Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хатні гвалт: праблема ня столькі сацыяльная, колькі эканамічная


Паводле інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, штодня ў Беларусі рэгіструецца каля 200 паведамленьняў аб сямейных канфліктах. А колькі яшчэ не трапляе ў зводку з-за нежаданьня людзей зьвяртацца ў міліцыю? За зьдзекі, пагрозу забойствам, нанясеньне цялесных пашкоджаньняў рознай ступені цяжкасьці ў краіне штогод заводзіцца каля дзьвюх тысяч крымінальных спраў. Паводле міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnesty International” штогод каля трох тысяч беларускіх жанчын церпяць ад гвалту ў сям’і.

Што тычыцца заканадаўства, то ў Крымінальным кодэксе няма такога панятку, як “гвалт у сям’і”. У Беларусі дагэтуль не прыняты Закон аб хатнім гвалце. Хоць праект такога Закону быў падрыхтаваны яшчэ ў 2002 годзе, ухвалены Міністэрствам унутраных спраў і пададзены ў парлямэнт. Але так і застаўся там пахаваны.

Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын” Ірына Альхоўка кажа, што пакуль вельмі цяжка даказаць уладзе, дзяржаве, што гэта праблема рэальная, бо яны патрабуюць: пакажыце статыстыку, пераканайце, што гэта сапраўды вартае ўвагі. Дапамогай ахвярам хатняга гвалту займаюцца ў асноўным грамадзкія жаночыя арганізацыі ды міжнародныя фонды. Пры канцы лістапада Фонд ААН у галіне народанасельніцтва плянуе адкрыць у Беларусі “гарачую лінію” для ахвяраў хатняга гвалту. Кажа Ірына Альхоўка:

“Спадзяюся, калі гэта гарачая лінія будзе працаваць, мы будзем бачыць, хто зьвяртаецца, што гэта за жанчыны, якія праблемы. Таму што на сёньня дакладнай статыстыкі няма, яна састарэлая. Вельмі цяжка ацаніць масштабы праблемы. Бо ня ўсе зьвяртаюцца. Ці яна спачатку зьвярнулася, а потым забрала заяву”.

Старшыня “Беларускай жаночай лігі” Ніна Стужынская лічыць, што наверсе недаацэньваюць вастрыню і глыбіню праблемы. На яе думку, ахвярамі хатняга гвалту ў асноўным зьяўляюцца жанчыны. Але ў яе ёсьць свая вэрсія, чаму беларускія мужчыны, часьцяком не абавязкова п’яніцы і скандалісты, так паводзяць сябе ў дачыненьні слабага полу:

Write Your Quote Here ...

“Кожная трэцяя жанчына, якая мае сям’ю ці бой-фрэнда, сутыкаецца з праблемай хатняга гвалту.
Наш мужычок, абсалютна падпарадкаваны чужой волі ў грамадзтве, ён прыходзіць і “адрываецца” дома.
Таму што наш мужычок, абсалютна падпарадкаваны чужой волі ў грамадзтве, на працы, таксама ёсьць ахвярай прыніжэньня з боку кіраўніка, ён прыходзіць і “адрываецца” дома. Увесь свой нэгатыў, напружаньне дзе вылівае? Ён знаходзіць такі ўнітаз як уласная жонка. Гэта, напэўна, адна з прычын таксама”.

Адмыслоўцы перакананыя, што хатні гвалт ня мае ні сацыяльных, ні эканамічных, ні адукацыйных межаў. Зусім не абавязкова, што скандаляць у асноўным выпівохі, а ахвярамі становяцца затурканыя, занядбаныя жанчыны, якія ня могуць пастаяць за сябе. Па статыстыцы, 80% жанчын, якія зьвяртаюцца ў крызісныя цэнтры, маюць вышэйшую адукацыю. Псыхоляг Менскага гарадзкога цэнтру сацыяльнай дапамогі сям’і і дзецям Жанна Міцкевіч на ўласным досьведзе пераканалася:

“Гвалт у сям’і ў нас існуе незалежна ад адукацыі чалавека, незалежна ад узросту, пасады, грошай. Гэта ня мае значэньня. У многіх сем’ях ёсьць гвалт, у тых жа самых дэпутатаў”.

У Беларусі ёсьць некалькі крызісных цэнтраў сям’і, куды можа зьвярнуцца жанчына — ахвяра хатняга гвалту, у тэрытарыяльных сацыяльна-пэдагагічных цэнтрах часовы прытулак знаходзяць дзеці з праблемных сем’яў. Але чаму асобы, якія тэрарызуюць сям’ю, часьцяком застаюцца беспакаранымі? Пытаньне рытарычнае, лічыць Ірына Альхоўка:

“Пакуль, на жаль, калі жанчынам дапамагаюць яшчэ, тэрытарыяльныя цэнтры нейкую дапамогу аказваюць, то з гвалтаўнікамі ніхто не працуе. А гэта таксама вялікая праблема”.

Сёлета ў сакавіку грамадзкае аб’яднаньне “Беларуская асацыяцыя маладых хрысьціянскіх жанчын” правяло сацыяльна-эканамічнае дасьледаваньне “Кошт хатняга гвалту ў Беларусі”. Непасрэдныя выдаткі ахвяры і
Кошт хатняга гвалту ў Беларусі складае за год амаль 2,5 мільярды рублёў
дзяржавы на адну сытуацыю хатняга гвалту склалі 884 тысячы рублёў (лячэньне, дапамога спэцыялістаў, аплата лістка непрацаздольнасьці, судовыя выдаткі, выклік міліцыі ды іншае). Улічваліся толькі афіцыйныя звароты ў міліцыю. Такім чынам, кошт хатняга гвалту ў Беларусі складае за год амаль 2,5 мільярды рублёў (прыкладна 1 мільён 130 тысяч даляраў).

І ўсё ж такі, чаму беларускія жанчыны церпяць гвалт? Псыхоляг Жанна Міцкевіч кажа:

“Гэта ня столькі псыхалягічная, колькі сацыяльная праблема: маўляў, я не магу пражыць без мужчыны і яго матэрыяльнай падтрымкі”. Куды яна пойдзе? Кватэра на ім. Па-другое, які-ніякі — напіўся, пабіўся, потым супакоіўся, грошы прынёс. Яшчэ адна прычына — жанчына ня ўмее пастаяць за сябе, няўпэўненая, ня можа абараніць сябе, таму што яна не навучаная мэханізму абароны сябе, сказаць гвалтаўніку “не” і пастаяць за сябе”.

У сярэдзіне верасьня ўрад Беларусі ўрэшце зацьвердзіў “Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці на 2008-2010 гады” — за тры месяцы да заканчэньня першага году дзеяньня. Ніна Стужынская кажа:

“Таксама там ўскосна як бы апісана праблема, але мэханізму рашэньня няма. І потым, прабачце, — пад Нацыянальны плян жа грошай не далі. Можна пра гэта гаварыць колькі заўгодна — журналістам, зацікаўленым асобам, але калі грошай няма пад праграму — зразумела, што яна проста для дэкарацыі, для паляпшэньня іміджу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG