Тыдзень з Радыё Свабода” – штотыднёвая аналітычная перадача на незалежным тэлеканале "Белсат".
Замежныя інвэстыцыі – у Беларусь ці ў дыктатуру?
Расейка-грузінскі канфлікт, Эўропа і Амэрыка: хто каму здрадзіў?
“Пункціры” – галоўныя падзеі мінулага тыдня вачыма журналістаў і слухачоў “Свабоды”
Тэмы абмяркоўваюць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук і супрацоўнікі службы Алена Ціхановіч, Юрась Бушлякоў, Аляксей Знаткевіч, Ян Максімюк, супрацоўніца грузінскай службы Манана Кузьма.
Замежныя інвестыцыі – у Беларусь ці ў дыктатуру?
Your browser doesn’t support HTML5
Лукашук: “Беларускі інвэстыцыйны форум ў Лёндане стаў галоўнай зьнешнепалітычнай беларускай падзеяй для Беларусі. У сталіцы Вялікабрытаніі пабываў прэм’ер-міністар, падзею як надзвычайны посьпех шырока паказвалі беларускія СМІ, брытанская газэта Finanсial Times прысьвяціла – упершыню ў сваёй гісторыі – чатыры поўныя старонкі Беларусі.
Вось гэты выпуск. Ян, што даведаліся чытачы самай папулярнай у сьвеце эканамічнай газэты пра Беларусь?”
Максімюк: “Калі адказаць коратка, дык чытачы „Financial Times” мелі нагоду даведацца пра тое, пра што слухачы Радыё Свабода ведаюць даўно, гэта значыць — пра палітычныя і сацыяльныя абумоўленасьці разьвіцьця прыватнага бізнэсу ў Беларусі.
А калі зьвярнуцца канкрэтна да саміх артыкулаў, дык мы маем у іх рэалістычна-прагматычны погляд староньняга, заходняга назіральніка на тое, чаму беларускі рэжым ўсё-ткі надумаўся рабіць шырокую прыватызацыю і запрасіць заходніх інвэстараў.
Галоўны тэзіс „Financial Times” — i на яго трэба зьвярнуць асаблівую ўвагу — гэта тое, што сусьветны фінансавы крызыс можа пазбавіць Беларусь тых рынкаў збыту, якія яна мае цяпер у Расеі і Ўкраіне. Новыя інвэстыцыі і новыя тэхналёгіі ў Беларусі патрэбныя дзеля таго, каб уратаваць эканоміку ад імавернага краху. Захад не купляе ў Беларусі амаль нічога з прамысловых вырабаў, бо яны несучасныя ці неканкурэнтназдольныя. А цяпер узьнікла рэальная небясьпека, што перастануць іх купляць у Расеі і Ўкраіне.
Другі важны тэзіс заходніх экспэртаў — Беларусь хоча карэнным чынам памяняць адносіны ўласнасьці ў краіне, але пакінуць цяперашнюю палітычную сыстэму. Ці магчымы лібэральны капіталізм у аўтарытарнай дзяржаве? На гэтае пытаньне аўтары „Financial Times” не адказваюць, але ў артыкулах адчуваецца нотка скептыцызму наконт такой магчымасьці”.
Лукашук: “Аляксей, на што Вы зьвярнулі ўвагу?”
Знаткевіч: “Як ужо сказаў Ян, гэта ў асноўным пасланьне інвэстарам, і галоўная думка ва ўсіх артыкулах -- што раней у Беларусі ўмоў для бізнэсу не было фактычна ніякіх , цяпер зьявіліся прынамсі некаторыя ўмовы. Тут даволі аб'ектыўна ўсё пададзена, [хоць для тых, хто ведае сытуацыю, інфармацыі тут будзе новай даволі мала. Але журналісты памыліліся ў адным месцы. Мяне зацікавіла інтэрвію з Лукашэнкам, якое даецца без камэнтароў. Дык вось журналісты, пасьля слоў Лукашэнкі, што ён свайго сына павёў у адзін год у лазьню, і цяпер у чатыры гады Коля, пазашлюбны ягоны сын, можа вытрымаць 100 градусаў у лазьні, яны напісалі ў дужках, што маўляў, паводле шкалы Фарэнгайту. Гэта прыкладна 40 градусаў паводле Цэльсія”.
