25 лістапада распачалася міжнародная кампанія дзеля прадухіленьні хатняга гвалту, абвешчаная ААН. Сёньня прадстаўніцтва ААН у Беларусі абнародавала вынікі дасьледаваньня сытуацыі з хатнім гвалтам у краіне, а Міністэрства ўнутраных спраў падало афіцыйную статыстыку.
Гвалт у дачыненьні да жанчын не ўласьцівы ні якой-небудзь асобнай культуры, ні асобнаму рэгіёну альбо краіне, ні пэўнай катэгорыі жанчын. Карані гвалту палягаюць у гістарычна няроўным становішчы паміж мужчынамі і жанчынамі, кажа кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніюс Брук:
“Чаму акцэнт робіцца на гвалт у сям’і, на хатні гвалт? Таму што гэта, напэўна, самая жахлівая форма гвалту, заснаваная на гендэры, на полавай няроўнасьці, калі замест бясьпекі, камфорту ў сям’і чалавек адчувае зьнявагу і страх за сваё жыцьцё”.
Паводле дасьледаваньняў Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, ад 55 да 95% жанчын, якія зазналі хатні гвалт, ніколі не зьвярталіся ні ў паліцыю, ні ў няўрадавыя арганізацыі, прытулкі, каб атрымаць якую-небудзь дапамогу. Стыгматызацыя і страх перашкаджаюць, распавёў кіраўнік прадстаўніцтва ААН у Беларусі Антоніюс Брук:
“У Рэспубліцы Беларусь больш за 50% ахвяраў фізычнага альбо сэксуальнага гвалту ніколі не зьвярталіся ні да кога па дапамогу, у тым ліку да суседзяў ці родных”.
Па выніках нацыянальнага апытаньня, праведзенага Цэнтрам сацыялягічных і палітычных дасьледаваньняў БДУ, 4 з 5 жанчын ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў зазналі псыхалягічны гвалт, кажа супрацоўніца ААН Тацяна Гаплічнік:
“80% насельніцтва кажа, што зазнае псыхалягічны гвалт, у той жа час 70% людзей кажуць, што адносіны ў іхніх сем’ях цёплыя, добрыя. То бок сварка, лаянка, пагрозы, зьнявага — звычайная частка сямейнага жыцьця.
Cварка, лаянка, пагрозы, зьнявага — звычайная частка сямейнага жыцьця.
Фізычны гвалт зазнавалі 80% беларускіх жанчын, эканамічны гвалт — 22,5%, сэксуальны — больш за 13%. 50% жанчын ніколі нікому не прызнаваліся, што зазнаюць гвалт. 22% рэспандэнтаў-мужчын прызналіся, што хоць раз у жыцьці зазналі фізычны гвалт з боку жонкі альбо партнэркі. Розныя формы гвалту (часьцей псыхалягічны гвалт) зазналі 79% мужчын. А ўвогуле беларусы сталі больш цярпліва ставіцца да ўсіх відаў гвалту. Вось такія высновы зрабілі сацыёлягі.
Начальнік Упраўленьня прафіляктыкі МУС Мікалай Дрозд агучыў такія статыстычныя дадзеныя: сёлета ў сфэры сямейна-бытавых адносінаў зарэгістравана больш за 2,5 тысячы злачынстваў. Кожнае трэцяе забойства ў краіне — у выніку сямейных скандалаў:
“1830 жанчын прызнаныя пацярпелымі ў выніку крымінальна-карных дзеяньняў. Штодня органы ўнутраных спраў рэгіструюць 200 паведамленьняў пра сямейныя скандалы. У мінулым годзе было зьдзейсьнена 221 забойства, за 10 месяцаў 2008 году — 171 забойства, летась было 369 выпадкаў нанясеньня цяжкіх цялесных пашкоджаньняў, сёлета — 354”.
Мікалай Дрозд прызнае, што гэта толькі вяршыня айсбэргу. Праблема значна глыбейшая і больш маштабная. Але Закон аб хатнім гвалце дагэтуль у Беларусі не прыняты, хаця праект яго быў распрацаваны і разглядаўся парлямэнтам яшчэ ў 2002 годзе.