Прэм'ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што чыноўнікі “ні чорта ня робяць у краіне па прыцягненьні замежных інвэстыцый”.
Сёньня ён узяў удзел у нарадзе прэзыдыюму Савету міністраў, дзе разглядалася пытаньне аб інвэстыцыйным працэсе па выніках 9 месяцаў 2008 году.
С.Сідорскі заклікаў: “Зразумейце, мы не выжывем без інвэстыцый, без новых праектаў”.
Ён назваў ганебнай сытуацыю, калі падчас інвэстыцыйнага форуму ў Лёндане асабіста мусіў вырашаць пытаньні з патэнцыйнымі інвэстарамі, якія не знайшлі падтрымкі ў міністэрствах. У якасьці прыкладу ён згадаў, што кампанія “Катэрпілар” (ЗША) ужо 8 месяцаў “ходзіць каля міністра прамысловасьці і прапануе сумесныя праекты зь БелАЗам, а міністар кажа, што яму гэта ня трэба”.
“Мінэканомікі прапануе ўчорашнія думкі”, — заявіў С.Сідорскі.
Ён адзначыў, што ня толькі органы кіраваньня ў Менску, але і мясцовыя органы ўлады не выконваюць рашэньня ўраду па прыцягненьні інвэстыцый.
Камэнтуючы выказваньні С.Сідорскага кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначыў:
“Супраць каго выступае спадар Сідорскі: супраць самога сябе? Тады трэба ў адстаўку падаць, калі ня можа чыноўнікамі кіраваць”.
Паводле Я.Раманчука, у правале з інвэстыцыямі вінавата сыстэма кіраваньня і абраная мадэль, якую так хваляць А.Лукашэнка і С.Сідорскі:
“Маўляў, цэлы сьвет да яе прыглядаецца. А гэтая мадэль дае збой. Бо і карупцыя, і кумаўство, і хабарніцтва. Калі добрая, то чаму ж не працуе і не спрыяе інвэстыцыям, тэхналёгіям. Бо адзінага цэнтру, адзінай стратэгіі разьвіцьця сёньня ў краіне няма. І гэта асноўная небясьпека перад тварам фінансавага крызісу”.