Лукашук : “Такая тэмпэратура хіба не бывае ў беларускіх парылках”.
Знаткевіч: “Так. Такім чынам, журналісты ня вельмі добра ведаюць, што такое лазьня і ня могуць сабе ўявіць, што такога маленькага хлопчыка можна завесьці у такую тэмпэратуру і вытрымлівае ён. Яшчэ такі момант. Калі падаецца інфармацыя пра Беларусь, дык ёсьць выява бел-чырвона-белага сьцяга, які быў дзяржаўным да 1995 году, а ўжо ў рэклямных плошчах, дзе бачна, што за яе заплачана, там ужо падаецца цяперашні дзяржаўны сьцяг Беларусі. На мапе Беларусі -- некаторыя назвы гарадоў перакладзеныя з беларускай мовы, напрыклад, Жодзіна ці Сьветлагорск, ці Салігорск, астатнія гарады -- з расейскай мовы. То бок мяшанка -- і два сьцягі, і дзьве мовы, як і ў Беларусі”.
Лукашук: “Цэнтральная думка публікацыяў – у прынцыпе ў Беларусі магчымая лібэралізацыя. Якія аргумэнты “за”? “
Галоўны аргумэнт -- тое, што Беларусь вымушаная ці ісьці да Расеі, ці рабіць нейкія эканамічныя рэформы
Лукашук: “А якія аргумэнты супраць магчымасьці лібэралізацыі эканомікі ў бліжэйшы час?”
Максімюк: “Асноўны аргумэнт супраць такой шырокай лібэралізацыі — гэта несупадзеньне сьветапоглядаў і спадзяваньняў абодвух бакоў. Заходнія інвэстары слаба ведаюць беларускую палітычна-эканамічную рэальнасьць і ўжо на самім пачатку, на этапе перамоваў аб інвэстыцыях могуць сутыкнуцца зь непераадольнымі цяжкасьцямі. У першую чаргу — з завышанымі спадзяваньнямі беларускага ўраду наконт сацыяльных гарантый з боку інвэстараў для працаўнікоў у працэсе прыватызацыі. Калі прыгадаць прыватызацыю, якая праводзілася ў Польшчы ў пачатку 1990-х, дык пратэсты працаўнікоў супроць рэструктурызацыі і звальненьняў пачаліся амаль адразу. Урад, што зразумела, будзе імкнуцца запэўніць як найбольшыя сацыяльныя гарантыі для наёмных работнікаў прыватызаваных прадпрыемстваў. І ў мяне ўзьнікаюць сумненьні, ці заходняму інвэстару будзе пад сілу ўтрымаць цяперашні аб’ём рабочай сілы на некаторых гігантах беларускай прамысловасьці, асабліва калі прыйдуць новыя тэхналёгіі, якія аб’ектыўна абмяжуюць патрэбу ў рабочай сіле”.
Лукашук: “Танга патрабуе дваіх. На выніковай прэс-канфэрэнцыі прэм’ер-міністар Сяргей Сідорскі заявіў: вынікі інвэстыцыйнага форуму перавысілі нават аптымістычныя спадзяваньні арганізатараў. Разьлічвалі на дзьве сотні зацікаўленых удзельнікаў, а квіткоў на мерапрыемства было прададзена ў паўтара разы болей. Былы міністар зьнешнеэканамічных сувязяў Міхаіл Марыніч лічыць што нават вярнуць 300 000 фунтаў не ўдасца. Ваш прагноз – кія будуць рэальныя вынікі лонданскага форуму? Ці прыйдуць інвэстары?”
