“Хто прызначыў на высокія пасады махляроў і хабарнікаў?”

На працягу мінулых тыдняў значная грамадзкая ўвага ў Беларусі была прыцягнута да гучных карупцыйных скандалаў. Прэзыдэнт Лукашэнка прылюдна абвінаваціў у цяжкіх злачынствах і маральнай дэградацыі шэраг высокапастаўленых кіраўнікоў Міністэрства ўнутраных спраў і пракуратуры.


На гэтыя падзеі адклікнуліся ў сваіх лістах слухачы Свабоды. Вось што піша з нагоды чарговага выкрыцьця карупцыянэраў наш даўні сябар Алесь Цадко з Маладэчна:

“Калі хлеба становіцца меней, улада імкнецца замяніць яго відовішчамі. Гэты няхітры прыём галоўны беларускі начальнік выкарыстоўвае ўжо на працягу больш як 14 гадоў. І колькі можна слухаць гэтую старую зайграную кружэлку на тэму барацьбы з карупцыяй! Быццам невядома, кім створаны для хцівых і сквапных чыноўнікаў самы спрыяльны клімат, хто прызначаў на высокія пасады адпетых махляроў і хабарнікаў...

А тэма дзяцей-сірот, якія пакутуюць ад бацькоў-п’яніц? Колькі слоў было сказана на гэтую тэму год таму! Але рэальна нічога ня зроблена. І вось зноў старая песьня гучыць ва ўсіх мэдыях.

І ўсюды ён здымае зь сябе асабістую адказнасьць, перакладаючы яе на сваіх падначаленых. Цікава, калі хлеба стане яшчэ менш, якую песьню на кружэлцы паставіць ён для свайго электарату наступны раз?”
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Алесь Цадко з Маладэчна.

Відавочна, спадар Цадко, гэтыя песьні гучаць да таго часу, пакуль іх слухаюць і вераць таму, хто гэтыя песьні выконвае. Антыкарупцыйная тэма — вельмі выйгрышная для любога палітыка. У 93—94 гадах дэпутат Аляксандар Лукашэнка імкліва здабыў папулярнасьць і народную любоў, выкрываючы дробныя махінацыі кебічаўскіх чыноўнікаў. І Станіслаў Шушкевіч тады страціў пасаду таксама на хвалі барацьбы з карупцыяй: гучную справу пра нібыта не аплочаную ім скрынку цьвікоў пры рамонце сьціплага лецішча многія памятаюць дагэтуль. На тле палацаў коштам па некалькі мільёнаў даляраў кожны, якія будуюць сабе цяпер невядома на якія даходы высокапастаўленыя беларускія чыноўнікі, тое лецішча выглядае як хатка селяніна-бедняка перад панскім маёнткам.

Пра тое, чаму такія вялізныя маштабы набыла ў Беларусі праблема п’янства і алькагалізму, разважае ў сваім лісьце Тамара Зайцава з Калінкавічаў. Яна піша:

“Я зразумела, што п’янае насельніцтва нашай дзяржаве выгаднае. Інакш чаму на прэзыдэнцкіх выбарах за адну вядомую ўсім асобу галасуе больш як 90 працэнтаў гомельскага насельніцтва? Вось зь якой прычыны адной рукой улада разьвешвае паўсюль плякаты кшталту: “За здаровы лад жыцьця” і “П’янству — бой!”, а другой — залівае гарады і вёскі патокам таннага алькагольнага пойла і тытуню. Гэтыя свае высновы пра тое, чаму п’яная нацыя такая зручная для ўлады, я, як магу, распаўсюджваю сярод сваіх знаёмых і сяброў”,— напісала Тамара Зайцава з Калінкавічаў.

