць, таінства пакаяньня, таінства споведзі – гэта таксама таінства прымірэньня з царквой”.
Камэнтуе Алесь Пушкін:
– Чаму ў нас пустэча: закінутыя хаты і дэбілы-алігафрэны? Чаму лепшыя зьяжджаюць у Расею? Вось за гэта не магу дараваць расейскай імпэрыі. Робяць наш узровень жыцьця такі, каб мы заўсёды жылі горш за расіянаў. Каб нашы хлопцы ехалі ў Расею і марылі ў Маскве жыць і працаваць. Гэта недаравальная рэч, гэта вядомая імпэрская палітыка, гэта палітыка непрызнаньня нашай беларускай мовы, культуры, гэта лічэньне нас недачалавекамі.
У нас дзьве Беларусі. І гэты антаганізм – беларускай Беларусі і каляніяльнай, такой крэольскай Беларусі – ён усё назапашваецца і назапашваецца. Супрацьстаяньне, нянавісьць... Заўважце, як зьбіваюць за бел-чырвона-белы сьцяг жанчын, якія да мяне прыехалі сьпяваць, пані Марыю, Веру Ігнатовіч. Людзі, якія маюць напалову расейскія карані, казалі: “Вось яны фашысты!”. Я адразу адчуваю: альбо карані расейскія, альбо зь сям’і вайскоўцаў, акупантаў расейскіх. Гэта асабліва адчуваецца ў Барысаве. Каб не было грамадзянскай вайны, каб не было выбухаў, забойстваў рускіх настаўніц, як было ў Дагестане, нам трэба ўзьнімаць пытаньне дараваньня. Давайце шукаць шляхі прымірэньня аўтахтонаў, гаспадароў гэтай зямлі. І тых, хто прыехаў з Калугі
Нельга дараваць тым, хто лезе да цябе ў душу і гадзіць, хто прыніжае тваю нацыянальную годнасьць. Вось такія рэчы нельга – калі крыўдзіцца наша годнасьць, гонар, беларуская гісторыя. А астатнія жыцьцёвыя рэчы трэба дараваць. Я быў бы вельмі рады, каб адзін з гэтых пяці хлопцаў праз 20 год стаў сьвятаром ці, напрыклад, судзьдзём. Вось гэта быў бы судзьдзя, які бы на ўсё жыцьцё памятаў свой грэх. Ён быў бы цудоўны судзьдзя, ён бы быў справядлівы судзьдзя.