трэба альбо паніжаць цэны прадуктаў, або менш іх вырабляць. І адно, і другое, не спрыяе інвэстыцыям
Але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве гэта, безумоўна, дасьць свой плён. Вось польскі бізнэсмэн Ян Кульчык выказаў зацікаўленасьць у пабудове вугальнай электрастанцыі ў Беларусі. Польшча мае праблемы са збытам свайго вугля, таму найбагацейшы паляк мяркуе , што такая інвэстыцыя будзе на карысьць абодвум дзяржавам, а значыць, ёй наканавана добрая палітычна-эканамічная пэрспэктыва. Гэта сыгнал таго, што калі Беларусь пачне больш інтэгравацца эканамічна з Эўропай, перад ёю могуць адчыніцца новыя і непрадбачаныя магчымасьці.
Шкада толькі, што беларускі ўрад чакаў так доўга з прыватызацыяй. Два ці тры гады таму можна было ўзяць добрую цану за шмат якія беларускія прадпрыемствы. Баюся, што сёньня тая цана ўпала ў два або і болей разоў”.
Лукашук: “Мы папрасілі нашых чытачоў даць параду брытанцам – куды укладаць фунты?
“Мая думка -- у людзей. Трэба і варта укладаць грошы ў тое, што ўлада не забяры і не перадзеліць. А гэта -- адукацыя і падрыхтоўка пэрсаналу для сэрвісных кампаній”.
“Перапрацоўка нафты, транзыт газу. Iнвэстыцыі ў гэтыя галіны парушаць манаполію расейцаў. Нам такія інвэстыцыі выгадней, за будаўніцтва ангельскага пабу ў Верхнім горадзe”.
“Ня прыйдуць яны сюды: (Але я набыў бы пару банкаў. Хоць бы тыя, якія абслугоўваюць разьлікі па энэрганосьбітах і дзе ляжаць грошы Беларускай калійнай кампаніі”.
“Я галасую за інвэстыцыі ў афшорнае праграмаваньне”.
“У брытанцаў вялікі досьвед у жывёлагадоўлі. Можна браць у нас ў арэнду зямлю і займацца гэтым бізнесам.Заадное і нашыя кіраўнікі розных СПК бралі б прыклад гаспадарання.А то траціна бюджэта ў сельскую гаспадарку штогод напэўна толькі ў нас закопваецца”.
Ну а я нагадаю брытанскую сельскагаспадарчую прымаўку: Можна падвесьці каня да вады, але нельга прымусіць яго піць...
Расейка-грузінскі канфлікт, Эўропа і Амэрыка: хто каму здрадзіў?
Your browser doesn’t support HTML5
Лукашук: “Сто дзён пасьля расейска-грузінскай вайны – у студыі наша калега з Грузінскай службы РРС Манана Кузьма.
Манана, мінула сто дзён пасьля пяцідзённай вайны, у выніку якой больш за 160 тысяч чалавек сталі бежанцамі, разбураны жытло, не сабраны ураджай. Як зараз праз тры месяцы жывуць людзі ў зоне канфлікту? “
Кузьма: “Пакуль няма сьнегу, але пахаладала. Наш карэспандэнт у Горы сказаў, што ідзе дождж. Канешне, ад жнівеньскіх падзеяў больш пацярпелі тыя, хто вымушаны быў пакінулі свае дамы. Каля 30 тысячаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы ў Паўднёвай Асэтыі. Іх умовы -- ня самыя лепшыя, яны залежаць ад гуманітарнай дапамогі”.
Максімюк: “На гэтым тыдні у Жэнэве адбыліся перамовы паміж грузінскай і расейскай дэлегацыямі з удзелам прадстаўнікоў ААН, Эўразьвязу і Амэрыкі. Пасланец ААН Ёган Вэрюэке назваў вынікі велізарным скачком наперад, бо яны гаварылі і слухалі адзін аднаго. Што галоўнае для Грузіі на гэтых перамовах?”
