Недзяржаўная газэта “Народная воля” зьявілася ў менскіх шапіках “Белсаюздруку” пасьля 15 гадзіны. Адразу яе пачалі актыўна раскупляць.
“Вось з 15 экзэмпляраў засталося толькі тры. Аказалася, людзі памятаюць пра такую газэту, сёньня з раніцы пыталіся”, — паведаміла карэспандэнту “Свабоды” прадавачка шапіка каля мэтро “Парк Чалюскінцаў”.
Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч кажа, што з наступнага тыдня “Народная воля” будзе друкавацца ўжо ў Менску, а гэты наклад яшчэ надрукавалі ў Смаленску. “Разьлічваем на тыраж да 15 тысяч, але можа быць і болей. Шмат залежыць ад актыўнасьці чытачоў і рэклямадаўцаў”.
***
Сёньня ў шапікі “Гомельаблсаюздруку” ўпершыню пасьля трохгадовага перапынку завезьлі сьвежыя асобнікі незалежнай газэты “Народная воля” — №№ 179—180 і №№ 181—182 за 27 і 28 лістапада адпаведна.
За першую гадзіну ў шапіку № 77, што на вуліцы Савецкай, купілі чатыры асобнікі зь пятнаццаці завезеных.
Кіяскёрка, спадарыня Люба, не сумняваецца наконт добрага попыту на незалежнае выданьне: “Людзі проста яшчэ ня ведаюць, што газэта паступіла ў продаж. Але як толькі бачаць, адразу купляюць”.
“Народная воля” ў шапіках была выкладзена на прыкметных месцах, і яе было відаць адразу.
Кіяскёры казалі, што заўтра ў продаж паступіць і ”Наша ніва”.