Менск хоча зьнізіць цану паставак расейскага газу

Урад Беларусі ініцыюе новыя перамовы з Расеяй аб цане паставак газу ў 2009 годзе, заявіў журналістам у Менску віцэ-прэм'ер ураду Беларусі Андрэй Кабякоў.

"Прадмет для перамоў па газе цяпер ёсьць. Беларускі бок ініцыюе гэтыя перамовы, і разьлічвае, што мы прыйдзем да згоды", - цытуе А.Кабякова Інтэрфакс.

Ён растлумачыў, што ініцыятыва беларускага боку выкліканая тэндэнцыяй паніжэньня сусьветных цэнаў на нафту і нафтапрадукты, зыходзячы зь якіх вызначаецца кошт газу.

Віцэ-прэм'ер нагадаў, што вялікую частку году "ацэнка цэнаў на газ імкліва расла з улікам росту цэнаў на нафту, але цяпер цэны на нафту ўпалі і ёсьць прадмет для перамоваў".