Лукашук: “На гэтым тыдні сусьветная арганізацыя абароны правоў чалавека, Amnesty International апублікавала даклад, зь якога вынікае, што абодва бакі, расейскі і грузінскі, дапусьцілі шматлікія парушэньні гэтых правоў у канфлікце ў жніўні. Amnesty International заклікае абодва бакі дазволіць незалежнае дасьледаваньне парушэньня правоў чалавека ў часе вайны. Якая рэакцыя ў Грузіі?”
Кузьма: “Для Грузіі самае важнае -- што, насамрэч, адбыўся кантакт. І што бакі дамовіліся, што галоўнай тэмай перамоў у Жэнэве 17 сьнежня будзе пытаньні бясьпекі і ўцекачоў. Гэта галоўныя пытаньні для Грузіі. Ну і -- допуск назіральнікаў ЭЗ на тэрыторыю сэпаратысцкіх рэгіёнаў”.
Лукашук: “Як у Грузіі успрынялі, што Беларусь не прызнала незалежнасьць Абхазіі Асэтыі і Паўдзённай Абхазіі?”
Кузьма: “Рэакцыя была і пазытыўная, і нечаканая. Але для Грузіі важна, што ніхто не прызнаў, акрамя Расеі і Нікарагуа”.
Максімюк: “Хто пачаў вайну? Паводле Крамля, цяпер нават Захад лічыць Грузію агрэсарам у тым канфлікце. Нагадаем, што ў гэтым месяцы „New York Times” i BBC паставілі пад сумнеў тэзіс Тбілісі, што гэта якраз Расея справакавала канфлікт. Ці гатовая Грузія да правядзеньня такога незалежнага дасьледаваньня наконт прычыны вайны, і ці Тбілісі мае моцныя доказы, каб падтрымаць сваю вэрсію падзей?”
Саакашвілі зьвяртае ўвагу, што Расея акупавала частку незалежнай дзяржавы”.
Лукашук: “Эўразьвяз пастанавіў аднавіць перамовы з Расеяй, якія былі замарожаныя пасьля вайны. І хаця Брусэль кажа што гэта не патураньне Маскве і не вяртаньне да бізнэс як заўсёды але – бізнэс. Грузіны адчуваюць, што Эўропа ім здрадзіла?”
Кузьма: “Так, нейкае пачуцьцё расчараваньня ёсьць . З другога боку , шмат хто разумее, што трэба да пытаньня падысьці прагматычна, што дыялёг павінен працягвацца, што з Расеяй трэба размаўляць. Але калі Сарказі заявіў, што быццам Расея выканала ўсе свае абавязаньні -- было расчараваньне. Праўда, потым Сарказі прызнаў, што яшчэ Расея павінна пэўныя абавязаньні выканаць”.
Максімюк: “Амэрыка –Буш і кандыдат Маккeйн безагаворачна падтрымлівалі Саакашвілі. Як складуцца адносіны Грузіі з Вашынгтонам Барака Абамы?”
Кузьма: “Грузінскі ўрад быў "за" Маккейна на выбарах, але абраны прэзыдэнтам Абама таксама падтрымлівае цэласнасьць Грузіі. Будучы віцэ-прэзыдэнт Байдан ведае Грузію і разьбіраецца ў канфлікце, так што Грузія спадзяецца, што Вашынгтон яе не забудзе”.
Лукашук: “Перамовы у Жэнэве павінны аднавіцца праз месяц, 17 сьнежня. Намесьнік міністра замежных справаў Абхазіі, якую прызнала Расея, Максім Грынджа, заявіў, што калі перамовы будуць канструктыўнымі, дык выніку варта чакаць праз шмат гадоў. Тым часам Грузіі зьвярнулася ў міжнародны алімпійскі камітэт з просьбай пранесьці Алімпійскія гульні 2014 года з Сочы. Аляксандр Лукашэнка пакуль не прызнаў незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Паміж Беларусьсю і Грузіі захоўваецца бязьвізавы рэжым. Яя сьведчыць гісторыя, каўказкі вузел шмат разоў спрабавалі разрубіць, і нягледзячы на ўсю імпэрскую моц -- і безвынікова -- яго можна толькі разьвязаць”.