Сапраўды, залежны ад алькаголю грамадзянін мала цікавіцца палітыкай, а заробленыя ім грошы імгненна вяртаюцца ў бюджэт празь віна-гарэлачную краму. Але зручнасьці гэтыя для дзяржавы — сумнеўныя. Які з п’янага чалавека работнік, які зь яго бацька? Колькі грошай вымушана траціць дзяржава на тое, каб лячыць алькаголікаў, гадаваць кінутых імі дзяцей, выкрываць злачынствы, якім часта спадарожнічае гарэлка!

Аўтар наступнага ліста — наш даўні слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску — разважае пра тое, чаму кіраўнікі Расеі і Беларусі так часта наракаюць на так званую “аднапалярную” будову сьвету і чым ім так мілы час, калі сьвет быў “двухполюсны”. Спадар Копыл піша:

“Памылкова лічыць, што з распадам СССР і камуністычнай сыстэмы сьвет стаў аднапалярным. Як бы Пуцін у свой час ні абдымаўся з Бэрлусконі, Шродэрам, Шыракам і Блэрам, усё роўна Расея і Эўропа — не адно і тое ж. Гэта пацьвярджаецца мюнхэнскай прамовай Пуціна і агрэсіяй Расеі супраць Грузіі. Эўропа і Кітай, ЗША і Лацінская Амэрыка — усё гэта — розныя полюсы нашага сьвету. Грунтоўных супярэчнасьцяў паміж імі вельмі шмат.

І Лукашэнка, і Пуцін, і Мядзьведзеў заяўляюць, што аднапалярны сьвет — гэта кепска. А што кепскага, калі асновай для ўладкаваньня жыцьця ўсяго чалавецтва стануць дэмакратычныя каштоўнасьці? Прыкладам гэтага стаў Эўразьвяз, дзе 27 дэмакратычных краін жывуць у згодзе, усе складаныя пытаньні вырашаюць за круглым сталом, а не са зброяй у руках.

Лукашэнка, Пуцін і Мядзьведзеў сваімі высновамі проста апраўдваюць узьнікненьне ды існаваньне аўтарытарных дэспатычных рэжымаў. У Беларусі і Расеі адбываецца рэанімацыя сталінізму і апраўданьне масавых бальшавіцкіх рэпрэсіяў”
, — гэтак лічыць наш слухач Ільля Копыл, былы вайсковец зь Менску.

Цяжка спрачацца з тым фактам, што пасьля распаду СССР на зямным шары засталася толькі адна супэрдзяржава — Злучаныя Штаты. Тыя палітычныя лідэры, якія лічаць гэта заганай, хутчэй за ўсё, проста шкадуюць пра былую імпэрскую веліч краіны, якую сёньня ўзначальваюць і якую б хацелі б зноў ператварыць у магутную сусьветную імпэрыю.

А так званая “аднапалярнасьць”, сапраўды, зьява ўмоўная і часовая. Сьвет імкліва мяняецца, зьяўляюцца абрысы новых палюсоў эканамічнай і вайсковай магутнасьці. Прычым зьяўляюцца зусім ня там, дзе мае ўплыў Масква.

Наш слухач Вячаслаў Прыступа жыве ва Ўкраіне, у сяле Петрашоўка Вінькавецкага раёну Хмяльніцкай вобласьці. Ён паведамляе, што зь цікавасьцю слухае перадачу “Падарожжы Свабоды” з расповедамі пра жыцьцё ў беларускіх вёсках і міжволі параўноўвае пачутае з тым, што на ўласныя вочы кожны дзень бачыць у тым сяле, у якім жыве. У сваім лісьце на “Свабоду” Вячаслаў піша:

“Вясковыя людзі як у вас, так і ў нас з ранку да позьняга вечара цяжка працуюць за сымбалічную плату, а часам і задарма. Праблемы ў нас, па сутнасьці, аднолькавыя. Як ваша ўлада, так і наша багата гаворыць пра падтрымку сяла, але сапраўднай дапамогі ад яе мала. Сяло кінута на волю лёсу. Людзі выжываюць, як у каго атрымліваецца, як хто можа. І жыцьцём гэта назваць цяжка.