Пункціры – галоўныя падзеі мінулага тыдня вачыма журналістаў і слухчоў Свабоды
Your browser doesn’t support HTML5
Лукашук: “Якія падзі мінулага тыдня прыцягнулі ўвагу вядучых “жывога эфіру” Свабоды – на Гэтым тыдні у студыі вялі праграму Алена Ціхановіч і Юрась Бушлякоў. Алена, якія падзеі прыцягнулі вашу увагу?”
Ціхановіч: “Я б адзначыла тры падзеі. Былы кіраўнік клімавіцкага суду Ігар Цішкін папрасіў прытулку ў Польшчы. Іван Шэга са Слоніму з подпісамі выбарнікаў спрабаваў даказаць у судзе, што выбары былі сфальшаваныя, - ну і трэцяя – тое, што хуліганы, якія зьбілі мастака Алеся Пушкіна, пакаяліся ў царкве”.
Лукашук: “Юрась, ваша тройка?”
Бушлякоў: “Я б назваў у ліку трох тэмаў сьмерць Алега Лойкі – страту маштабнай постаці ў беларускай гуманітарнай навуцы і беларускай літаратурнай прасторы. Страта чалавека, які выгадаваў сотні беларускіх інтэлігентаў. Далей, другая тэма – лёс абвінавачаных у карупцыі – мінулага тыдня зноў-такі Лукашэнка выступіў на антыкарупцыйнай нарадзе, дзе пералічыў шэраг асобаў, якія, паводле яго, за карупцыю маюць быць звольненыя. І на гэтым тыдні за лёсам меркаваных карупцыянэраў сачылі... І, нарэшце, гісторыя зьбітага хуліганамі мастака Алеся Пушкіна – сваім крыўднікам замест пакараньня за крымінальнае злачынства Пушкін прызначыў пакаяньне ў царкве. Такі жэст выклікаў актыўную рэакцыю нашых слухачоў і чытачоў...”
Лукашук: “Алена, вы назвалі уцёкі судзьдзі Цішкіна ў Польшчу і суд у Слоніме...”
Судзьдзя Цішкін спэцыяльна падкрэсьлівае, што у вымушаную эміграцыю яго выгналі не мукі сумленьня, ня тое, што ён надалей не мог судзіць дэмакратычных актывістаў і прэсу насуперак сваім перакананьням і закону
Лукашук: “Юрась, Вы згадалі карупцыю – выступ Лукашэнкі адбыўся у мінулую пятніцу, чаму вы выбралі гэтую падзею?
Бушлякоў: “13 лістапада Лукашэнка назваў шэраг высокіх службовых асобаў, якія нібыта прычыніліся да карупцыі. З сваіх пасадаў, аднак, былі звольненыя толькі два пракуроры: намесьнік генэральнага Купрыянаў і пракурор Менскай вобласьці Сьнягір. Вінавачаныя на мінулым тыдні Лукашэнкам намесьнікі міністра ўнутраных справаў, судзьдзі суду Цэнтральнага раёну Менску, галоўны доктар шпіталю Міністэрства ўнутраных справаў, некаторыя іншыя чыноўнікі на гэтым тыдні заставаліся на сваіх пасадах.
Ну а тыя, хто сочыць за Лукашэнкавымі хадамі, чакалі, калі будзе працяг гэтай карупцыйнай гісторыі, чакалі новых падрабязнасьцяў немаральных учынкаў высокіх урадоўцаў ці тых надзейных, сыстэмных судзьдзяў. Падрабязнасьцяў няма. Пара выйшла. Названыя Лукашэнкам судзьдзі Ільіна, Паўлючук і Есьман працягваюць рабіць сваё. Стала вядома, што менавіта Валеры Есьман судзіць апошняга фігуранта справы 14-ці Аляксандра Баразенку – той самы Есьман, які ці мала палітычных справаў разгледзеў і ніводнага разу ня схібіў.
13 лістапада адбылася публічная разавая акцыя, карупцыі быў дадзены слоўны бой
Выглядае, на гэтым тыдні эксплюатацыя карупцыйнай тэмы беларускаму рэжыму была зусім не патрэбная – на фоне лёнданскага Беларускага інвэстыцыйнага форуму. Іншымі словамі, 13 лістапада адбылася публічная разавая акцыя, карупцыі быў дадзены слоўны бой. Цяпер названыя і не пакараныя нібыта карупцыянэры працуюць далей, а там пабачым. Рэжым пабачыць па сытуацыі. Ударыць, скажам, мацней фінансавы крызыс – знойдуць новых карупцыянэраў, і нат з пасадаў іх паздымаюць, і нат, можа, у турму пасадзяць”...
Лукашук: “Алена, вы таксама згадалі пазоў былога кандыдата ў дэпутаты парлямэнту Івана Шэгі да старшыні і сакратара участковай выбарчай камісіі. У Беларусі такі працэс адбываецца не ўпершыню – Сяржук Салаш спрабаваў. У чым тут адметнасьць?»
Ціхановіч: “У Івана Шэгі былі падазрэньні, што на адным з участкаў за яго прагаласавала болей, чым было абвешчана . Разам з сябрамі ініцыятыўнай групы ён абышоў выбарнікаў і больш як 60 чалавек засьведчылі, што аддалі голас за яго. ну а ў пратаколе стаяла - 21 чалавек. гэта значыць -- не дробная памылка, а адхіленьне ад праўды больш як у тры разы”.
Лукашук: “Вольга Абрамава, якая адзіная галасавала супраць адмены ільготаў, якая дамаглася зьніжкі для пэнсіянэраў на праезд у дачны пэрыяд і шмат яшчэ чым дапамагла сваім выбарнікам, раптам не прайшла ў новы парлямэнт. Абураныя людзі тады стварылі стыхійны камітэт і таксама выказвалі сваё жаданьне пісьмова сьведчыць у судзе пра свой выбар, каб галасы былі пералічаныя справядліва...»
Ціхановіч: “Але тым ня менш Вольга Абрамава сама спыніла гэтую ініцыятыву, і заявіла, што будзе дапамагаць выбарнікам на грамадзкіх пачатках. Іван Шэга пайшоў далей. У яго ў руках 60 подпісаў. Для Слоніма, які далёка ня Менск, гэта вялікае дасягненьне. Гэта азначае, што ўся грубая інсцэнацыя выбараў відавочная ня толькі палітычным элітам, але яе ўспрымае як ўласную крыўду кожны какрэтны выбарнік. Калі нас глядзяць людзі са Слоніма, то жадаем ім дамагчыся праўды - бо працэс па заяве Іана Шэгі працягнецца ў сьнежні”.
Лукашук: «Цяпер пра пакаяньне хуліганаў у вясковай царкве у Бабры. 5 хлопцаў, сярод іх і навучэнец школы міліцыі 15 лістапада напалі на мастака Алеся Пушкіна, які жыве ў Бабры, і на яго госьця і цяжка іх збілі. Прычынай стала тое, што гэтыя два творцы гаварылі паміж сабой па-беларуску. Я прыгадваю , што ў 60-ыя гады паэт Ігар Хадановіч, які адказаў мінакам у Менску па-беларуску, быў так зьбіты, што не выжыў. Алена, ці можна ацэньваць гэта як прагрэс?”