Вось я жыву ў сяле. Як і ва ўсіх нашых людзей, сталага заробку няма. Раней сяло трымалася за кошт калгасу. Былі і праца, і заробак. Але ўсё тое засталося ў мінулым: калгас збанкрутаваў.

Жыцьцёвы ўзровень большасьці сельскіх жыхароў — ніжэй за сярэдні ў краіне. Гэта трывожыць. Хоць, зь іншага боку, чалавек, які сам цярпіць ад нястачы, больш спагадлівы да чужой бяды, падзеліцца з табой апошнім кавалкам хлеба.

Насельнікі сяла — гэта ці пэнсіянэры, ці тыя, хто з розных прычынаў ня можа паехаць на заробкі. Вось як я: быў час, езьдзіў і ў Расею, і па ўкраінскіх гарадах, чым і падарваў сваё і так ня надта моцнае здароўе. Як кажуць — даезьдзіўся. Але калі б была ў сяле праца — усё роўна працаваў бы. Ды толькі ў гэтым пляне ў нас — глуха. Застаецца спадзявацца, што калі-небудзь і на нашай вуліцы будзе сьвята”
, — напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Вячаслаў Прыступа з украінскага сяла Петрашоўка Вінькавецкага раёну Хмяльніцкай вобласьці.

Пасьля 1991 году ў постсавецкіх краінах спрабавалі ратаваць сельскую гаспадарку рознымі спосабамі. Але і там, дзе калгасную сыстэму, як ва Ўкраіне, дэмантавалі, і там, дзе яе, як у Беларусі, паспрабавалі захаваць без істотных зьменаў, жыцьцё вясковых людзей цяжка назваць заможным і пасьпяховым. Нават у балтыйскіх краінах, савецкая калгасная гісторыя якіх значна карацейшая, чым у астатніх былых рэспубліках СССР, досьвед рэформаў сельскай гаспадаркі на працягу апошніх двух дзесяцігодзьдзяў немагчыма ацаніць толькі станоўча. Дастаткова паезьдзіць па латвійскіх ды літоўскіх вёсках, пабачыць зарослыя кустоўем былыя калгасныя палі, пагаварыць зь мясцовымі дзядулямі і бабулямі, чые дзеці замест таго, каб працаваць на ўласнай зямлі, падаліся на заробкі ў Нямеччыну, Швэцыю, Вялікую Брытанію...

На заканчэньне — ліст ад Сяргея Балбасава зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну. Слухач дзеліцца ўласным досьведам таго, як можна пазбавіцца ад панурага настрою нават ва ўмовах шэрай бязрадаснай рэчаіснасьці. Ён піша:

“Калі прывыкнеш успрымаць навакольныя абставіны ў шэрым сьвятле, дык зусім ня дзіўна, што будзеш апанаваны змрочным настроем і раздражненьнем на ўсіх і ўсё. Мудрыя людзі кажуць: “Калі жыцьцё падсоўвае кіслы лімон — дык зрабіце зь яго ліманад”. Варта ставіцца да жыцьця такім чынам, каб непрыемнасьці здаваліся ня карай, а менавіта ўрокам за дапушчаныя памылкі. Вядома, дамагчыся гэтага цяжка, патрэбен час.

У маім асабістым жыцьці здараліся розныя сытуацыі. Часам нешта раздражняла, прыгнятала, злавала. Аднак зь цягам часу я пачаў разумець: калі ў такі момант страчваеш кантроль над сабой, дык наступствы будуць удвая больш непрыемнымі і балючымі.

Хацелася б, каб на зямлі было болей людзей, якія б верылі, што кожны новы дзень можна пачынаць па-новаму”,
— напісаў у сваім лісьце на “Свабоду” Сяргей Балбасаў зь вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёну.

Гэтай бясспрэчнай жыцьцясьцьвярджальнай высновай слухача і скончу сёньняшні агляд нашай пошты.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by