прагрэс тут толькі ў высокай маральнай пазыцыі Алеся Пушкіна, які папрасіў міліцыю не заводзіць супраць хуліганаў крымінальнай справы, калі яны пакаюцца ў царкве
Лукашук: “Юрась, Вы прыгадалі сьмерць Алега Лойкі...”
Бушлякоў: “Алег Лойка быў носьбітам той нашай цывілізацыі, таго беларускага культурнага поля, да якога хочацца мець дачыненьне, да якога хочацца дацягнуцца, дарасьці. Чалавек высокай культуры, носьбіт шырачэзных ведаў, імправізатар, паэт, у тым ліку й падчас лекцыі...
Я слухаў на філфаку БДУ чытаны ім курс беларусазнаўства. І гэты курс, тыя лекцыі памятаюцца як мала якія. Бо арыгінальна, бо маляўніча, бо не з пажоўклага канспэкту, а з галавы, якая цьвіце думкамі, вобразамі, парываньнямі: тут вам і пра эўрапейскую забудову нашых сярэднявечных месцаў, і пра краскі ў беларускім полі, і пра жарты Ўладзімера Караткевіча...
За сваю жыцьцё ён выдаў 100 кніжак. Гэта беспрэцэдэнтна. Ці хто зраўнаецца зь ім такой колькасьцю кніг, дый самых-самых розных. Паэзія – свая і перакладная. Поля Вэрлена можна сьмела адкрываць па-беларуску – парупіўся Лойка. Польскую паэзію XX стагодзьдзя – усю яе палітру – можна ўспрыняць па-беларуску дзякуючы Лойку – у Лойкаву анталёгію польскай паэзіі “Напярэймы: ад Бугу да Варты” ўвайшлі творы 180 паэтаў – хто ў нас яшчэ на такое маштабнае перастварэньне паэтычнага кантынэнту здатны? Дзьве вялікія постаці ўвекавечыў Алег Лойка ў сваіх раманах-эсэ: напісаў пра Скарыну і Купалу. Лойка – гісторык літаратуры і яе актыўны інтэрпрэтатар. За цэлы інстытут расьпісаў ён беларускую літаратуру да 1917 году – вялікі пласт, які адэкватна паўстае кожнаму, хто возьме тыя два добра вядомыя беларусістам тамы...
калі я дазнаўся пра сьмерць Алега Лойкі, я згадаў тую размову, згадаў лекцыі і злавіў сябе на думцы, што хацеў бы зноў пасядзець у Лойкі на лекцыях беларусазнаўства...
Ён адолеў страх. Я запомніў яго вельмі сардэчным, чулым, мудрым чалавекам. У 1991-м мы з калегамі, першакурсьнікі, надумалі вучыць усіх ахвотных беларускай мовы. Вучыць на грамадзкіх пачатках, бясплатна. Далі ў газэты абвесткі, прыйшлі людзі, а мы не парупіліся ўзгадніць пытаньне аўдыторыі на філфаку з кіраўніцтвам факультэту. Проста прыходзілі з тымі ахвотнымі вучыць мову людзьмі ўвечары на філфак, той яшчэ стары на Чырвонаармейскай, дзе цяпер гісторыкі, і займаліся ў першай-лепшай вольнай аўдыторыі. Але вахцёрка неяк заўважыла і ўзьняла шум. Тагачасны намесьнік дэкана моцна абураўся і выгаворваў мне: “Глядзі, што надумаліся. У нас тут дактары, прафэсары. Ніхто не даўмеўся, а вы, не папытаўшыся...” Лойка на той час ужо быў дэканам. І пайшоў я да Лойкі, і адчуў з размовы, што яму прыемна за нас, што ён рады з нашай ініцыятывы, што ён з намі і за новую Беларусь...
Учора, калі я дазнаўся пра сьмерць Алега Лойкі, я згадаў тую размову, згадаў лекцыі і злавіў сябе на думцы, што хацеў бы зноў пасядзець у Лойкі на лекцыях беларусазнаўства...”.